15 лютага — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Сярод непасрэдных удзельнікаў афганскай вайны нямала ўраджэнцаў і жыхароў Кіраўшчыны. Зараз на тэрыторыі раёна пражывае 55 воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія праходзілі службу ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан. Гэтыя мужчыны жывуць побач з намі, многія з іх прымаюць удзел у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, шчыруюць на карысць раёна, а ў іх душах і сэрцах, не згасаючы, жывуць боль і горыч вайны, успаміны аб моцным мужчынскім сяброўстве і баявых таварышах, якія назаўсёды засталіся маладымі…
Дух таварыскасці, падтрымкі і ўзаемадапамогі, атрыманы падчас баявых дзеянняў, воіны-інтэрнацыяналісты падтрымліваюць у сабе і зараз — на мірнай роднай зямлі. Дапамагаць адзін аднаму, не пакідаць у бядзе — яшчэ адзін іх свяшчэнны абавязак. Немалую долю ў гэту высакародную справу ўносіць раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Узначальвае яе кіраўчанін Юрый Сафронаў, які служыў у Афгане з кастрычніка 1984-га па снежань 1986-га.
Сярод актывістаў арганізацыі — воіны-інтэрнацыяналісты Уладзімір Перадня, Анатоль Ткачоў, Барыс Карпенка, яго жонка і сястра загінуўшага ў Афганістане Аляксандра Ядлоўскага Людміла Карпенка. Яны ўваходзяць у састаў савета, ініцыіруюць і каардынуюць дзейнасць арганізацыі. Аб’ектыў нашай фотакамеры якраз заспеў момант, калі члены савета Юрый Сафронаў, Анатоль Ткачоў і Уладзімір Перадня абмяркоўвалі план работы пры правядзенні ўрачыстасцей да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Уладзімір Перадня адзначае:
— Асноўная задача для нас, жывых — шанаваць памяць аб загінуўшых у апаленай сонцам і вайной далёкай краіне, памятаць аб тых, хто пайшоў з жыцця ўжо ў мірны час. Мы не павінны таксама забывацца аб патрыятычным выхаванні моладзі, аб бацьках і родных загінуўшых на афганскай вайне землякоў. Наша арганізацыя і далей будзе працягваць сваю дзейнасць, шанаваць памяць загінуўшых землякоў і дапамагаць жывым. Памяць аб подзвігах забыццю не падлягае.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.