Нашы поспехі, слаўныя справы, якімі мы ганарымся па праву!

Узнёсла, урачыста прайшоў у раённым Доме культуры сход, прысвечаны падвядзенню вынікаў работы галін народнай гаспадаркі Кіраўшчыны за 2011 год. Мець асабліва прыўзняты настрой і пачуццё гонару ў кіраўчан былі ўсе падставы: мінулы год прынёс працаўнікам нашага рэгіёна цэлае сузор’е дастойных дасягненняў на розных узроўнях і самае галоўнае — першае месца ў спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гарадоў і раёнаў Магілёў-скай вобласці за 2011 год у групе з колькасцю жыхароў да 25 тысяч чалавек.
Раздзяліць з жыхарамі Кіраўшчыны радасць ад дасягнутых перамог на ўрачыстасці прыбылі ганаровыя госці: куратар раёна, дырэктар РУП “Беларуснафта-Магілёў-аблнафтапрадукт” Аляксандр Саханенка, начальнік упраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Сцяпанчанка, галоўны спецыяліст абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Нялюбін, дырэктар ААТ “Бабруйскі мясакамбінат” Андрэй Ісайчанка, галоўны інжынер ААТ “Бабруйскаграмаш” Алег Лук’яненка, а таксама старшыня Бабруйскага гарвыканкама Дзмітрый Бонахаў і дэлегацыі г.Бабруйска, Бабруйскага, Клічаў-скага, Асіповіцкага, Быхаўскага раёнаў.
У адрас кіраўніцтва і працаўнікоў раёна паступілі і былі зачытаны на сходзе віншавальныя тэлеграмы ад Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Надзеі Ермаковай і ад кіраўніка Адміністрацыі Белгарод-скага раёна Расійскай Федэрацыі Андрэя Саўчанкі.
Кульмінацыйным момантам свята стала цырымонія ўзнагароджвання. Ганаровую місію ўручэння пераходнага Чырвонага сцяга і дыплома I ступені Магілёўскага аблвыканкама старшыні райвыканкама Уладзіміру Піскіжаву за перамогу раёна ў абласным спаборніцтве выканаў Аляксандр Саханенка.
Ён шчыра павіншаваў прысутных у зале, а ў іх асобе — усіх працаўнікоў Кіраўшчыны з заслужанай узнагародай і выказаў спадзяванні, што бягучы год стане яшчэ больш паспяховым для рэгіёна, бо тут заўжды мэтанакіравана ідуць да пастаўленай мэты і разумеюць: за вытворчымі паказчыкамі стаяць узровень жыцця людзей, упэўненасць у будучым.
Аляксандру Саханенку быў уручаны святочны каравай ад імя працаўнікоў раёна — як сімвал багацця, стваральнай працы.
…На сцэне раённага Дома культуры сустрэліся Год прадпрымальнасці і Год кнігі, якіх увасобілі Аляксей Шапялевіч і Аляксандр Бяляўскі: першы перадаў эстафету добрых спраў другому, і разам перагарталі старонкі летапісу раёна 2011 года. Знамянальныя падзеі і дасягненні за гэты час адзначыў у сваёй пра-мове Уладзімір Піскіжаў і акрэсліў задачы на год бягучы і перспектыву (інтэрв’ю кіраўніка раёна рэдакцыі на гэтую тэму было зме-шчана ў спецвыпуску раённай газеты да ўрачыстага сходу). З цікавасцю прысутныя разглядалі слайды, якія ілюстравалі выступленне старшыні райвыканкама.
Пералік поспехаў працягваўся, і працягвалася цырымонія ўзнагароджвання тых, хто іх дасягнуў.
Раёну прысуджана другое месца ў штогадовым абласным аглядзе па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўшчыны для работы ў зімовых умовах, па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парку да палявых работ 2012 года, за што ён узнагароджаны Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама і грашовай прэміяй.
Сярод гаспадарак трэцяе месца ў абласным аглядзе заняў СВК “Чырвоны баец” — Ганаровая грамата і грашовая прэмія былі ўручаны старшыні сельгаскааператыва Аляксандру Серакову.
Ганаровай граматай аблвыканкама быў узнагароджаны першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Пад’ялоўскі за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у развіццё АПК, грашовай прэміяй аблвыканкама — галоўны аграном РУП “Жылічы” Уладзімір Дарафей за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у 2011 годзе.
Эстафета ўшанавання працягвалася ўзнагародамі абкама прафсаюза работнікаў АПК: Ганаровыя граматы атрымалі намеснік старшыні праўлення СВК “Калгас “Ніва”, старшыня прафсаюзнага камітэта Іван Багамолаў, трактарыст-машыніст ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Андрэй Хлапкоў, удзячнасць за актыўную, добрасумленную працу, дасягненне высокіх рэзультатаў па выніках работы за мінулы год аб’яўлена бухгалтару, старшыні прафкама СВК “Добасна-агра” Святлане Голікавай, Дыпломамі ўзнагароджаны брыгадзір комплекснай брыгады ПМК-255 Уладзімір Пеклін і аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы СВК “Калгас “Свярдлова” Уладзімір Умец. Ганаровыя граматы Рэспубліканскага і абласнога камітэтаў прафсаюза работнікаў АПК атрымаў старшыня Кіраўскага райкама прафсаюза Віктар Ставер.
