Смецце — асобна, шкло — асобна!

Другасная сыравіна — важкі эканамічны рэзерв, які дазваляе забяспечваць патрэбы вытворчасці ў больш таннай сыравіне, а яе збор і перапрацоўка — эфектыўна вырашаць пытанні захавання экалагічнай раўнавагі. Як вядома, найлепшы спосаб утылізацыі адслужыўшых сваё рэчаў, напрыклад, шкляных бутэлек і слоікаў, — магчымасць даць ім другое жыццё пасля перапрацоўкі.
У мэтах зніжэння экалагічнай нагрузкі на прыроднае асяроддзе і павышэння ўзроўню ўцягнення ў гаспадарчы абарот другаснай сыравіны УКП “Жылкамгас” арганізаваны раздзельны збор бытавых адходаў: на ўсіх кантэйнерных пляцоўках горада паблізу шматпавярховых дамоў устаноўлены кантэйнеры з адпаведнай маркіроўкай: макулатура, цвёрдыя бытавыя адходы, пластмаса, шклабой. Апошнія з’явіліся адносна нядаўна і, як бачна на ніжнім здымку, пакуль ігнаруюцца насельніцтвам, бо па-ранейшаму даверху запаўняюцца змешанымі цвёрдымі бытавымі адходамі. Між тым падобнае недапушчальна. Шклабой сам па сабе ўяўляе каштоўную другасную сыравіну. Бітае шкло і нестандартная тара трапляюць на шклазаводы, дзе з іх робяць гранулят — неабходны кампанент пры выплаўцы шкла. У сумесі ж з іншымі адходамі шклабой становіцца небяспечным для экалогіі забруджваючым элементам, бо шкло, як вядома, у адрозненні ад смецця арганічнага паходжання, і праз стагоддзі не разлагаецца. У еўрапейскіх краінах, Германіі, напрыклад, наогул практыкуецца раздзельны збор адходаў шкла насельніцтвам: белае — асобна, каляровае — асобна. Нам да такога далёка, бо трэба спачатку навучыцца элементарнай культуры і адказнаму стаўленню да навакольнага асяроддзя. А гэта, між тым, так проста: на кожным з кантэйнераў для адходаў ёсць надпіс: дык не палянуйцеся, яшчэ дома адсартыруйце бытавыя адходы і выкіньце асобна шкло, паперу, пластмасу. Просты крок — рэальныя выгоды для ўсіх!
Гэта цікава. Летам бягучага года ў Мінску мяркуецца ўвесці ў строй дзеючых завод па сартыроўцы шклабою магутнасцю 120 т. Гэта першае прадпрыемства такога роду ў Беларусі. Яго тэхналагічны працэс прадугледжвае раздзяленне шклабою па фракцыях і колеру. Увод завода ў эксплуатацыю дазволіць значна павялічыць збор сыравіны ад вытворцаў шкла, выключыць імпарт шклабою, закупаемага шклазаводамі Беларусі для вытворчасці прадукцыі.
Па дадзеных Дзяржаўнага мытнага камітэта, толькі за паўгоддзе мінулага года Беларусь імпарціравала 11,1 тысячу тон шклабою на суму 1,16 млн.долараў.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.