Традыцыі жывуць і зараз

Аб памятных падзеях з гісторыі ветэранскай арганізацыі Жыліцкага сельгаскаледжа паведаміў рэдакцыі яе цяперашні старшыня В.А.Герасімовіч.
У 1975 годзе у гонар 30-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на тэрыторыі тагачаснага саўгаса-тэхнікума быў адкрыты манумент “Юнак, адыходзячы на фронт”, які жылічане завуць “наш Алёша”. У абмотках, з вінтоўкай, і каласамі — дарамі зямлі ў руках — ён увасабляе тых, хто ў гады вайны мужна ўстаў на абарону Радзімы.
Тады ж у музеі навучальнай установы была адкрыта фотагалерэя ветэранаў вайны, яна і зараз існуе, распавядаючы новым навучэнцам аб героях ваенных гадоў.
Да ўказанай юбілейнай даты сіламі мясцовых ветэранаў Вялікай Айчыннай быў закладзены сквер каля інтэрната №1.
І ў той жа год нарадзілася традыцыя, якая працягваецца і зараз, на 9 Мая праводзіць у саўгасе-тэхнікуме ўрачыстую сустрэчу з ветэранамі. Праходзіць святочнае шэсце з удзелам навучэнцаў, вучняў мясцовай школы, выхаванцаў дзіцячага садка. Да манумента ўскладаюцца вянкі і кветкі, мінутай маўчання ўшаноўваецца памяць загінуўшых землякоў.
Кожны сход заканчваецца канцэртам мастацкай самадзейнасці, уручэннем сувеніраў ветэранам, а таксама святочным абедам. Добра, што ў моладзі ёсць магчымасць даведвацца аб гераічных падзеях мінулага непасрэдна ад іх удзельнікаў. Шчыры клопат аб іх, паважлівыя, цёплыя адносіны да кожнага — наш чалавечы абавязак, таму што гэтыя людзі падарылі нам мірнае жыццё.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.