“Мы — грамадзяне Беларусі!”

15 сакавіка наша дзяржава адзначыла Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. 18-ты год у краіне дзейнічае Канстытуцыя 1994 года са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года і 17 кастрычніка 2004 года, і з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі.
Учора, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у жыцці 34-х юнакоў і дзяўчат Кіраўшчыны адбылася знамянальная падзея — ва ўрачыстай атмасферы ім былі уручаны пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Атрымаць свой галоўны дакумент у асаблівы для дзяржавы дзень — важна і ганарова, а адбылося гэта ў межах усебеларускай патрыятычнай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!”, якая ў нашым раёне штогод наладжваецца райкамам ГА “БРСМ”.

Урачыстасць прайшла ў Кіраўскай дзіцячай школе мастацтваў. На другім паверсе разгарнулася кніжная выстава, прысвечаная аб’яўленаму ў нашай краіне Году кнігі.
Пасля прагляду выставы рабятам было прапанавана пазнаёміцца з кадрамі відэастужкі аб дасягненнях нашага раёна за 2011 год, а пасля распачалася цырымонія ўручэння пашпартоў. Выконвалі гэтую ганаровую місію старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова і старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС маёр міліцыі Сяргей Мак-сіменка. Разам з пашпартамі яны ўручалі віноўнікам урачыстасці экземпляры Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і кнігі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Раздзяліць з рабятамі радасць ад важнай падзеі ў актавую залу школы мастацтваў завіталі іх бацькі, сябры, знаёмыя, а таксама ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў раёна.
Наказ з гонарам несці званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь юнакі і дзяўчаты атрымалі ад ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Антонавіча Буслава. Ад імя бацькоў падлеткаў слова трымала Святлана Токарава.
Навучэнка гімназіі Крысціна Назарчук перадала прысутным абяцанне ад імя новых уладальнікаў пашпартоў з гонарам і пачуццём высокай адказнасці несці званне грамадзян сваёй краіны.
А вось у гімназіста Аляксея Акуліча гэты дзень быў удвайне шчаслівым і важным: разам з атрыманнем пашпарта ён святкаваў свой дзень нараджэння.
Для прысутных была наладжана невялікая канцэртная праграма, прасякнутая пачуццём патрыятызму і любові да роднай Айчыны.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ. Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.