Нашы памяць і боль

15 лютага 1989 года ў 10 гадзін 30 мінут камандуючы 40-й арміі генерал Барыс Громаў апошнім з абмежаванага кантынгенту савецкіх войск перасёк мост праз раку Аму-Дар’ю, якая раздзяляла СССР і Афганістан. Так завяршылася практычна 10-гадовая неаб’яўленая вайна, ахвярамі якой сталі каля 15 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў, 723 з іх — ураджэнцы Беларусі, у тым ліку трое ўраджэнцаў Кіраўшчыны.
Афганская вайна стала агульным болем нашага грамадства, а для воінаў-інтэрнацыяналістаў — меркай высокай маральнасці і бяспрыкладнай мужнасці. За гераізм, праяўлены ў вайне на далёкай афганскай зямлі, шэраг сыноў Кіраўшчыны, якія зараз сярод нас, адзначаны высокімі ўзнагародамі: кіраўчанін Барыс Карпенка — ордэнам Зоркі ДРА, ордэнам Чырвонай Зоркі; Іван Тарэлка з Кіраўска і Сяргей Цімашэнка з Жыліч — ордэнамі Чырвонай Зоркі; кіраўчане Андрэй Тарабуеў — медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”; Уладзімір Перадня — ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За адвагу”; Уладзімір Бычкоў з Лёўкавіч, Рыгор Грэк з Мышкавіч, Іван Еўдакімаў з Баравіцы, Ігар Ерамейка з Кіраўска, Анатоль Зайцаў з Глыбокавіч, Міхаіл Іваноў з Баравіцы, Сяргей Каранкевіч з Кіраўска, Юрый Малашкін з Новага Гарадка, Аляксандр Раманаў з Кіраўска, Аляксандр Сямёнаў з Капусціна — медалямі “За баявыя заслугі”; Ігар Голікаў з Добасны, Уладзімір Ляскоў з Паўлавіч, Васіль Рублеўскі з Кіраўска, Канстанцін Сімановіч з Жыліч — медалямі “За адвагу”.
Заўтра былыя воіны-інтэрнацыяналісты — сённяшнія сталыя, пераважна з пасівелымі скронямі мужчыны — зноў успомняць, як тады, у 80-х гадах мінулага стагоддзя, зусім юнымі хлопцамі прайшлі праз распаленыя афганскія пяскі, пыл і спёку, як цудам многія ўратаваліся ад душманскай кулі, як стагналі побач параненыя баявыя таварышы, як адзін за адным адпраўляўся на Радзіму страшны “Груз-200” — цынкавыя труны з загінуўшымі сябрамі. У тых, каму пашчасціла ўцалець на гэтай вайне і вярнуцца дадому, засталася назаўсёды незагасная душэўная рана.
Вечная слава жывым і вечная памяць загінуўшым!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.