Шыкоўны падарунак для новых спартыўных перамог

Прадстаўнікі Кіраўшчыны яскрава заяўляюць аб сабе на футбольных, валейбольных, веласіпедных пляцоўках краіны і нават замежжа. Відавочна, што ў падрастаючага пакалення расце інтарэс і да заняткаў зімовымі відамі спорту. ЗАТ “Дэльта Банк”, адгукнуўшыся на ініцыятыву старшыні райвыканкама Уладзіміра Піскіжава, аказаў нашай ДЮСШ спонсарскую дапамогу ў выглядзе 50-ці пар новенькіх канькоў. Думаецца, гэта стане падставай для новых поспехаў і перамог кіраўчан яшчэ і на хакейных пляцоўках.
З ганаровай місіяй — уручыць выхаванцам ДЮСШ спортінвентар у раён са сталіцы краіны завіталі намеснік старшыні праўлення ЗАТ “Дэльта Банк” Лілія Кудашкіна і начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы банка Алена Тамчук. З імі сустрэўся старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Кіраўнік раёна адзначыў:
— Для кіраўчан вельмі важная гэта падтрымка, прычым не толькі коштам, але і значнасцю, бо накіравана яна на развіццё ў раёне актыўнага і здаровага адпачынку. Нягле-дзячы на тое, што зімовыя месяцы ўжо скончылі свой адлік, на двары — сакавік, такі падарунак нам патрэбен. Мяркуем, што зараз юнакі і дзяўчаты будуць абкатваць гэтыя новыя канькі ў Лядовым палацы ў суседнім Бабруйску, каб у наступным сезоне выйсці на хакейныя пляцоўкі ўжо падрыхтаванымі. Магчыма, да таленавітых кіраўскіх футбалістаў, валейбалістаў, веласіпедыстаў у хуткім часе далучыцца і пакаленне таленавітых хакеістаў. А магчымасці для заняткаў зімовымі відамі спорту ў раёне ёсць, а галоўнае, ёсць жаданне ў дзяцей.
У краіне бягучы год аб’яўлены Годам кнігі, а ў нашым раёне яшчэ і Годам спорту, таму развіццю спорту, турызму, актыўнага адпачынку на Кіраўшчыне будзе надавацца асаблівая ўвага. Запланавана значнае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы спартыўных устаноў, равіццё турыстычных маршрутаў, каб у гасцей была магчымасць пазнаёміцца са славутымі куточкамі нашай зямлі.
Лілія Кудашкіна была вельмі ўражана поспехамі і дасягненнямі жыхароў Кіраўшчыны. Яна параўнала наш маленькі раён з іх маленькім банкам, які таксама даволі ўражваючымі крокамі рушыць наперад. Лілія Аляксееўна дадала, што жыве і працуе ў Беларусі ўсяго трэці год. Адзначыла ўнікальнасць нашай краіны:
— Бачна, што ў Беларусі вельмі значная ўвага надаецца ўмацаванню здароўя насельніцтва, развіццю спорту, прычым як у вялікіх, так і маленькіх населеных пунктах. Гэта вылучае беларусаў сярод іншых.
На гарадскім стадыёне юным спартсменам, якіх перапаўняў радасны настрой з нагоды такога падарунка, былі ўручаны канькі. А вучню СШ №1 райцэнтра Арцёму Бяляўскаму Лілія Кудашкіна дала яшчэ і сваю «візітку» з прапановай, калі вырасце і будзе выбіраць прафесійны шлях, працаўладкоўвацца, звяртацца да яе: Арцём прыемна здзівіў і парадаваў Лілію Аляксееўну сваімі дзелавымі якасцямі і ўменнем весці гутарку.
Ну, а яскравым завяршэннем падзеі стала гучнае дзіцячае “Дзякуй!”.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.