«Навагодняя міля»: спартыўныя метры на карысць здароўя!

Традыцыйны лёгкаатлетычны прабег па вуліцах райцэнтра “Навагодняя міля”, які праводзіцца з 1996 года, стаў сапраўднай візітнай карткай, атрыбутам спартыўнага жыцця Кіраўшчыны. Галоўныя яе асаблівасці — прыцягненне да здаровага ладу жыцця людзей самых розных узростаў. Не ва ўсе гады, праўда, арганізатарам спаборніцтва ўдавалася дабіцца масавасці. Але сёлетняе спартыўнае мерапрыемства, якое праходзіла ў перадапошні дзень адыходзячага года, сабрала даволі вялікую колькасць удзельнікаў і балельшчыкаў.
На здымку: На здымку: пераможцы і прызёры «Навагодняй мілі-2012» разам з Дзедам Марозам і Снягуркай.

Да ўдзелу ў “Навагодняй мілі-2012”, арганізаванай аддзеламі фізічнай культуры, спорту і турызму, па справах моладзі райвыканкама, фізкультурна-спартыўным клубам раёна, райкамам ГА “БРСМ”, падалі заяўкі 73 аматары лёгкаатлетычных забегаў у сямі ўзроставых групах. Адметна, што сёлета акрамя жыхароў райцэнтра ў прабегу ўдзельнічала значная колькасць прыезжых прыхільнікаў здаровага ладу жыцця.
Традыцыі “мілі” не былі парушаны. Каля навагодняй ёлкі на плошчы горада ўсіх удзельнікаў прабегў віталі Дзед Мароз са Снягуркай, якія і далі старт спаборніцтвам. У змешаных узроставых групах лёгкаатлеты-аматары адправіліся па ўказаным маршруце на дыстанцыю, а на фінішы пераможцы і прызёры ў кожнай групе вызначаліся па лепшым часе прыбыцця.
Сярод самых маладых спартсменаў (14-15 гадоў) першыя месцы заваявалі Іван Раташ з СШ №1 і Таццяна Кейзік з Пацавай Слабады. Дзмітрый Волас, які прадстаўляў каманду СВК “Калгас “Беларусь”, і ліцэістка Ірына Северцава сталі лепшымі сярод 16-17-гадовых лёгкаатлетаў.
У наступнай узроставай катэгорыі — 18-29 гадоў першынствавалі прадстаўнікі Жыліцкага сельгаскаледжа Юрый Лаеўскі і Аліна Круглік. Яўген Пішчалін з каманды СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага і прадстаўніца дзіцячага садка №3 райцэнтра Алена Шалыгіна былі лідарамі ва ўзроставай групе 30-39 гадоў. Сярод 40-49-гадовых бегуноў пераможцам стаў рассветавец Андрэй Бяляўскі, жанчыны такіх узростаў для ўдзелу не заяўляліся. Узроставая група 50-54 гады: тут пераможцамі сталі Уладзімір Цішкоў з Жыліч і Кацярына Яскевіч, настаўніца з Пацава-Слабадской школы. Ва ўзроставай групе 55 гадоў і старэй ад жанчын заявак для ўдзелу не паступіла, а ў мужчын перамог яшчэ адзін жылічанін — Уладзімір Пракопчык. Дарэчы, каманда з Жыліч прыбыла на спаборніцтвы вельмі шматлікім саставам.
Пераможцы і прызёры ва ўсіх узроставых групах былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі і дыпломамі адпаведных ступеней, а таксама атрымалі пераднавагоднія віншаванні ад Дзеда Мароза і Снягуркі.
Як заўсёды, дапамогу ў правядзенні спаборніцтваў аказалі супрацоўнікі аддзялення дзяржаўтаінспекцыі РАУС і райбальніцы. Райспажыўтаварыства прадаставіла для ўсіх удзельнікаў прабегу гарачы чай з духмяным караваем, якімі яны частаваліся пасля фінішу.
Барацьба ва ўсіх забегах была заўзятая і сур’ёзная. Адзінае, бадай, чаго не хапала з атрыбутыкі “Навагодняй мілі”, — гэта снегу. Затое ўдзельнікам было больш зручна пераадольваць дыстанцыю. Практычна ўсе фінішавалі з усмешкамі на тварах, што само за сябе гаварыла: лёгкаатлеты атрымалі істотную порцыю адрэналіну і выдатны настрой. А гэта — галоўныя прызы…
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.