АПК: падрыхтоўка кадраў

На базе Жыліцкага сельгаскаледжа напрыканцы мінулага года прайшла канферэнцыя сельскагаспадарчай асацыяцыі “Аграрная адукацыя, навука і вытворчасць”. Яе ўдзельнікі, у тым ліку кіраўнікі і спецыялісты Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і ўстаноў адукацыі, якія забяспечваюць набыццё адукацыі сельскагаспадарчага профілю, падвялі вынікі работы за мінулы год, абмеркавалі ўмовы правядзення сёлетняй уступнай кампаніі, прафарыентацыйнай работы сярод моладзі і іншыя пытанні.
На здымку: Рэктар Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Аляксандр Курдэка і дырэктар Жыліцкага сельгаскаледжа Уладзімір Белы.

Сельскагаспадарчая асацыяцыя “Аграрная адукацыя, навука і вытворчасць” створана, згодна Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі, і з’яўляецца добраахвотным аб’яднаннем устаноў адукацыі, навукова-вытворчых арганізацый і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Жыліцкі сельгаскаледж уваходзіць у састаў асацыяцыі і разам з астатнімі яе членамі працуе над выкананнем агульнай мэты — стварэннем аптымальных умоў па забеспячэнні ўзаемадзеяння розных адукацыйных структур і арганізацый для павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў аграрнага профілю.
Удзельнікаў канферэнцыі вітала намеснік старшыні Кіраўскага райвыканкама Вольга Гаршкова. Яна расказала аб леташніх дасягненнях нашага раёна ў розных сферах жыццядзейнасці, далей быў паказаны відэафільм на гэтую тэму.
Падчас канферэнцыі, якая праходзіла пад кіраўніцтвам старшыні асацыяцыі — рэктара Беларускай сельгасакадэміі, доктара ветэрынарных навук, прафесара Аляксандра Курдэкі, было вырашана ўзмацніць практыка-арыентаваную работу ва ўстановах адукацыі, даваць будучым спецыялістам-аграрыям не толькі моцную тэарытычную падрыхтоўку, а, разам з тым, і шмат часу і сіл надаваць практычным заняткам. Для гэтага, безумоўна, трэба ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі. Аляксандр Курдэка адзначыў пры гэтым, што база Жыліцкага сельгаскаледжа заўсёды была на высокім узроўні, працягвае ўдасканальвацца і зараз. У гэтым удзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць упэўніцца на ўласныя вочы, наведаўшы вучэбныя аўдыторыі, кабінеты практычнага навучання. Мелі гутарку з выкладчыкамі і навучэнцамі сельгаскаледжа, абмяняліся вопытам работы.
Акрамя гэтага ўдзельнікі канферэнцыі азнаёміліся і ўзялі сабе на ўзбраенне вопыт Жыліцкага сельгаскаледжа па распрацоўцы і ўкараненні ў работу сістэмы менеджмента якасці.
Пасля грунтоўнай гутаркі, абмеркавання хвалюючых пытанняў на тэму падрыхтоўкі будучых спецыялістаў-аграрыяў удзельнікаў канферэнцыі запрасілі на канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамі Жыліцкага сельгаскаледжа.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.