Адбылося ўшанаванне кіраўнікоў раёна мінулых гадоў (дарэчы, на другім паверсе будынка райвыканкама аформлена фотагалерэя з фотапартрэтамі старшынь Кіраўскага райвыканкама, якія займалі гэтую пасаду з дня заснавання нашага раёна).
Апладысментамі і кветкамі ўзнагародзілі прысутныя ветэранаў працы Л.Н.Палевіч, кавалера ордэнаў Славы, Н.Р.Бяляўскую, узнагароджаную ордэнам Леніна.
Са шчырымі словамі віншаванняў з дасягнутымі поспехамі і пажаданняў умацоўваць іх і прымнажаць да гаспадароў свята звярнуліся госці.
А далей у цэнтры ўвагі былі пераможцы спаборніцтва галін народнай гаспадаркі раёна ў розных намінацыях (аб іх раённая газета расказала ў спецвыпуску да сходу і ў ранейшых нумарах). Старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў уручыў кіраўнікам калектываў-пераможцаў, а таксама лепшым працаўнікам заслужаныя ўзнагароды.
Дыпломы і грашовыя прэміі былі ўручаны кіраўнікам арганізацый, якія занялі прызавыя месцы ў аглядзе-конкурсе па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму за 2011 год: СВК “Чырвоны баец”, ліцэй №15, СВК “Калгас “Беларусь”.
А ў блоку дасягненняў сельскіх Саветаў дэпутатаў цырымонію ўзнагароджвання правяла старшыня райсавета дэпутатаў Надзея Каранкевіч.
Далей першы намеснік старшыні райспажыўтаварыства Святлана Сарока ўручыла грашовыя прэміі кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, якія супрацоўнічаюць з іх арганізацыяй па пастаўках мяса.
Паколькі ўрачысты сход праходзіў напярэдадні Дня жанчын, у прамовах, выступленнях гучалі светлыя, добрыя словы ў адрас прадстаўніц цудоўнага полу. На сцэну быў вынесены кошык з кветкамі для ўсіх жанчын ад старшыні райвыканкама.
Потым старшыні раённых арганізацый ГА “Белая Русь” і раённай арганізацыі ГА “Беларускі Саюз жанчын” Васіль Маркевіч і Ірына Шаршукова запрасілі на сцэну пераможцаў раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года”.
Імі сталі ў розных намінацыях: “За лідарства і паспяховае кіраўніцтва” — старшыня райспажыўтаварыства Алена Дземідовіч, “За актыўную грамадскую дзейнасць” — намеснік старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова, “За дасягненні ў выхаванні дзяцей” — Ларыса Забелава з аграгарадка Жылічы, дырэктар установы культуры “Жыліцкі гістарычны комплекс-музей”, “За дабрачыннасць і міласэрнасць” — намеснік дырэктара Мышкавіцкай СШ, старшыня пярвічнай валанцёрскай арганізацыі “Алмаз” ГА “Беларускае таварыства Чырвонага крыжа” Наталля Маісеенка, “За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне” — начальнік аддзела культуры райвыканкама Тамара Галубоўская, “За ўклад у адраджэнне вёскі” — старшыня Скрыпліцкага сельвыканкама Жанна Рышкевіч, “За жаночую мужнасць” — член Нацыянальнай зборнай па веласіпедным спорце Вольга Масюковіч. Для іх былі падарункі і кветкі.
На працягу ўсяго мерапрыемства свае музычныя віншаванні, відовішчныя харэаграфічныя нумары дарылі працаўнікам Кіраўшчыны творчыя калектывы і выканаўцы раёна, за што былі шчодра аддзячаны гарачымі апладысментамі.
Кіраўская зямля багатая на таленты, славіцца поспехамі і высокімі дасягненнямі спартсменаў, спевакоў і музыкантаў, мастакоў, кулінараў. Частку сваіх творчых напрацовак кіраўчане прадставілі гасцям і ўдзельнікам урачыстага сходу на выставе.
На першым паверсе размясціліся стэнды з фотаздымкамі аграгарадкоў раёна, а таксама спартыўных перамог кіраўчан.
На другім паверсе асноўную плошчу занялі экспазіцыі прадукцыі, падрыхтаваныя сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, а таксама калектывамі Жыліцкага сельгаскаледжа, ліцэя №15, райспажыўтаварыства, ААТ “Кіраўск-Лён”, РАПТЗ і інш.
Спектр паслуг рэкламавалі раённы вузел электрычнай сувязі, аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанк”. Супрацоўнікі санаторыя СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага частавалі наведвальнікаў выставы кактэйлямі, гарбатай, напоямі з розных відаў траў.
Тут жа была аформлена выстава работ майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Супрацоўнікі і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выкладчыкі і выхаванцы Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў, Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прама на вачах гледачоў стваралі цудоўныя сувеніры з бісеру, саломкі і іншых рэчаў.
А ў зале раённага Дома культуры кожнага з удзельнікаў і гасцей чакаў спецвыпуск раённай газеты “Кіравец” і быў паказаны відэафільм аб дасягненнях Кіраўскага раёна ў 2011 годзе.
Наталля ХАДАКОВА, Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.