Сталым людзям — асаблівую ўвагу!

Чацвёртай ахвярай пажару ў надышоўшым годзе стала 90-гадовая адзінока пражываючая жыхарка а/г Мышкавічы. Трагедыя адбылася раніцай 8 лютага. Паведамленне аб пажары ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла ў 8 гадзін 42 мінуты суседзі гаспадыні домаўладання запрыкмецілі дым. Праз 10 мінут першае падраздзяленне пажарных было на месцы здарэння. Дом па ўсім перыметры быў агорнуты шчыльнай дымавой заслонай, два жылыя пакоі ахоплены агнём. На падлозе ля ложка выратавальнікі знайшлі бабулю, вынеслі яе на вуліцу. Прыбыўшая “хуткая” канстатавала смерць пацярпеўшай.
На здымку: Насценны гадзіннік у ахопленым агнём домаўладанні сталай жанчыны спыніў свой ход у 6 гадзін 36 мінут раніцы. Па словах пажарных, гэта значыць, што як мінімум за гадзіну ўзгаранне ўжо ўзнікла і пачынала развівацца…

Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый РОШЧЫН каменціруе:
— Дакладная прычына ўзгарання ў жылым доме зараз устанаўліваецца, па папярэдніх дадзеных — неасцярожнае абыходжанне з агнём. 90-гадовая бабуля жыла адна, дзеці яе перыядычна наведвалі. У мінулым годзе работнікамі УКП “Жылкамгас” быў праведзены рамонт пячнога ацяплення, пакоі абсталяваны аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі.
З чатырох ахвяр сёлетніх пажараў двое — адзінока пражываючыя старыя. Хочацца звярнуцца да дзяцей састарэлых грамадзян са шчырай просьбай больш уважліва ставіцца да сваіх бацькоў. Лепш, вядома, каб людзі ва ўзросце не заставаліся адны, ім патрэбен пастаянны ўважлівы і клапатлівы догляд. Забяспечыць яго — абавязак сыноў і дачок.
Паважаныя жыхары раёна, беражыце сябе, сваіх дзяцей і бацькоў! Не дазваляйце агню спальваць вашы лёсы! Уступаць у бой з вогненнай стыхіяй — складана, яшчэ складаней вырываць з яе лап людскія жыцці…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.