НЕ будзьце бяздумнымі!

Вільготнае і дажджлівае надвор’е, бывае, дорыць сонечныя дні, і, скарыстаўшыся гэтым, многія працягваюць наводзіць парадак на падвор’ях, прысядзібных участках. І зноў забываюцца на ўсе меры перасцярогі: запальваецца касцёр, гарыць смецце з агародаў, а разам з ім — сухая трава… Тут і да бяды недалёка. На Магілёўшчыне сёлета адбыліся ўжо пажары ў выніку веснавых палаў травы ў Глускім і Бялыніцкім раёнах. А ўвогуле па рэспубліцы лічбы больш чым насцярожваючыя: толькі за сакавік зафіксавана 1335 узгаранняў у экасістэмах, загінулі 7 чалавек.
Вядома, што многія, скарыстаўшыся цёплымі дзянькамі, накіроўваюцца ў лес “на шашлыкі”. І тут, бывае, запалены касцёр застаецца без кантролю або, адпачыўшы, людзі пакідаюць вогнішчы незатушанымі.
Для мінімізацыі несанкцыяніраванага выпальвання сухой расліннасці, траў на карню, а таксама сцярні пажніўных участкаў на палях абласным упраўленнем МНС сумесна з інпекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету, лясніцтвамі, міліцыяй і іншымі службамі падрыхтаваны распараджэнні, згодна якіх парушальнікі будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта падкрэсліў начальнік упраўлення Андрэй Пражогін, праводзячы прэс-канферэнцыю для журналістаў рэгіянальных СМІ. “Кантроль дапаможа не толькі выратаваць навакольнае асяроддзе, але і папярэдзіць гібель людзей”, — адзначыў ён.
Да парушальнікаў прымяняюцца сур’ёзныя меры. Нагадаем, што выпальванне сухой расліннасці або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў цягне накладанне штрафаў у памеры да 40 базавых велічынь, развядзенне кастроў у лясах — да 25 б.в.
У мінулым годзе выратавальнікі рэгіёна 650 разоў выязджалі на тушэнне палаў, прыцягнулі да адказнасці 173 чалавекі, у тым ліку — двух кіраўнікоў арганізацый вобласці.
Часам заўвагі і папярэджванні застаюцца без належнай увагі, а вось пакаранне рублём (а сумы штрафаў пасля павелічэння базавай велічыні да 100 тысяч рублёў — вельмі значныя) прымусіць задумацца і зразумець: лепш рабіць па законе і, па-першае, не падвяргаць небяспецы сябе і іншых, па-другое, з’эканоміць уласныя грошы.
Набліжаюцца выхадныя дні, Радуніца, і, займаючыся сануборкай у двары, на агародзе, выязджаючы “на прыроду”, варта памятаць аб усім сказаным вышэй.
18 красавіка гэтага года ў Магілёўскі гарадскі аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб узгаранні травы ў прыватным падвор’і домаўладання па вул. Куцепава абласнога цэнтра.
Прыбыўшым падраздзяленнем МНС пры тушэнні агню на плошчы 150 кв.м быў знойдзены труп гаспадара дома з апёкамі рознай ступені цяжкасці. Брыгада хуткай медыцынскай дапамогі канстатавала смерць пацярпеўшага, адзінокага пенсіянера 1935 года нараджэння. Мяркуемая прычына няшчаснага выпадку — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры выпальванні сухой травы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.