Пагоны — не перашкода жаноцкасці!

Тытул “Лэдзі Абаяльнасць” заваявала оперупаўнаважаны крымінальнай міліцыі райаддзела ўнутраных спраў Яўгенія Варапай у конкурснай шоў-праграме “Лэдзі ў пагонах-2012”, якая адбылася напрыканцы сакавіка ў абласным Палацы культуры.
Конкурс быў наладжаны ўпраўленнем органаў унутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама ўпершыню. Паспрачацца за лідарства прыехалі дзевяць прадстаўніц падраздзяленняў органаў унутраных спраў і воінскіх часцей МУС. Старшы лейтэнант міліцыі Яўгенія Варапай здолела пераканаць высокае журы конкурсу на чале з намеснікам начальніка УУС аблвыканкама палкоўнікам міліцыі Юрыем Грышанавым, што пагоны і па-мужчынску суровая служба ніколькі не перашкаджаюць ёй заставацца грацыёзнай, элегантнай і абаяльнай.
Думка звязаць жыццё са службай у міліцыі ў магіляўчанкі Яўгеніі з’явілася яшчэ падчас вучобы ў Беларускім інстытуце правазнаўства. Гэтае імкненне прывяло да значных асабістых перамог: Жэня — майстар спорту па тайландскаму боксу і кікбоксінгу. На службу ў Кіраўскі райаддзел унутраных спраў старшы лейтэнант Варапай паступіла тры гады таму пасля заканчэння Магілёўскай школы міліцыі.
У чарадзе расследаванняў крымінальных спраў, затрымання хуліганаў і ўціхамірвання сямейных скандалістаў Яўгенія не забылася, што ўсё ж такі яе асноўнае прызначэнне — быць прадстаўніцай цудоўнага полу чалавецтва, а значыць, радаваць акружаючых сваёй прывабнасцю, адорваць бліскучай жаноцкасцю, таму і вырашыла прыняць удзел у конкурсе прыгажосці для жанчын у пагонах.
Для ўдзелу ў шоў-праграме Яўгенія падрыхтавала цікавую візітную картку, увасобіць якую дапамагла група падтрымкі: яе сабачаня Чак, сябры і калегі. Паспяхова прадэманстравала навыкі разборкі-зборкі аўтамата Калашнікава, а таксама кулінарнае майстэрства: прадставіла на густ журы страву “Лэдзі Фарэль са світай”. У саставе сапраўднага цыганскага табару завяла публіку тэмпераментна выкананым танцам. Прадэфіліравала ў касцюме ад ЗАТ “Вяснянка”, а ў сукенцы, прадастаўленай вясельным салонам “Губернскі”, разам з астатнімі канкурсанткамі кружылася ў вальсе.
Яўгенія Варапай дзеліцца з чытачамі “раёнкі” ўражаннямі аб конкурсе:
— Вядома ж, мне вельмі спадабалася ўдзельнічаць у гэтай шоў-праграме. Яна праводзілася ўпершыню на Магілёўшчыне, таму, спадзяюся, у мяне ёсць шанц прадставіць наш райаддзел на наступных конкурсах і ўсё ж заваяваць тытул “Лэдзі ў пагонах”. Буду для гэтага шмат працаваць над сабой, добра рыхтавацца.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.