Дзе шанцуе, а дзе — не…

Два цікавыя матчы правялі футбалісты каманды “Кіраўск-Белшына”ў апошніх турах першага круга міні-футбольнага чэмпіянату краіны ў вышэйшай лізе, паказаўшы іскрамётную, багатую на галы гульню.
На пляцоўцы ў спартыўнай зале “Геліяс” г.Бабруйска дэбютанты вышэйшай лігі ўсухую разграмілі тытулаваную каманду Беларусі — мінскі “Дарожнік”, якая 6 разоў станавілася чэмпіёнам краіны — 5:0! У першым тайме двойчы вызначыўся Аляксей Іўчанка і адзін мяч на свой рахунак запісаў Дзмітрый Стральцоў. Пасля перапынку замацавалі поспех гаспадароў Валерый Салавянчык і Аляксандр Мацвееў. Выдатна правёў матч наш галкіпер Сяргей Крамень, які “выцягнуў” усе мячы, адрасаваныя ў яго вароты.
Даволі нечакана перад апошнім турам першай паловы чэмпіянату на чацвёртае месца сталі прэтэндаваць адразу чатыры каманды, у тым ліку і “Кіраўск-Белшына”. І так магло стацца, выйграй наша каманда ў гасцях у “Барысава-900”. Да гэтага яна была вельмі блізкая, аднак фартуна ў гэты раз ад нашай каманды адвярнулася. Да 15-й мінуты матча кіраўчане вялі 3:1, дзякуючы дакладным ударам Валерыя Салавянчыка, Аляксея Іўчанкі і Вадзіма Бокача. Аднак гаспадары змаглі аднавіць раўнавагу. На перапынак каманды пайшлі пры ліку 4:4 — у кіраўчан зноў вызначыўся Аляксей Іўчанка. А вось пасля перапынку, як ні стараліся госці, мяч ніяк не трапляў у вароты барысаўчан. Тыя ж, у сваю чаргу, вызначыліся двойчы. І толькі напрыканцы сустрэчы Іўчанка скараціў лік да мінімуму. Крыўднае паражэнне 5:6.
Тым не менш, можна лічыць, што першы круг дэбютанты правялі больш, чым удала, заняўшы высокае пятае месца. А Аляксей Іўчанка з 24-ма галамі ўпэўнена лідзіруе сярод бамбардзіраў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.