Ветэранам — шчырая ўдзячнасць і нізкі паклон!

Святочная сустрэча ветэранаў раёна, прысвечаная 25-гадоваму юбілею ўтварэння Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, адбылася ў Кіраўскай дзіцячай школе мастацтваў у пятніцу.
Прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі і супрацоўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Кіраўшчыны, моладзь прыйшлі на сустрэчу, каб павіншаваць ветэранаў вайны і працы — тых, хто абараняў нашу радзіму ад ворагаў, будаваў мірнае жыццё, ствараў і прымнажаў багацце Кіраўскай зямлі.
Адкрыла ўрачыстасць прывітальнымі словамі старшыня раённага савета ветэранаў Эма Карпук:
— Ветэраны — гэта залатая эліта грамадства, самая свядомая частка насельніцтва, гвардыя, выпрабаваная цяжарам вайны. Ветэраны Кіраўшчыны з’яўляюцца прыкладам самаадданай працы, бездакорнага выканання грамадзянскага і грамадскага абавязку, бясконцай любові да Айчыны, надзейнымі памочнікамі кіруючых органаў улады.
Старэйшаму пакаленню давялося прайсці цяжкі шлях, але цяперашнія дзядулі і бабулі не згубілі ўмення радавацца жыццю і прыносіць грамадству карысць. Слоў асаблівай удзячнасці заслугоўваюць ветэраны, якія вядуць актыўную грамадскую работу з жыхарамі Кіраўшчыны, — гэта Рыгор Іванавіч Куцілкін, Васіль Антонавіч Буслаў, Людміла Іванаўна Манько, Вольга Іванаўна Дамарацкая, Галіна Васільеўна Каранкевіч і многія іншыя.
У нашым раёне створаны і працуюць 23 пярвічныя ветэранскія арганізацыі, на ўліку ў якіх больш за 6 тысяч ветэранаў, 71 з іх — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Сакратары пярвічак — дастойныя, чулыя да клопатаў і праблем акружаючых, добразычлівыя людзі, якія актыўна падтрымліваюць сувязь з кіраўніцтвам і грамадскасцю раёна. І з пачуццём удзячнасці мы адзначаем, што адчуваем увагу і клопат да сябе і з боку кіраўніцтва рэгіёна, і з боку падрастаючага пакалення. Раённая арганізацыя ветэранаў працуе з усімі сталымі і састарэлымі людзьмі, нас хвалююць праблемы кожнага! Мы і надалей будзем актыўнымі памочнікамі і добрымі дарадчыкамі ва ўсіх справах раёна.
Удзельнікам сустрэчы прапанавалі пагартаць старонкі гісторыі. У снежні 1986 года ў Маскве адбылася першая канферэнцыя Усесаюзнай арганізацыі ветэранаў вайны і працы, якая паставіла задачу: садзейнічаць актыўнаму ўдзелу ветэранаў у гаспадарчым і грамадска-палітычным жыцці краіны, працоўным і патрыятычным выхаванні моладзі, паляпшэнні іх бытавога, медыцынскага і культурнага абслугоўвання. Першым старшынёй Усесаюзнага савета ветэранаў быў выбраны наш зямляк — Кірыл Трафімавіч Мазураў, а яго намеснікам — легендарны Аляксей Пятровіч Марэсьеў.
На гэтай жа канферэнцыі вырашылі правесці работу па стварэнні ветэранскіх арганізацый у акругах, абласцях, гарадах і раёнах усяго Савецкага Саюза. І вось, 28 лютага 1987 года адбылася першая арганізацыйная канферэнцыя Кіраўскага раённага савета ветэранаў, на якой быў выбраны раённы савет ветэранаў, рэвізійная камісія і дэлегацыя на першую абласную канферэнцыю. Узначаліў Кіраўскі раённы савет ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Васільевіч Лаўрыненка.
Прайшла чвэрць стагоддзя, засталося ў гісторыі існаванне вялікай і магутнай краіны — Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, а задачы і мэты ветэранскага аб’яднання і дагэтуль захавалі свой асноўны сэнс — агортваць ветэранаў вайны і працы ўвагай, клопатам, дапамагаць ім, прадастаўляць ганаровае месца ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь падтрымлівае гэтыя высакародныя мэты і садзейнічае іх ажыццяўленню. Рэгулярна прымаюцца меры па паляпшэнні бытавых умоў пражывання ветэранаў, медыцынскага асблугоўвання, пашыраюцца льготы і перавагі, павялічваюцца памеры пенсій.
Якраз на пятнічнай урачыстасці была аб’яўлена прыемная навіна — раённая арганізацыя ГА “Беларускі фонд міру” ў межах акцыі “Падарунак ветэрану” падарыла халадзільнік і тэлевізар палаце ветэранаў райбальніцы.
Са словамі віншаванняў да віноўнікаў урачыстасці звярнуліся старшыня раёнага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч і намеснік старшыні райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі фонд міру” Вольга Гаршкова. Яны выканалі ганаровую місію — уручылі шэрагу ветэранаў вайны і працы Ганаровыя граматы, падзякі, каштоўныя падарункі ад раённага выканаўчага камітэта, раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру”, прафсаюзаў работнікаў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Кіраў-шчыны.
Каштоўнымі падарункамі райвыканкама адзначаны Рыгор Іванавіч Куцілкін і Валянцін Адамавіч Герасімовіч. Сакратар раённага савета ветэранаў Зінаіда Мікалаеўна Русецкая атрымала Ганаровую грамату Магілёўскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Шмат шчырых слоў віншаванняў і ўдзячнасці гучала ў гэты дзень у адрас паважаных ветэранаў.
Калектывы раённага Дома культуры, Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў у падарунак героям урачыстасці падрыхтавалі творчыя нумары. Шмат яскравых эмоцый выклікала выступленне юных удзельніц вакальнай групы “Карамель”, якія ўпрыгожылі глядзельную залу рознакаляровымі “агеньчыкамі” — пусцілі паветраныя шарыкі. Заўзята віталі ветэранаў піянеры.
Група ветэранаў педагагічнай працы раёна начале з Галінай Спірыдонавай выканала песню, словамі якой ветэраны запэўнілі, што ў іх яшчэ шмат сіл, каб прыносіць карысць жыхарам раёна.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.