Выкарыстоўваючы ўнутраныя рэзервы

СВК “Чырвоны баец” не толькі стаў пераможцам раённага працоўнага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый за дасягненне лепшых вынікаў у развіцці аграпрамысловага комплексу ў намінацыі “За лепшыя вынікі вытворча-эканамічнай дзейнасці” з уручэннем Ганаровага пераходнага сцяга райвыканкама, але і дабіўся поспеху ў іншых пяці намінацыях: за павелічэнне вытворчасці цукровых буракоў, за павелічэнне вытворчасці і рэалізацыі мяса (першае месца), за павелічэнне вытворчасці малака (другое месца). Акрамя таго, МТФ “Дваранінавічы” выйшла пераможцай сярод калектываў малочна-таварных ферм.
Аб дасягненнях і планах калектыву СВК «Чырвоны баец» расказвае яго старшыня Аляксандр СЕРАКОЎ:

—Падвядзенне вынікаў работы — гэта не толькі канстатацыя поспехаў, але і аналіз пралікаў і незадзейнічаных рэзерваў. Летась мы атрымалі ня-дрэнныя паказчыкі па росту вытворчасці амаль па ўсіх накірунках, у тым ліку збожжа ў вазе пасля да-працоўкі — 157,2%, цукровых буракоў — 174,8%, малака —103%. Тэмп росту валавой прадукцыі раслінаводства склаў 175,9%, у цэлым па гаспадарцы — 110%. Залогам поспеху ў гэтай галіне з’явілася шырокае прымяненне інтэнсіўных тэхналогій, належнага пасяўнога матэрыялу (тут гаспадарка не шкадавала грошай на набыццё элітных сартоў), своечасовы і якасны догляд за пасевамі, выкарыстанне высокапрадукцыйнай тэхнікі і, канешне ж, працавітасць, разуменне сваёй ролі кожным работнікам.
Дасягнуты нядрэнныя вынікі па прадуктыўнасці жывёлы. Сярэднясутачныя прывагі на вырошчванні і адкорме свіней склалі 595 г (+46 г да ўзроўню 2010 г.). На ранейшым ўзроўні засталіся паказчыкі на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы (719 г).
Добрых вынікаў за мінулы год дабіліся працаўнікі Дваранінавіцкай малочна-таварнай фермы. Сярэднегадавы надой малака ад каровы склаў 6777 кг, што вышэй узроўню папярэдняга года на 196 кг.
Асновай поспеху галіны з’яўляецца штодзённая карпатлівая праца жывёлаводаў, добрасумленнае і адказнае стаўленне да даручанай справы, выкананне ўсіх патрабаванняў па ўтрыманні, кармленні і даенні кароў, забеспячэнні статка паўнацэнымі кармамі, збалансаванымі па ўсіх спажыўных элементах. Дарэчы, і ў гэтым накірунку калектывам гаспадаркі робіцца нямала. Зладжаная работа ўсіх звенняў механізаванага атрада дазволіла нарыхтаваць кармоў у сянажныя траншэі 4062 т (124,2% да ўзроўню 2010 г.), нарыхтавана 9891 т сіласу (176,9%). З усяго валавога збору збожжа прададзена каля 1000 тон, астатняе мяркуем выкарыстаць на ўласныя патрэбы.
На поўную магутнасць запрацаваў у мінулым годзе збожжасушыльны комплекс і, дарэчы, вельмі своечасова. На старым абсталяванні, якое ў залежнасці ад вільготнасці зерня высушвала не больш 60 т у суткі, новы комплекс здольны высушваць да 30 т у час. Гэта дазволіла ў кароткія тэрміны прапусціць скрозь сушылку ўсё сваё збожжа і нават аказаць дапамогу суседнім гаспадаркам.
Летась мы працягвалі мэтанакіраваную работу па абнаўленні асноўных фондаў — важнейшага фактара далейшага ўмацавання вытворчага патэнцыялу. Выкарыстана інвестыцый у асноўны капітал 2 млрд. 985 млн. рублёў, у тым ліку 1493 млн. рублёў уласных сродкаў. У 2011 годзе не накіроўвалі грашовыя сродкі на набыццё тэхнікі, паколькі тэхнічны парк гаспадаркі практычна ўкамплектаваны. Маем магутныя комплексы сельскагаспадарчых машын, дазволіўшых на высокім узроўні выконваць такія тэхналагічныя працэсы, як падрыхтоўка глебы, унясенне мінеральных угнаенняў, правядзенне сяўбы, ахоўных мерапрыемстваў, што ў выніку дазваляе скараціць вытворчыя затраты.
Клопат дзяржавы і наша імкненне палепшыць дабрабыт працаўнікоў натхняюць на выкананне пастаўленых задач. А задачы немалыя. Новай Дзяржаўнай праграмай умацавання аграрнай эканомікі і развіцця сельскіх тэрыторый на 2011 — 2015 гады намечана перавесці на інавацыйны шлях узровень вытворчай дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў і на гэтай падставе істотна павысіць эфектыўнасць земляробства і жывёлагадоўлі. Рэалізацыя праграмы ў цэлым па рэспубліцы дазволіць сельгасвытворчасці дасягнуць еўрапейскага ўзроўню прадукцыйнасці, павялічыць даходы вяскоўцаў да сярэднерэспубліканскага ўзроўню, істотна павысіць прывабнасць сельскай працы і ладу жыцця. Выкарыстанне ўнутраных рэзерваў у поўнай меры павінна забяспечыць атрыманне станоўчай рэнтабельнасці без дзяржпадтрымкі. Акрамя павышэння эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці неабходна палепшыць якасць сельскагаспадарчай прадукцыі, для гэтага патрабуюцца падзвіжкі ў селекцыйнай рабоце па фарміраванні дойнага статка, змяншэнні невытворчага выбыцця жывёлы, укараненне новых форм вытворчасці і арганізацыі працы з мэтай дасягнення росту яе прадукцыйнасці.
Не стаіць у баку ад выканання гэтых задач і калектыў нашага сельгас-прадпрыемства. Аснова прадукцыйнасці земляробства і жывёлагадоўлі сёлетняга года закладзена ў 2011 годзе. Своечасова праведзена сяўба азімых культур, выкананы план уздыму зябліва, нармальна праходзіць адказны перыяд зімоўкі жывёлы.
Атрыманыя летась вынікі не даюць права на самазаспакаенне. Наперадзе — маса спраў. Першачарговая і асноўная з іх — своечасовае і якаснае правядзенне веснавых палявых работ.
Намаганні калектыву, кожнага з работнікаў будуць накіраваны на выкананне прагназуемай праграмы і даведзеных заданняў на 2012 год. Асноўныя з іх: атрымаць 4017 т малака, 1670 т мяса, у тым ліку 1350 т свініны, 320 т ялавічыны,а таксама 8207 т збожжавых, 12170 т цукровых буракоў, 540 т рапсу. Паказчык вытворчасці валавой прадукцыі ў бягучым годзе ў параўнанні з мінулым неабходна давесці да 108%, рэнтабельнасць продажу — 5,6%.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.