“Васільковая гладзь” вывела ў фінал

Штогод сярод вучняў агульнаадукацыйных школ, навучальных устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі праводзіцца рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах. Сёлета ў восьмы раз сталіцай такой алімпіяды па працоўным навучанні стаў г.Мазыр: тут у сярэдзіне сакавіка праходзіў яе чацвёрты (заключны) этап. Наш раён на ім прадстаўляла вучаніца 9 класа СШ№1 Марына Заркевіч, якая па выніках абласнога этапу была ўключана ў састаў каманды Магілёўшчыны.
Традыцыйна алімпіяда па працоўным навучанні праводзіцца ў тры туры: практычная частка, дзе дзяўчынкі павінны паказаць сябе сапраўднымі майстрыхамі; абарона праекта, можна сказаць, хатняга задання — вырабу, які канкурсанткай выконваўся дома; і тэсціраванне, падчас якога ўдзельнікі дэманструюць сваю тэарытычную падрыхтоўку.
Марына з гонарам справілася з усімі гэтымі заданнямі. У першым туры яна паказала сябе выдатным майстрам па пашыву вырабаў на швейнай машынцы і вышыўцы. У час падрыхтоўкі праекта “Васільковая гладзь” (а вышывала Марына сурвэтку і ручнік), дзяўчынка разам са сваёй настаўніцай па працоўным навучанні А.У.Пархамовіч не толькі адмыслова выканалі тэхнічную частку работы — саму вышыўку, але і праявілі пры гэтым вялікі талент і мастацкі густ. Дакладна была прадумана і рэклама праекта, яго прэзентацыя.
У трэцім туры алімпіяды Марына даказала, што не толькі ўмее па-майстарску працаваць, але і валодае глыбокімі тэарэтычнымі ведамі па прадмеце.
Па выніках усіх конкурсных тураў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды Марына Заркевіч была ўзнагароджана дыпломам 2-й ступені. Гэта дастойны рэзультат і высокая адзнака як намаганняў самой дзяўчынкі, так і працы яе педагога.
Лілія ЦАРАНОК,
намеснік дырэктара СШ№1
на вучэбнай рабоце.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.