Год кліматычных капрызаў

Прапануем вашай увазе традыцыйную справаздачу аб метэаралагічных назіраннях, якія краязнаўца Валерый БЯЛЯЕЎ штогод праводзіць у наваколлі а/г Мышкавічы:
—Мінулы год, як між іншым і шэраг папярэдніх, быў багаты на кантрасты надвор’я. Халодны люты з сярэдняй тэмпературай за месяц -7,6 градуса і анамальна цёплы снежань з сярэдняй тэмпературай +1,5 градуса пры норме -4 градуса. У выніку снежаньскія цыклоны наблізілі нас да кліматычных умоў Прыбалтыкі. Рэкорд жа станоўчых зімовых тэмператур паставіла 27 снежня, калі слупок тэрмометра падняўся да адзнакі +10 градусаў!
Снежны покрыў трымаўся 85 дзён, пры сярэднекліматычнай норме 110 дзён, і яго максімальная таўшчыня дасягнула 30 см (2 студзеня).
Мінулы год паставіў некалькі своеасаблівых рэкордаў. Так, самы халодны дзень выдаўся 17 лютага — мінус 21 градусаў. Самым пахмурным месяцам можна лічыць студзень: зафіксавана 22 дні з густой воблачнасцю. А вось найбольшая колькасць сонечных дзён была ў сакавіку — 12.
Вясной надвор’е знаходзілася ў межах сярэднекліматычнай нормы. У пачатку лета “атакавала” нас машкара, якая была актыўнай на працягу 27 дзён.
Пачынаючы з 26 мая і на працягу 17 дзён не было дажджоў. Гэтая акалічнасць нават дала падставы занепакоіцца, ці не паўторыцца засуха папярэдняга года. Але цыклоны, асабліва паўднёвыя, “успомнілі” пра Беларусь і найбольш часта наведвалі раён у ліпені, прыносячы ліўні, навальніцы і шквалісты вецер. Усяго ж на працягу ліпеня адзначана 14 дажджлівых дзён. Нягледзячы на гэта сярэдняя тэмпература летніх месяцаў была ў мінулым годзе вышэй сярэднекліматычнай нормы на 1 — 2 градуса.
Толькі вопытныя агароднікі змаглі атрымаць ураджай таматаў, дынь, гарбузоў, затое іншая агародніна, караняплоды, збожжавыя культуры ўрадзілі на славу.
Сярэдняя тэмпература ліпеня склала +20,8 градуса пры норме +18 градусаў. Па кліматычных характарыстыках гэта ўжо бліжэй да поўначы Украіны.
Абсалютны тэмпературны максімум лета склаў +31 градуса і быў адзначаны 15 ліпеня.
Усяго ж на працягу года адзначана 197 дзён з тэмпературай паветра вышэй +5 градусаў, 154 — з тэмпературай вышэй + 10 градусаў і 14 дзён — з тэмпературай вышэй 15 градусаў. На працягу года было 46 ясных бязвоблачных дзён, 96 — пахмурных, 223 — з пераменнай воблачнасцю і 99 дзён — з ападкамі.
Восенню цыклоны ўзялі тайм-аўт, і надвор’е было сухім і цёплым, што, аднак, зусім не садзейнічала ўраджаю грыбоў.
Змякчаючы ўплыў Атлантыкі стаў прычынай надзвычай цёплых лістапада і снежня. І зялёная траўка радавала нас ледзь не да Новага года. Урэшце атрымалася, як ў вершаваных радках класіка “Зимы ждала, ждала природа, снег выпал только…”. У нашым выпадку — у снежні, ды і той растаў вельмі хутка…
Сярэднегадавая тэмпература мінулага года склала +7,8 градуса пры сярэднестатыстычнай норме 5,8 градуса.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.