Міліцыянеры знайшлі праваслаўную святыню

Супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў у ходзе аператыўнай адпрацоўкі тэрыторыі в.Новыя Дваранінавічы ў адным з безгаспадарных домаўладанняў знайшлі праваслаўную ікону “Вход Господень в Иерусалим”. Згодна надпісу на іконе, яна была адноўлена ў 1924 годзе жыхаром в.Барчыцы Зеновіем. Міліцыянеры вырашылі не пакідаць святыню без нагляду, а перадаць яе на захоўванне ў Кіраўскі Свята-Пакроўскі храм. З гэтай мэтай напярэдадні вялікага праваслаўнага свята — Ражства Хрыстова кіраўніцтва райаддзела ўнутраных спраў запрасіла да сябе настаяцеля гарадскога храма айца Дзіянісія Чарняева.
На здымку: Намеснік начальніка РАУС Мікалай Назарчук перадае ікону айцу Дзіянісію.

Свяшчэннаслужыцель падзякаваў супрацоўнікам праваахоўчых органаў за святы дарунак і расказаў аб гісторыі напісання іконы “Вход Господень в Иерусалим”.
За шэсць дзён да Вялікдня Іісус Хрыстос прыйшоў у Віфанію і адтуль накіраваўся праз гару Еліёнскую ў Іерусалім. За ім ішоў вялізны натоўп народу. Падышоўшы да Еліёнскай гары, Іісус адправіў дваіх вучняў прывесці да Яго з суседняй вёскі маладога асла, на якога ніхто з людзей ніколі не садзіўся. Жывёліну пакрылі адзеннямі, і Іісус сеў на яе. Цяпер увесь народ мог бачыць Настаўніка, які за дзень да гэтай падзеі ўваскрэсіў Лазара. Вучні і народ слалі на шляху Госпада сваё адзенне, кідалі на дарогу свежазрэзаныя пальмавыя галінкі і ўсклікалі: “Осанна Сыну Давидову! Благословен грядый во имя Господне! Осанна в вышних!”. Ішло мноства людзей з пальмавымі галінкамі, сустракаючы Госпада, як пераможцу. Горад радаваўся. І толькі фарысеі абураліся, бо народ крычаў Іісусу “Осанна”, што значыць “спасение с неба” — так сустракалі толькі ваеначальнікаў, якія перамаглі ворагаў падчас бітвы.
Уваходжанне Гасподне ў Іерусалім — адно з асноўных святаў праваслаўнай царквы, якое ў народзе больш вядома, як Вербная Нядзеля. У гэты дзень асвячаецца вярба, сімвалізуючая пальмавыя галінкі, якімі народ сустракаў Іісуса Хрыста.
На думку айца Дзіянісія, пад выявай на іконе, якую знайшлі міліцыянеры ў Новых Дваранінавічах, можа знаходзіцца яшчэ адзін слой фарбаў, а, значыць, яшчэ адна выява, магчыма, больш старажытная, чым 1924-га года. Аднак, так гэта ці не, пакажа час. А пакуль святыня будзе захоўвацца ў Кіраўскім Свята-Пакроўскім храме, і кожны жадаючы можа прыйсці, убачыць яе, пакланіцца, памаліцца.
Разам з іконай намеснік начальніка РАУС Мікалай Назарчук перадаў айцу Дзіянісію ахвяраванне для гарадской царквы, сабранае супрацоўнікамі райаддзела.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.