Стварайце дабрыню іншым на карысць!

Навагоднія святы — час цудаў, калі сэрца чакае здзяйснення самых запаветных мар, а душа імкнецца ствараць добрыя справы, калі хочацца дарыць падарункі, агортваць блізкіх і знаёмых увагай і клопатам, саграваць іх сваёй бязмежнай моцнай любоўю. У добрых спраў не бывае памераў: падарыць сваю шчырую ўсмешку чалавеку, які ідзе насустрач, альбо паднесці прыемны сюрпрыз не аднаму, а дзесяткам людзей, аказаць дапамогу тым, каму яна асабліва патрэбна, — кожная з гэтых спраў заслугоўвае ўвагі.
Падчас навагодніх святаў выкладчыкі і вучні Мышкавіцкай СШ вырашылі прыемна здзівіць і парадаваць жыхароў раёна і адначасова зрабіць так, каб да дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, таксама прыйшло свята з цудамі і падарункамі.
На сцэне раённага Дома культуры валанцёры грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа” “Алмаз” Мышкавіцкай сярэдняй школы і ўдзельнікі харэаграфічнага калектыву “Вера” Мышкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў пры падтрымцы калектыву РДК наладзілі навагодні дабрачынны вечар.
Дзеці і дарослыя гледачы, сярод якіх быў і старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, разам з удзельнікамі тэатралізаванага прадстаўлення “Казачны круіз” ажыццявілі падарожжа па дзесяці краінах свету. Пазнаёміліся з традыцыямі сустрэчы Новага года ў розных народаў, паглядзелі, якія танцы любяць у той ці іншай краіне, паслухалі песні, пажартавалі і, нарэшце, вярнуліся сустракаць Новы год на радзіму — у Беларусь: харэаграфічны калектыў “Вера” прадставіў сваю новую кампазіцыю — беларускі народны танец. Яго, дарэчы, як і ўсе іншыя танцы гэтага калектыву, гледачы адзначылі бурнымі апладысментамі.
Білет у падарожжа адразу па дзесяці краінах свету, прычым за паўтары гадзіны, каштаваў усяго 8 тысяч беларускіх рублёў. Сабраныя сродкі, а гэта каля 3-х мільёнаў рублёў, накіраваны на набыццё навагодніх і калядных падарункаў для дзяцей з сацыяльна няўдачных сем’яў. Такім чынам, кожны, хто завітаў на дабрачынны вечар, дапамог яго ініцыятарам, арганізатарам і ўдзельнікам падарыць дзятве сапраўднае свята, унесці свой, няхай невялікі па памерах, але ж буйны па значнасці ўклад у высакародную справу — дабрачыннасць.
Ну, а юным удзельнікам тэатралізаванага прадстаўлення, самадзейным артыстам у знак удзячнасці ад раённай улады былі паднесены салодкія сюрпрызы, прадастаўленыя райспажыўтаварыствам.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.