Крыніца духоўнасці і эстэтычнага задавальнення

У сённяшнім нумары аб значэнні кнігі ў жыцці чалавека, аб тым, якія мерапрыемствы будуць праводзіцца ў раёне ў Год кнігі, расказвае дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы раёна Валянціна ІВАНІЦКАЯ:
— Дэні Дзідро сказаў, што калі людзі перастаюць чытаць, яны перастаюць мысліць.
Толькі чытанне кніг дапамагае навучыцца крытычна і вобразна мысліць, правільна гаварыць, граматна будаваць сваю гаворку. Зараз усё пераходзіць на камп’ютарныя тэхналогіі, і кнігі, на жаль, адступаюць на задні план. Але ж чытанне электронных выданняў не дастаўляе такога эстэтычнага задавальнення, як чытанне традыцыйных кніг.
Спадзяюся, што Год кнігі паспрыяе далучэнню людзей да дзіўнага свету, які раскрываюць перад імі друкаваныя выданні. Толькі яны даюць адчуванне духоўнай асалоды, датыкнення да высокага і вечнага.
Кніжныя скарбы са старажытных часін захоўваюцца ў бібліятэках. Сёння дзякуючы аб’яднанню фондаў і інфармацыйна-даведачнага апарата выконваюцца галоўныя задачы бібліятэк — аператыўнае атрыманне чытачом літаратуры. Бібліятэка заўсёды будзе на крок наперадзе інтэрнэта па даставернасці інфармацыі, жывых зносін і арганізацыі культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў.
У Кіраўскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму ўваходзяць цэнтральная, дзіцячая і 22 сельскія бібліятэкі. Намі распрацаваны план мерапрыемстваў па арганізацыі правядзення Года кнігі, які паспяхова ажыццяўляецца.
У бібліятэках раёна аформлены і на працягу года будуць дапаўняцца і мяняцца тэматычныя выставы “2012 год — Год кнігі”, “Бібліятэкар рэкамендуе”, “Кнігачэй-2012” і іншыя. Мы распрацуем метадычныя рэкамендацыі, буклеты, рэкамендальныя спісы літаратуры, правядзем прэзентацыі.
Бібліятэкі прымуць удзел у абласной акцыі “Чытаем па-беларуску”, раённым аглядзе-конкурсе “Песняры беларускага слова. Творчая індывідуальнасць бібліятэк у прапагандзе беларускай спадчыны Я.Купалы і Я.Коласа”. Пройдуць дні адчыненых дзвярэй “З кнігай прызначана сустрэча”, акцыі “Залаты ключык духоўнасці — класічная літаратура”, анкетаванне “У бібліятэцы я хацеў бы бачыць…”, экскурсіі. Будзем працягваць папулярызаваць родную мову, славутыя імёны і творы беларускіх пісьменнікаў.
Фарміраванню пазітыўных адносін да кнігі, далучэнню чытачоў розных узростаў да свету мастацкай літаратуры, выхаванню інтарэса да кнігі і асаблівасцей славеснага мастацтва дапамагае супрацоўніцтва нашай бібліятэкі з рознымі раённымі арганізацыямі.
Намі была распрацавана мэтавая праграма “Міласэрнасць і кніга. Бібліятэка без межаў” па абслугоўванні неабароненых слаёў насельніцтва. Гэтая праграма рэалізуецца сумесна з цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтрам сацыяльнай абароны насельніцтва, аддзяленнем дзённага знаходжання інвалідаў раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Думаецца, на працягу гэтага года будзе зроблена ўсё магчымае, каб павысіць ролю кнігі і чытання ў сучасным грамадстве, выхавання ў маладога пакалення любові да роднага слова.
Падрыхтавала
навуковы супрацоўнік цэнтральнай
бібліятэкі
Марына ЦВЯТКОВА.
Фотаэцюд
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.