“Міліцыянер не павінен быць абыякавым да чужой бяды”

Начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Шункевіч — аб вобразе сучаснага беларускага міліцыянера, жанчынах у форме і перавагах службы ў органах унутраных спраў.
Напярэдадні 95-й гадавіны ўтварэння беларускай міліцыі і 77-й гадавіны ўтварэння міліцыі Кіраўскага раёна адбылася наша размова з галоўным міліцыянерам раёна Аляксандрам ШУНКЕВІЧАМ, прафесійны стаж якога ў органах унутраных спраў краіны налічвае 20 год.
— Аляксандр Віктаравіч, калі паспрабаваць намаляваць псіхалагічны партрэт сучаснага беларускага міліцыянера…Хто ён?
— Чалавек, не абыякавы да бяды іншага, спецыяліст у сваёй справе, камунікабельны і тактычны, гатовы прыкласці максімум намаганняў, каб дапамагчы і абараніць. Таксама сучасны беларускі міліцыянер — смелы, спагадлівы, з аналітычным складам розуму, моцнымі нервамі, добрым здароўем, умее працаваць не толькі са зброяй, але і з вялікай колькасцю дакументаў. А таксама вынослівы, бо яму трэба быць здольным працаваць ва ўмовах ненарміраванага рабочага дня, начных дзяжурстваў, выклікаў на здарэнні, камандзіровак, пазаўрочнай работы ў святы і выхадныя.
— Мабыць да апошніх “пераваг” трэба яшчэ аднесці і неадназначнае стаўленне некаторых суграмадзян да чалавека ў міліцэйскай форме, бо камусьці вы дапамагаеце, а кагосьці і караеце. Улічваючы асабісты вопыт, адкажыце, калі ласка, што ж прываблівае ў гэтай прафесіі?
— Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, работа наша цікавая! Я ўпершыню зведаў, што такое праца міліцыянера, калі ў пачатку 1992-га быў прызваны на службу ў армію — у першую міліцэйскую часць №5448 у Мінску. Два гады адмяраў крокамі сталіцу ў саставе патрульна-паставой службы. Пасля дэмабілізацыі адразу ж, на другі дзень прыйшоў у Ленінскі РАУС роднага Бабруйска, і з гэтага моманту пачаўся мой прафесійны шлях. Прайшоў яго, пачынаючы з пасады міліцыянера-вадзіцеля. У 2009 годзе з пасады першага намесніка начальніка Бабруйскага РАУС быў назначаны ўзначальваць Кіраўскі райаддзел. Без адрыву ад працы вучыўся ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
А што прывабіла ў прафесіі?.. Разумееце, мужчына любіць, калі ў яго крыві іграе адрэналін, мне ў перыяд службы ў арміі, а быў гэта час так званых “лихих девяностых”, давялося затрымліваць бандытаў, узброеных і нажамі, і гранатамі, і агнястрэльнай зброяй, і мітынгі разганяць, і нават жыцці грамадзянам выратоўваць.
— Магчыма, у памяці засталіся найбольш яскравыя моманты з таго неспакойнага часу…
— Так. Аднойчы пры патруляванні вуліцы разам з напарнікам, такім жа маладзенькім сяржанцікам, як і сам, затрымалі ўзброенага злачынцу, які параніў нажом аднаго грамадзяніна і спрабаваў парэзаць другога. За гэта камандуючы ўнутраных войск уручыў кожнаму з нас імянны гадзіннік.
— Як вы лічыце, што з’яўляецца штуршком для сучасных жанчын, якія вырашаюць авалодаць гэтай, па сутнасці, мужчынскай прафесіяй?
— Здаецца, зараз пры выбары прафесіі для жанчыны не існуе ніякіх межаў. Сучасная жанчына з любой работай і пасадай здольная справіцца! Магчыма, для прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва, каб у поўнай меры самарэалізавацца, ужо не хапае толькі “жаночых” прафесій.
— А ваша асабістае стаўленне да жанчын у форме?
— Станоўчае. Жанчыны больш эмацыянальныя, цярплівыя, тактычныя, больш адчуваюць настрой іншых людзей, лягчэй знаходзяць агульную мову з грамадзянамі, у тым ліку і з дзецьмі. Напрыклад, у нашым райаддзеле 3 жанчыны ў форме, адна з іх — Іна Акушэвіч працуе ў інспекцыі па справах непаўналетніх (зараз разам з напарніцай — Кацярынай Грыцкевіч яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску), а вось другая — Яўгенія Варапай — у крымінальным вышуку. Аднак, як ні круці, у міліцыі — мужчынскі твар. І жанчынам нараўне з іншымі даводзіцца сутыкацца і з трупамі, і з кроўю, і злачынцаў затрым-ліваць, і рызыкаваць здароўем, асабістым часам…
— Колькі чалавек працуе ў райаддзеле? У якіх службах назіраецца дэфіцыт кадраў?
— Па штаце ў нашым райаддзеле каля 70-ці чалавек. Са-праўды, у некаторых падраздзяленнях маюцца вакантныя месцы. Так, нам патрэбны ўчастковыя па горадзе, супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай часці.
— Якая работа праводзіцца для прыцягнення маладых людзей на службу ў міліцыю?
— Значная. У аддзеле маецца банк дадзеных аб кіраўчанах — навучэнцах усіх навучальных устаноў краіны. Першым чынам у якасці кандыдатур разглядаем студэнтаў сілавых устаноў адукацыі — гэта наш рэзерв. Так, сёлета дзяўчына-кіраўчанка заканчвае Акадэмію МУС РБ, плануецца, што зойме пасаду супрацоўніка аддзялення барацьбы з эканамічнай злачыннасцю. Бяром на ўзбраенне рабят, якія заканчваюць службу ў арміі. Высылаем ім лісты з прапановай атрымаць адпаведную адукацыю альбо з запрашэннем на службу. Дарэчы, падчас службы ў міліцыі ў кожнага ёсць магчымасць вучыцца завочна, акрамя таго, тэрмін працы залічваецца як тэрмін службы ў арміі для тых, хто яшчэ не служыў. Сустракаемся з рабятамі, гутарым з іх бацькамі. Расказваем ім пра ўмовы службы ў міліцыі, у тым ліку і матэрыяльныя: меншы працэнт на атрыманне крэдытаў на будаўніцтва жылля, павышэнне зарплаты, высокія прэ-міяльныя за якасную работу.
— У вашым калектыве ёсць цікавыя традыцыі?
— Безумоўна! Калектыў у нас малады, большасць працуе тэрмінам да 5-ці год, у асноўным — мясцовыя, але ёсць супрацоўнікі з Бабруйска і з Магілёва. Па традыцыі, кожны год разам з сем’ямі выязджаем на экскурсіі па славутых мясцінах Беларусі, разам ад-значаем Новы год і, вядома ж, Дзень міліцыі.
— Што пажадаеце сваім калегам, ветэранам напярэдадні прафесійнага свята?
— У першую чаргу пажадаю здароўя, а ў другую — надзейнага тылу. Моцная сям’я — гэта і аддушына пасля напружанага рабочага дня, і стымул для больш эфектыўнай працы.
Гутарку вяла
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.