Як служыш, салдат?

Сёння ў радах Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь служыць 76 нашых землякоў. Сярод іх — кіраўчанін Дзмітрый Дрозд, які ў ліку іншых навабранцаў трапіў ва ўнутраныя войскі: пяты асобны міліцэйскі батальён, што дыслацыруецца ў Бабруйску. Гэты горад добра знаёмы Дзмітрыю — тут ён вучыўся ў Бабруйскім мастацкім прафе-сійна-тэхнічным каледжы №15 імя А.Я. Ларына. Карыстаючыся тым, што ў перадсвяточныя дні салдат знаходзіўся ў кароткатэрміновым водпуску, дома, мы сустрэліся з ім і па-прасілі падзяліцца ўражаннямі аб вайсковай службе:
— Армія — школа сапраўдных мужчын. І гэта без перабольшвання. Дзень салдата пачынаецца з шасці ранку: пастраенне, ранішняя фіззарадка, снеданне і, канешне, падрыхтоўка да службы. А потым байцы нашага батальёна накіроўваюцца ў РАУС, нясуць свае абавязкі па ахове грамадскага правапарадку на вуліцах горада. У свабодны ад патрулявання час умацоўваем свае тэарэтычныя веды, адпрацоўваем розныя магчымыя па службе сітуацыі.
У батальёне, як падкрэсліў Дзмітрый, на належным узроўні пастаўлены пытанні дысцыпліны, ні аб якой “дзедаўшчыне” і размова не ідзе. Наадварот, аб маладых байцах, іх маральным стане, псіхалагічным настроі клапоцяцца не толькі камандзіры, але і псіхолаг.
Маці Дзмітрыя расказала, што ім з бацькам тэлефанаваў камандзір часці, дзе служыць сын, цікавіўся, якія ў бацькоў ёсць пажаданні адносна праходжання сынам службы, якія пытанні іх непакояць. Жанчына задаволена, што яе сын служыць менавіта ў гэтай часці.
Служба ў арміі, заўважыў Дзіма, навучыла з годнасцю ставіцца да людзей, абараняць сябе і іншых, а таксама сапраўднаму мужчынскаму сяброўству. Свой першы армейскі Новы год Дзмітрый сустракаў, як і належыць, на навагодняй ёлцы — стаяў з батальёнам ў ачапленні, ахоўваючы добры настрой гараджан, якія весяліліся на цэнтральнай плошчы, ад магчымых нестандартных сітуацый.
Юнакам Дзмітрый раіць абавязкова паспрабаваць вайсковай службы, якая, безумоўна, аказвае свой станоўчы ўплыў на ўсё астатняе жыццё, бо, па-першае, загартоўвае характар, а па-другое, дапамагае выпрацаваць такія карысныя якасці ў характары, як паважлівае стаўленне да людзей, незалежна ад іх узросту і сацыяльнага статусу.
Максім МІКЕШЫН

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.