Знаёмства з цікавымі прафесіямі

У межах Тыдня героіка-патрыятычнага выхавання ў нашай школе было наладжана нямала цікавых мерапрыемстваў, у тым ліку выстава малюнкаў “Наша армія”, спартландыя “Намі можа Радзіма ганарыцца” і інш. Асабліва запомнілася рабятам паездка ў г.Кіраўск, дзе нам пашчасціла наведаць з экскурсіяй раённыя аддзелы па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў.
Супрацоўнікі РАНС пазнаёмілі рабят з распарадкам нясення службы, паказалі аўтамайстэрню і пакоі для правядзення заняткаў, новае пажарнае абсталяванне, расказалі аб рабоце цэнтра аператыўнага кіравання, куды паступаюць усе паведамленні аб надзвычайных сітуацыях у раёне, прадэманстравалі, як за 15 секунд пераапранаюцца ў спецвопратку для тушэння пажару. Рабяты атрымалі ўнікальную магчымасць прымерыць пажарную амуніцыю, пасядзець у спецыялізаваным аўтамабілі, уявіць сябе на нейкі момант у ролі агняборцаў.
Гасцінна сустрэлі нас і ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Супрацоўнік РАУС Яўген Пацэвіч расказаў аб міліцэйскіх буднях, а начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Андрэй Літвінка пазнаёміў з аператыўнай крымінальнай зводкай, асаблівую ўвагу засяродзіўшы на падлеткавай злачыннасці і яе прафілактыцы. З вялікай цікаўнасцю хлопчыкі разглядалі сапраўдную баявую зброю, прымяралі міліцэйскую форму.
Гэтае знаёмства з прафесіямі агняборцаў і ахоўнікаў правапарадку многаму навучыла нашых рабят, дапамагло больш глыбока зразумець сутнасць звязанай з рызыкай работы, а многім, пэўна, і вызначыцца з будучым дарослым заняткам.
Марыя БЯЛЯЎСКАЯ,
лідар піянерскай
дружыны “Данка”
Шалаёўскага НПКДССШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.