Навагодняе свята ў коле сяброў

Ва ўтульнай зале гарадскога кафэ “Церамок” у чарговы раз прайшло пасяджэнне раённага клуба маладых спецыялістаў. Прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў Кіраўшчыны сабраліся на навагоднюю сустрэчу.
Гаспадары клуба — начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Гіраеўскі і бухгалтар СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Алена Харамецкая прапанавалі маладым людзям паглядзець відэафільм аб дасягненнях Кіраўскага раёна ў розных галінах жыццядзейнасці за мінулы год. А пасля прагляду і абмеркавання кадраў відэастужкі прысутныя акунуліся ў атмасферу навагодняй урачыстасці. Як і ў дзяцінстве, маладыя людзі гукалі Дзеда Мароза. І ён прыйшоў ды не адзін а, як і належыць, са Снягуркай, падарункамі і жартоўнымі віктарынамі. Ролі галоўных персанажаў навагодніх святаў удала выканалі выкладчык замежных моў гімназіі г.Кіраўска Аляксандр Бяляўскі і другі сакратар райкама ГА “БРСМ” Вікторыя Літвінка.
Маладых людзей з зімовымі святамі павіншавала намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова:
— Жадаю вам, паважаныя, добрых кіраўнікоў, якія будуць рабіць усё магчымае, каб вы замацаваліся на сваіх цяперашніх рабочых месцах і пасля належных тэрмінаў адпрацоўкі засталіся шчыраваць на карысць Кіраўшчыны. Няхай белая паласа ў вашым жыцці будзе як мага больш шырокай. Жадаю ўсім узаемнага кахання: калі любіш, то нічога ў свеце не страшна!
Святочную атмасферу падчас пасяджэння дапамагалі ствараць работнікі раённага Дома культуры.
Яўгенія
КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.