Дзеля расшырэння спектра банкаўскіх паслуг

Першы рэальна працуючы электронны камп’ютар ENIAC быў прадэманстраваны навуковаму свету і ўсім зацікаўленым 14 лютага 1946 года. З таго часу гэты дзень неафіцыйна адзначаецца як Дзень камп’ютаршчыка.
Яго па праву лічаць сваім прафесійным святам спецыялісты сектара інфармацыйных тэхналогій аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г.Кіраўску. Узначальвае сектар Мікалай Карніцкі. У свой час ён закончыў факультэт радыёфізікі і электронікі Белдзяржуніверсітэта. Працоўную дзейнасць пачынаў у камерцыйцных структурах Мінска, а калі яго жонку накіравалі па размеркаванні ў Кіраўскую раённую бальніцу, усе разам пераехалі ў родны для галавы сям’і горад.
Мікалай Дзмітрыевіч працаваў настаўнікам інфарматыкі Мышкавіцкай СШ і паралельна — інжынерам-праграмістам у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоў-скага. Праз некалькі гадоў перайшоў на работу ў раённую структуру ААБ “Беларусбанк”, а з 2001 года працуе ў аддзяленні “Белаграпрамбанка”.
Мікалай Карніцкі ўспамінае, што свой першы ў жыцці кам-п’ютар ён пабачыў, калі іх, гарадскіх дзесяцікласнікаў, прывезлі ў Мышкавіцкую школу па-глядзець на першы ў раёне камп’ютарны клас: ён быў аснашчаны “Агатамі”… Тады юнак і “захварэў” прафесіяй праграміста-камп’ютаршчыка. Далей ён пастаянна сачыў за лінейкай хутка абнаўляючыхся ПЭВМ. А ўкараненне ў арганізацыях раёна камп’ютарнай тэхнікі зрабіла больш запатрабаванай работу праграміста.
Што датычыцца банкаў, раней праграмісты ў іх самі складалі праграмы, зараз жа, калі структура банкаўскай сеткі разраслася, у ААТ “Белагра-прамбанк” праводзіцца адзіная палітыка выкарыстання праграмна-тэхнічных сродкаў і камп’ютарных тэхналогій, цэнтралізавана набываюцца ліцэнзійнае прыкладное праграмнае забеспячэнне, аперацыйныя сістэмы і іншыя комплексы. Распрацоўваюцца і ўкараняюцца толькі перадавыя тэхналогіі ў сферы праграмных прадуктаў дзеля расшырэння спектра паслуг, прадастаўляемых кліентам.
Парк камп’ютараў штогод абнаўляецца, прымаюцца неабходныя меры бяспекі.
Кантроль дзейнасці аддзялення праграмамі ажыццяўляецца штодзённа і, калі нешта не так, разабрацца ў гэтай сітуацыі, аказаць дапамогу калегам заўжды гатовы работнікі сектара інфармацыйных тэхналогій.
Пад кіраўніцтвам Мікалая Карніцкага працуюць Юрый Бартошак і Валянціна Міронава. Першы па адукацыі — таксама інжынер-праграміст, закончыў факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ. Сваю прафесію лічыць не толькі дакладнай, але і творчай таму, што ў ёй пастаянна з’яўляецца нешта новае. У тым ліку і вірусы. Юрый лічыць, што лепшая антывірусная абарона сеткі — гэта адсутнасць у ёй інтэрнэта.
Валянціна, закончыўшы Магілёўскі эканамічны каледж, прыйшла сюды працаваць па размеркаванні. Далей па скарочанай праграме завочна закончыла Мінскі вышэйшы радыётэхнічны каледж. Да выканання сваёй работы падыходзіць адказна, бо, па словах дзяўчыны, трэба выключыць памылкі, каб не было збояў, і ўсё працавала зладжана.
Работнікі сектара стараюцца заўсёды быць на плаву ў свеце прагрэсіўных камп’ютарных тэхналогій.
Максім МІКЕШЫН.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.