Ёсць стымул — будзе і вынік!

Згодна пастановы калегіі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама, у мэтах павышэння росту прадуктыўнасці жывёлы, продажу малака перапрацоўчым прадпрыемствам вобласці, з лістапада мінулага года ажыццяўляецца матэрыяльнае стымуляванне работнікаў малочнатаварных ферм пры ўмове росту рэалізацыі малака на 5 і больш працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года.
На здымку: Гасцей з «Бабушкиной крынки» прымаюць жывёлаводы фермы “Дубавое” РУП “Жылічы”.

Такія даплаты праводзяцца за кошт малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Акрамя таго, ААТ “Бабушкина крынка” праводзіць віншавальныя акцыі ў калектывах тых малочнатаварных ферм, якія дасягнулі найлепшых вынікаў.
У рамках такой акцыі напрыканцы мінулага года прадстаўнікі “Бабушкиной крынки” сумесна са спецыялістамі райсельгасхарчу і карэспандэнтамі газеты “Кіравец” наведалі працаўнікоў малочнатаварных ферм “Хамічы” СВК “Бераснёўскі”, “Дваранінавічы” СВК “Чырвоны баец”, “Дубавое” РУП “Жылічы”, калектывы якіх дасягнулі найбольшых тэмпаў росту рэалізацыі малака.
Для жывёлаводаў была арганізавана дэгустацыя прадукцыі “Бабушкиной крынки”. За кубкам чаю адбылося знаёмства сельгасвытворцаў з перапрацоўшчыкамі, гучалі віншаванні з Новым годам і працоўнымі дасягненнямі, пажаданні далейшых поспехаў. Не абышлося без казачных навагодніх персанажаў. Жывёлаводаў вітала Снягурка, у ролі якой выступіла інспектар дзяржхарчнагляду райсельгасхарчу Святлана Назарчук.
Гэтыя сустрэчы пакінулі ў іх ўдзельнікаў самыя добрыя ўражанні і, думаецца, стануць для жывёлаводаў дадатковым стымулам у працы.
Галіна
РУСЕЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.