На ўзбраенні ў земляробаў — і вопыт, і тэхніка, і інтэрнэт!

Як толькі вясна адор
вае спрыяльным надвор’ем, земляробы рушаць у поле — спраў, вядома ж, хапае. Не ся-дзяць на месцы і журна-лісты “раёнкі”: у мінулую сераду, якая парадавала жыхароў Кіраўшчыны сухім сонечным над- вор’ем, мы пабывалі на сельскагаспадарчых палетках РУП “Жылічы”.
Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Уладзімір Дарафей сустрэў нас ля канторы і адразу ж накіраваліся ў поле — зараз там асноўны фронт работ.
Да веснавых палявых работ жылічане прыступілі як толькі з палеткаў сышоў снег і “выспела” глеба. Першым у поле з культыватарам выехаў Віктар Рудзько — закрываў вільгаць. З дыскатарам да яго далучыўся Аляксей Грышчанка. У падрыхтаваную глебу пачалі ўнасіць мінеральныя ўгнаенні. На гэтых работах задзейнічаны Іван Панталонаў і Дзяніс Кардзянкоў.
— 12 красавіка мы прыступілі да сяўбы піваварнага ячменю, — гаворыць Уладзімір Дарафей. — У мінулым годзе веснавая сяўба распачалася ў нашай гаспадарцы толькі на два дні раней — 10 красавіка. Аднак леташняя вясна адрознівалася ўстойліва сухім надвор’ем, што спрыяла палявым работам. Сёлета з надвор’ем крыху складаней, таму стараемся максімальна поўна выкарыстоўваць кожную спрыяльную пагодную хвілінку. Аднак аптымізму не губляем! Механізатары у нас — вопытныя, адказныя, цярплівыя, добрасумленна ставяцца да выканання сваёй справы, таму ўсё ў нас атрымаецца.
Наша сельгаспрадпрыемства па выніках штогадовага спаборніцтва працаўнікоў раёна ў мінулы год стала пераможцам у намінацыі “За павелічэнне вытворчасці збожжа”, і ў гэтым годзе не збіраемся губляць лідарскія пазіцыі.
Неўзабаве праз вакно аграномаўскай “Нівы”, якая імчалася па вясковых дарогах, акружаных зелянеючымі палеткамі ўзышоўшых азімых, запрыкмецілі “Атлес”. Трактар шпарка бегаў па полі, а за прычэпленай да яго сеялкай “Рабэ” ляцела стая чаек: птушкі, лямантуючы і пералятаючы з месца на месца, адшуквалі ў свежаўзаранай глебе, чым бы падмацавацца.
— Гэта адзін з нашых лепшых механізатараў — Раман Канавалаў шчыруе, — гаворыць аграном. — Ён адзін заняты на сяўбе збожжавых, пры спрыяльным надвор’і за дзень засявае звыш 40 гектараў. Па становішчу на ўчарашні дзень Раман Пятровіч засеяў ужо 151 га ячмянём, 100 га з іх —піваварным. А работы ў яго яшчэ шмат: сёлета запланавана засеяць 310 га ячмянём, 40 га — аўсом, 125 га — зернебабовымі.
Акрамя таго, у чарзе палявых работ — сяўба кукурузы (500 га), цукровых буракоў (70 га), бульбы (50 га). Зараз атрад з ліку механізатараў Аляксандра Храмянкова, Уладзіміра і Валерыя Бычковых рыхтуюць глебу пад сяўбу гэтых культур, уносяць арганічныя ўгнаенні. Дапамагае ім у гэтай справе Генадзь Грышчанка з Жыліцкага сельгаскаледжа — навучальная ўстанова таксама не ў баку ад веснавой палявой кампаніі.
На ўзбраенні ў земляробаў не толькі вопыт і сучасная тэхніка, але і інтэрнэт: кожная працоўная раніца галоўнага агранома РУП “Жылічы” Уладзіміра Дарафея пачынаецца з прагляду ў сусветнай “павуціне” прагнозу надвор’я.
Вяскоўцы спадзяюцца, што хутка вясна парадуе сонечным надвор’ем, і справы пойдуць хутчэй, нездарма ж, па свежа-ўзараных палетках пачалі разважліва праходжвацца прыляцеўшыя з цёплых краёў буслы.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма Мікешына.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.