2 красавіка — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

Мы не чужыя адзін аднаму. Гэта самае галоўнае, што робіць 2 красавіка — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, не проста каляндарнай датай, а шчырым, душэўным святам сяброў, якія маюць агульныя інтарэсы, цэняць агульную спадчыну і разам крочаць да лепшага жыцця.
Сутнасць адзінства, роднасці народаў Беларусі і Расіі не толькі і не столькі ў прынятых рашэннях і прапісаных законах адзінай саюзнай дзяржавы, колькі ў сапраўднай, адвечнай еднасці нашых краін праз людскія лёсы, культуру, жыццёвыя каштоўнасці. І настолькі гэта арганічна, што няма ніякай розніцы карэнны ты беларус альбо выхадзец з братняй Расіі.
Вось і кіраўнік спраў Мышкавіцкага сельвыканкама Таццяна Астроў-ская, руская па нацыянальнасці, а па духу — сапраўдная беларуска, якая ведае і разумее праблемы насельніцтва свайго сельсавета, імкнецца дапамагчы людзям у вырашэнні іх штодзённых клопатаў.
На гэтай пасадзе Таццяна Сяргееўна — хутка як пяць год. І за гэты час не толькі дасканала авалодала ўсімі тонкасцямі работы, але і прыўнесла ў яе, дзякуючы сваёй энергіі і ініцыятыўнасці, шмат станоўчага. За гэта яе паважаюць вяскоўцы, цэніць кіраўніцтва.
Да работы ў сельсавеце Таццяна Астроўская пэўны час пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі працавала бухгалтарам СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, як дагэтуль на працягу амаль 20 гадоў — яе маці.
Наогул жа сям’я Раманавых, а гэта — дзявочае прозвішча Таццяны Сяргееўны, мае цікавую жыццёвую гісторыю. Бацька, Сяргей Іванавіч, нарадзіўся і вырас у Прыморскім краі Расійскай Федэрацыі, маці — Лідзія Ягораўна — у г.Душанбэ (Таджыкістан). Абодва — рускія. А пазнаёміліся і стварылі сям’ю ў Казахстане: сюды пераехалі на хвалі асваення цалінных земляў. Больш таго, іх сем’і пасяліліся ў адным доме і пад’ездзе, толькі на розных паверхах. Тут жа ў г.Жанатас Джамбульскага раёна Казахстана нарадзілася Таццяна Сяргееўна, а потым і яе малодшая сястра — Кацярына.У 1985 годзе сям’я Раманавых пераехала ў Беларусь, спачатку пасяліліся на Чэрыкаўшчыне, а праз чатыры гады пераехалі ў Мышкавічы. Тут на той час была свая калгасная стаматалогія, дзе бацька ўладкаваўся зубным тэхнікам. Як запатрабаванаму спецыялісту гаспадарка прадаставіла яму добраўпарадкаванае жыллё. Малодшы брат Таццяны Астроўскай — Дзяніс, які зараз працуе слесарам на ПУП “Янатаўр”, нарадзіўся ўжо на Кіраўшчыне. Пазней бацька працаваў у стаматалагічным аддзяленні райбальніцы, зараз — у лячэбна-кансультацыйнай паліклініцы г.Бабруйска.
У Мышкавічах знайшла сваё асабістае і сямейнае шчасце Таццяна Астроўская: разам з мужам Астапам выхоўваюць трынаццацігадовага сына Андрэя. Жыве сям’я ў добраўпарадкаванай кватэры: яе Таццяне, адпрацаваўшай у СВК «Рассвет» імя К.П.Арлоўскага вызначаны тэрмін, прадаставіла гаспадарка.
Удала склаўся і лёс малодшай сястры Кацярыны, якая пасля заканчэння з залатым медалём Мышкавіцкай СШ атрымала дзве вышэйшыя адукацыі, разам з сям’ёй жыве і працуе ў стаўшых роднымі Мышкавічах.
Вось так на прыкладзе толькі адной сям’і прасочваецца, як непарыўнымі ніцямі перапляліся лёсы нашых братніх народаў, як на карысць роднай Беларусі плённа і аддадзена працуюць сыны і дочкі братняй Расіі.
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.