«Моладзь выбірае здароўе»

Рэспубліканская акцыя пад такой назвай пройдзе ў Беларусі з 7 па 14 красавіка. На Кіраўшчыне яе ўрачыстае адкрыццё, прымеркаванае да Сусветнага дня здароўя, адбудзецца заўтра на спартыўных пляцоўках Жыліцкага сельгаскаледжа. Там пройдзе асабіста-каманднае першынство раёна па настольным тэнісе ў залік праграмы круглагадовай спартакіяды калектываў фізкультуры. Тэматычную праграму з раздачай інфармацыйных матэрыялаў па прафілактыцы найбольш распаўсюджаных захворванняў рыхтуюць актывісты раённай арганізацыі ГА “БРСМ” і іншых зацікаўленых структур, службаў і аб’яднанняў.
Спектр тэматычных мерапрыемстваў падрыхтаваў аддзел культуры райвыканкама. Сёння ў РДК з 18.00 гадзін распачнецца дыскатэчная праграма “Здароўе важней за ўсё” з віктарынай “Спорт і здароўе — адзіныя”. Заўтра на базе цэнтральнай бібліятэкі з 11.00 гадзін будзе дзейнічаць выстава-дыялог “Здароўе — жыцця ключы”. У РДК і ва ўсіх сельскіх клубах і дамах культуры раёна пройдуць тэматычныя дыскатэкі.
Да Сусветнага дня здароўя прымеркаваны раённыя спаборніцтвы па валейболе сярод жыхароў сельскіх населеных пунктаў і аграгарадкоў, якія адбудуцца 8 красавіка на базе ліцэя №15 і СШ №1. 21 красавіка на спартыўнай пляцоўцы СШ №1 пройдуць раённыя спаборніцтвы па настольным тэнісе “Белыя маланкі” сярод юнакоў і дзяўчат 1998 — 2000 г.н., а 28 красавіка — раённыя спаборніцтвы па валейболе “Мяч над сеткай” сярод юнакоў і дзяўчат 1996 — 1999 г.н.
Мерапрыемствы да тыдня здароўя наладжваюцца ва ўсіх установах адукацыі раёна, адкрыюцца яны тэматычным інфармацыйным урокам “Тваё здароўе — у тваіх руках”, будуць накіраваны на прафілактыку залежных паводзін дзяцей і навучэнцкай моладзі, фарміраванне такога стылю паводзін, які б садзейнічаў захаванню і ўмацаванню ўласнага здароўя, прапаганду здаровага ладу жыцця. Плануецца наладзіць разнастайныя інфармацыйна-асветніцкія, культурныя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы. А Дзень здароўя 10 красавіка мяркуецца правесці пад дэвізам “Хочаш жыць прыгожа — адмоўся ад алкаголю і піва!”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.