19 студзеня — Дзень выратавальніка

З пункту погляду значнасці ў грамадстве, прафесія супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях — выратавальнікі-пажарныя — сведчыць сама за сябе. На шчасце, глабальныя катастрофы, маштабныя надзвычайныя сітуацыі здараюцца не кожны дзень, аднак дапамога выратавальнікаў можа спатрэбіцца нам і ў звычайных бытавых сітуацыях, напрыклад, калі патрэбна выратаваць рыбака, які праваліўся пад лёд, альбо дастаць шчаня, выпадкова трапіўшага ў калодзеж, ці аказаць дапамогу ахварям дарожна-транспартнага здарэння і інш.
На здымку: Віншаванні і пажаданні з нагоды прафесійнага свята разам з астатнімі супрацоўнікамі РАНС будзе прымаць і трэці каравул: пажарны Максім Афанасенка (на здымку — першы злева), вадзіцель Андрэй Масюковіч, старшы пажарны Аляксандр Бараноўскі, дыспетчар цэнтра аператыўнага ўпраўлення Уладзімір Бусел, старшы пажарны Алег Якушаў, начальнік каравула Уладзімір Сакач, камандзіры аддзялення Сяргей Хралянкоў і Андрэй Гавядзін.

Работа ў складаных умовах з павышанай небяспекай патрабуе ад выратавальнікаў валодання рознабаковымі якасцямі і навыкамі. Якімі? Аб гэтым разважае начальнік трэцяга каравула РАНС Уладзімір Сакач, прызванне і лёс якога на працягу ўжо 17-ці год звязаны са справай выратавання:
— Работа выратавальнікаў-пажарных патрабуе вынослівасці, кемлівасці, хуткай рэакцыі і практычна поўнай адсутнасці страху ў моманты ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі, барацьбы з вогненным ворагам. Аднак гэтага недастаткова: выратавальнікамі ідуць працаваць людзі з добрым і смелым сэрцам, неабыякавыя да бяды і болю іншых. Гэта велікадушныя людзі, бо не задумваючыся яны гатовы ахвяраваць сабой, дзеля іншых, прычым бескарысліва. Выратавальнік — гэта не работа, а стан душы, прызванне, лёс.
Камандзір аддзялення Сяргей Хралянкоў дадае:
— Ніхто не можа прымусіць чалавека рызыкаваць сабой дзеля іншых, калі ў яго самога няма адпаведнай глыбокай унутранай упэўненасці ў патрэбнасці гэтай справы. Наша прафесія — не з лёгкіх, як сапёр можа памыліцца толькі адзін раз, так і мы не маем права дапусціць сітуацыі, у якой дапамога спатрэбіцца не толькі ахвярам надзвычайнай сітуацыі, але яшчэ і нам. Упэўненасць у высакароднасці, значнасці і неабходнасці грамадству прафесіі выратавальніка надае сіл ус праве выратавання тых, хто трапіў у надзвычайную сітуацыю.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.