Прыклад адданасці і гераізму
У чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі адбыўся вечар-сустрэча “Зямны паклон вам, ветэраны!”, наладжаны нашымі супрацоўнікамі сумесна з Цэнтрам вольнага часу і аддзелам кінавідэамерапрыемстваў ЦКС і прымеркаваны да 25-годдзя стварэння Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Удзел у сустрэчы прынялі вучні 8 “Б” класа гімназіі горада і іх класны кіраўнік С.М.Садоўнікаў. З уступным словам да прысутных звярнулася старшыня раённага Савета ветэранаў Э.М. Карпук. Аб тым, што раённая ветэранская арганізацыя не застаецца ў баку ад важных падзей рэспублікі, распавядала электронная прэзентацыя “Ветэраны. Кіраў-ская раённая арганізацыя Беларускага аб’яднання ветэранаў”.
Час засыпае рвы і акопы мінулай вайны, але не сцёрты з памяці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Р.І.Куцілкіна гады ваеннага ліхалецця. Успаміны аб мінулым выклікалі хваляванне і скупыя слёзы. Сваімі ўспамінамі пра той суровы час падзяліліся былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў Э.А. Самбур і П.У. Шчэрбіч.
Уважліва слухала моладзь і выступленні ветэранаў афганскай вайны: У.І.Перадні і Ю.С.Сафронава. А дапоўніла іх аповед электронная прэзентацыя “Афган”, створаная супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі Марынай Цвятковай і Алесяй Сілковай. Паказаныя слайды выклікалі гордасць за гераізм салдат і пякучы боль за тых, хто загінуў, сярод якіх і нашы землякі Пётр Петрусевіч, Віктар Шумілаў, Аляксандр Ядлоўскі.
Уражваючымі былі кадры відэафільма “Загінуўшым і жывым”, многія з прысутых у зале змахвалі слязінкі з вачэй.
Успамінамі пра няпросты час пасляваеннага аднаўлення народнай гаспадаркі падзялілася ветэран працы З.М. Альшэўская. Яна за-кранула і праблемы выхавання падрастаючага пакалення, многія аспекты якога цікавяць і хвалююць яе, як чалавека, які доўгі час працаваў настаўнікам.
Добрым наказам моладзі прагучала выказаная ветэранамі думка, што сумесна захоўваючы гісторыю, мы ствараем будучыню. І ў гэтай будучыні жыць маладым і шанаваць тое, што на працягу жыцця было здабыта старэйшым пакаленнем.
Доўгіх гадоў жыцця, бадзёрасці і аптымізму пажадалі ветэранам удзельнікі мастацкай самадзейнасці Наталля Сакадынец, Алена Мурашка, Анастасія Рудак.
На памяць аб сустрэчы ветэранам былі ўручаны сувеніры.
Наталля ХЛАПКОВА, метадыст аддзела маркетынгу ЦРБ.