Пад знакам бяды

26 красавіка 1986 года стала чорнай датай для мільёнаў людзей і соцень тысяч сем’яў, якія адчулі на сабе ўсе цяжкасці выбуху на Чарнобыльскай АЭС.
Дзень чарнобыльскай трагедыі — гэта дзень памяці тых, хто, не шкадуючы свайго здароўя і жыцця, самааддана змагаўся з агнём ад выбуху, спрабуючы такой цаной змякчыць вынікі гэтай трагедыі. Гэты дзень — даніна памяці тым, хто быў вымушаны пакінуць родныя мясціны з-за забруджанасці радыёнуклідамі, стаць перасяленцам, назаўсёды захаваўшы ў душы памяць аб мілых сэрцу мясцінах над Прыпяццю.
Дзень чарнобыльскай трагедыі павінен стаць перасцерогай чалавецтву ад падобных трагедый. Гэта напамін аб тым, што чалавек павінен быць асцярожным з ядзернымі тэхналогіямі.

Аб тым, што здарылася на Чарнобыльскай АЭС, кіраўчанін Аляксандр Іваніцкі ў тым далёкім 1986 годзе даведаўся, як і многія тады, з газет. На рабоце, а працаваў мужчына ў тагачасным РАПЭМ, бурна абмяркоўвалі гэтую тэму. А ўжо 30 красавіка ад кіраўніка арганізацыі М.Ц.Храмо-віча паступіў загад: арганізаваць выезд брыгады з ліку работнікаў РАПЭМ у 30-кіламетровую зону адсялення для правядзення работ па ўладкаванні водаправодных сетак.
Першай на аб’ект выехала брыгада слесараў-сантэхнікаў на чале з С.Р.Тылінскім, у яе састаў таксама ўваходзілі зваршчыкі Г.С.Іваноў і В.С.Фамін. Перад рабочымі стаяла задача пра-класці 4 км новага вода-правода. Частка мясцовага насельніцтва, у першую чаргу — дзеці, на той момант была адселена, заставаліся працаздольныя ды пенсіянеры. А з пітной вадой — праблема, бо ваду ў калодзежах апрацавалі вялікай колькасцю ёду і ўжываць яе практычна было немагчыма. А надвор’е, успамінае Аляксандр Дзмітрыевіч, той вясной стаяла не проста цёплае, а спякотнае. Напіткаў, каб наталіць смагу, у продажы не хапала, бо ўсё, што знаходзілася ў гандлі на момант аварыі, утылізавалі.
Працаваць даводзілася шмат і цяжка. Але людзі, усведамляючы ўсю складанасць сітуацыі і ўскла-дзеную на іх адказнасць, працавалі па-ўдарнаму. Пасля кожнай рабочай змены члены брыгады ды і ўсе працуючыя праходзілі абавязковую сан-апрацоўку, мыліся.
Работы вяліся вахтавым метадам па 15 дзён. На змену першай брыгадзе ад РАПЭМ заступіла наступная: Л.П.Герасімовіч, В.Р.Дрозд (на жаль, іх няма ўжо ў жывых), Л.Р.Тылінскі. М.А. Слесараў. Іх вахта ў чарнобыльскай зоне таксама працягвалася 15 дзён.
Кіраўскім ліквідатарам штодня даводзілася назіраць сумную карціну поўнай утылізацыі колісь працвітаючага рэгіёна. Бульдозеры зруйноўвалі цэлыя паселішчы: жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы. Пылішча стаяла неймаверная. Тэхнікі ў зоне адсялення працавала незлічоная колькасць: дапамогу ў ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС прадаставілі ўсе вобласці і раёны рэспублікі. Кіраўчане працавалі на пракладцы водаправода ў в.Бабчын Хойніцкага раёна.
Па заканчэнні работ брыгада была перакінута ў Краснапольскі раён. Задача стаяла ранейшая: пракладка водаправода, устаноўка водаразборных калонак. У населеных пунктах Краснаполля таксама вяліся маштабныя работы па пахаванні збудаванняў і расліннасці ў месцах, асабліва пацярпеўшых ад вынікаў чарнобыльскай аварыі. Тая жудасная карціна і сёння захоўваецца ў памяці А.Д. Іваніцкага, які, як прараб, кіраваў праводзімымі брыгадай работамі на працягу ўсяго 1986 года.
Аляксандра Дзмітрыевіча Іваніцкага, яго брыгаду добра ведаюць на Кіраўшчыне. Яны вядуць усе пуска-наладачныя работы на новабудоўлях: ацяпленне, водаправод, газаправод. І працуюць гэтыя людзі добрасумленна, з вялікай адказнасцю, за што карыстаюцца заслужанымі павагай і аўтарытэтам. Зараз брыгада працуе ў саставе СПМК №130 г. Магілёва. У Кіраўску яна вядзе работы на такіх значных для нашага райцэнтра аб’ектах, як 60-кватэрны жылы дом па вул.Савецкай, гарадская лазня.
А.Д.Іваніцкі — чалавек няўрымслівага характару, сумленны, адказны, вопытны кіраўнік, патрабавальны да сябе і сваіх падначаленых. А яшчэ вельмі сціплы. І ў брыгадзе падабраліся такія ж працаўнікі. Таму і работа ў іх ладзіцца, а ад заказчыкаў гучаць толькі словы падзякі.
Людміла ЛУКАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.