Дае прыбытак “экстра”

Пачатак года для большасці з нас асацыіруецца з разнастайнымі святамі. А вось для работнікаў жывёлагадоўлі святы могуць выпадаць толькі, як гаворыцца, па графіку. Працэс вытворчасці прадукцыі ферм — бесперапынны, любое яго парушэнне прывядзе да спаду. А таму ўвесь вытворчы ланцуг павінен быць прадуманы і “адшліфаваны” — інакш пра прыбытак можна і не марыць…
Своеасаблівы экзамен для жывёлаводаў — зімова-стойлавы перыяд. З пачуццём высокай адказнасці ставяцца да работы жывёлаводы Капусцінскай малочна-таварнай фермы СВК “Калгас “Ніва”.
На здымку: Аператары Капусцінскай МТФ Людміла Шырокая і Марыя Еўдакімава.

Добрых слоў заслугоўвае работа аператараў па абслугоўванні дойнага статка. Ганна Белаглазава і Марыя Еўдакімава абслугоўваюць па 345 рагуль. Дапамагае ім падменная аператар Людміла Шырокая. Рабочаму графіку даяркі не пазайздросціш. Ранішняя дойка пачынаецца ў 6 гадзін раніцы, а дадому жывёлаводы трапляюць толькі апоўдні. Адпаведна ўвечары даіць пачынаюць у 18 гадзін і заканчваюць рабочы дзень бліжэй да апоўначы. Але работу сваю мясцовыя жывёлаводы, як самі адзначылі, любяць. Задаволены створанымі на ферме ўмовамі працы, а таксама заработнай платай, што немалаважна. Суму называць не будзем, але, няхай чытач паверыць, яна — высокая…
На момант нашага прыезду на Капусцінскую малочна-таварную ферму тут ужо закончылася ранішняя дойка. Жывёла адпачывала, а работнік тым часам ва ўсіх памяшканнях навялі парадак, вымылі абсталяванне.
Загадчыцу фермы Галіну Валькевіч мы сустрэлі ў рабочым кабінеце. Цікавімся, наколькі наладжаны рабочы працэс забяспечвае прадуктыўнасць статка.
— Ферма наша, — распавядае Галіна Цітаўна, — бадай, самая “маладая” ў раёне. У кастрычніку мінулага года споўнілася толькі два гады, як аб’ект быў уведзены ў строй. Паступова атрымліваем станоўчую аддачу ад укладзеных сродкаў. Сучаснае абсталяванне, метады абслугоўвання, утрымання жывёлы, умовы працы работнікаў дазваляюць зараз усё атрыманае малако пастаўляць дзяржаве класам “экстра”. Для знаўцаў жывёлагадоўлі не трэба тлумачыць, што гэта — істотны дадатковы прыбытак для сельгаспрадпрыемства. За мінулы месяц, напрыклад, ферма “зарабіла” каля аднаго мільярда рублёў…
Аб’ект укамплектаваны жывёлай пад поўную магутнасць. Ад 690 наяўных галоў дойнага статка за мінулы год было атрымана 2743 т малака, што больш, чым у папярэднім годзе, на 424 т. Па 4 тоны дала за год у сярэднім кожная рагуля. Павялічылася і колькасць рэалізуемага малака. Летась яго было пастаўлена на перапрацоўчае прадпрыемства 2459 т — на 354 т больш, чым у 2010 годзе.
Наладжаны і адпрацаваны на ферме працэс кармлення, які, як вядома, з’яўляецца адным з рашаючых фактараў малочнай прыбаўкі. З сямі гадзін раніцы пачынаецца раздача сакавітых кармоў — сіласу і сенажу. У дадатак — канцэнтраты: навацельным каровам — па 500 грамаў на надоены літр, астатнім — па 400. У рацыёне таксама кармавыя буракі. Істотна на павелічэнне надояў уплывюць рапсавая макуха і піўная драбіна, якія дадаюцца ў корм. Адказныя за працэс кармлення — мясцовыя даглядчыкі Аляксандр Маёраў і Юрый Фралоў, якія, па словах кіраўніцтва, сумленна ставяцца да сваіх абавязкаў.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.