Служыць Айчыне мы гатовы!

Абарона Рэспублікі Беларусь, згодна Канстытуцыі нашай дзяржавы, — свяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна краіны. Аднак праходжанне воінскай службы патрабуе пэўных навыкаў і ведаў, належнай фізічнай формы. Юнакі праходзяць дапрызыўную і фізічную падрыхтоўку падчас вучобы ў школе, ліцэі ці каледжы. Яе мэта — фарміраванне ў хлопцаў маральна-псіхалагічнай і фізічнай гатоўнасці да воінскай службы, засваенне абавязкаў абаронцы Айчыны.
На здымку: З юнакамі-дапрызыўнікамі падчас праходжання імі прыпіскі да прызыўнога ўчастка ў райваенкамаце гутарыць ваенны камісар раёна Сяргей Паддубны.

Адзін з важнейшых крокаў падрыхтоўкі да ваеннай службы — правядзенне прыпіскі да прызыўных участкаў. Робіцца гэта па дасягненні юнакамі 16- гадовага ўзросту. Але яшчэ і да гэтага штогод (пачынаючы з 14-гадовага ўзросту) праводзіцца медыцынскае абследаванне юнакоў, дынамічнае назіранне за станам іх здароўя і фізічным развіццём. Непасрэдна прыпіска праводзіцца штогод у студзені — красавіку і ажыццяўляецца з мэтай пастаноўкі грамадзян на воінскі ўлік, вызначэння катэгорыі годнасці іх да ваеннай службы. Для гэтага ствараюцца адпаведныя камісіі з ліку работнікаў ваенкамата і медыкаў.
Кожны дапрызыўнік у ходзе прыпіскі да прызыўнога ўчастка праходзіць абавязковы медыцынскі агляд ўрачамі-спецыялістамі: хірургам, тэрапеўтам, неўрапаталагам, акулістам, оталарынголагам і іншымі.
Работнікі ваенкамата, у сваю чаргу, праводзяць з юнакамі гутаркі, у ходзе якіх высвятляюць іх схільнасці, рысы характару, узаемаадносіны з аднагодкамі і ў сям’і, шкодныя звычкі і інш., правяраюць наяўнасць неабходных дакументаў, афармляюць асабістыя справы дапрызыўнікоў.
З моманту прыпіскі да прызыўнога ўчастка юнакі набываюць статус прызыўнікоў, ім выдаюцца адпаведныя пасведчанні, тлумачацца правы і абавязкі прызыўніка, правілы воінскага ўліку і парадак праходжання абавязковай падрыхтоўкі да воінскай службы. Пазней, калі юнак будзе прызваны на сапраўдную воінскую службу, пасведчанне прызыўніка будзе заменена на ваенны білет — дакумент сапраўдных мужчын і абаронцаў Айчыны.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.