У коле веснавых клопатаў

У СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага — найбольш буйнога сельгаспрадпрыемства раёна — і пасяўныя плошчы адпаведныя. Толькі з ранніх яравых пасеяць трэба 860 га ячменю, 100 га пшаніцы,100 га аўсу, 200 га зернебабовых.
— Зараз, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Жы-лінскі, — у «Рассвеце» вядзецца цэлы комплекс веснавых палявых работ, якія ўключаюць закрыццё вільгаці — працуюць два дыскатары і два культыватары КПС-6, унясенне мінеральных угнаенняў і арганікі (задзейнічана 4 пагрузчыкі і 4 ПРТ-7), падкормку азімых культур. Потым у дзеянне ўступяць чызелі, АКШ, іншая неабходная сельскагаспадарчая тэхніка. Старанна працуюць: на пагрузцы арганікі — Сяргей Свірко, на ўнясенні мінеральных угнаенняў — Юрый Бяляўскі, арганічных — Мікалай Бяляўскі.
Потым зоймемся сяўбой агароднінных культур: пад іх адведзена 117 га: 27 — капусты, 40 — цыбулі, 20 — морквы, 30 — сталовых буракоў (што на ўзроўні мінулага года), пасадкай бульбы і самай галоўнай на бягучы год для нас культуры — кукурузы. Пад яе адведзена ажно 3 тысячы гектараў. У тым ліку зялёная маса з 700 га будзе выкарыстанна для “харчавання” біягазавай устаноўкі: для яе патрэб неабходна паставіць 35 тысяч тон кукурузнага сіласу. Наша задача — вырасціць добры ўраджай. І для гэтага і агранамічная служба, і механізатары прыкладуць максімум намаганняў.
Сёлета будзем аднаўляць вытворчасць цукровых буракоў, якія зоймуць плошчу 100 га.
На мінулым тыдні ў гаспадарцы распачалі сяўбу яравых збожжавых культур. Марудзіць рассветаўцам, нягледзячы на істотную тэхнічную аснашчанасць, высокую кваліфікацыю механізатарскіх кадраў, моцную агранамічную службу, нельга: аб’ёмы работ — значныя, ды і тэрміны прыспешваюць. На пасяўных работах заняты “Джон-Дзір” з сеялкай “Амазонія” (па меры паспявання глебы пазней да яе далучыцца другая такая ж). Механізатары працуюць у дзве змены: такім чынам тэхніка не прастойвае ні хвіліны, поўнасцю выкарыстоўваючы свой тэхнічны рэсурс.
Работы, як адзначыў Аляксандр Жылінскі, мяркуецца правесці на працягу 10 дзён.
У мінулую пятніцу мы пабывалі на вытворчым участку «Стаўпішчы», дзе на полі ў 74 га вялася сяўба яравога ячменю.
“Глеба належным чынам падрыхтавана і запраўлена, — адзначыла ў размове кіраўнік вытворчага ўчастка Галіна Хмуровіч, — на дадзеным полі сеем элітны ячмень гатунку “якуб”. Паралельна вядзем падрыхтоўку глебы на полі за в.Падрэчча. Там на 390 га размесціцца таксама ячмень.
— “Складанасць дадзенага ўчастка, — уключаецца ў размову Аляксандр Жылінскі, — у яго канфігурацыі. На такой магутнай тэхніцы, як “Джон-Дзір” у агрэгаце з шыроказахопнай сеялкай “Амазонія” тут няпроста манеўрыраваць, захоўваючы пры гэтым належную якасць сяўбы. Па сілах гэта такім вопытным і адказным механізатарам, як Дзмітрый Кахновіч.
Тым часам “Джон-Дзір” зрабіў чарговы круг і наблізіўся да чакаўшых яго на ўскрайку поля зернезагрузчыкаў, а мы атрымалі магчымасць зрабіць фотаздымак механізатара, пацікавіцца ягоным працоўным настроем. “Выдатны настрой! — з усмешкай адказаў Дзмітрый Кахновіч. — Гэта мой шосты пасяўны сезон. Навыкі і вопыт ёсць, ды і з напарнікам пашчасціла: Юрый Комар — механізатар вопытны, надзейны таварыш. Сёлета працуем, як і раней, пазменна: я — удзень, ён — уноч, потым мяняемся”.
На тое, каб засеяць участак у Стаўпішчах, спатрэбілася менш сутак. У пятніцу, пасля заканчэння сяўбы на гэтым полі, тэхніка была перакінута на іншы ўчастак.
Значны і адказны ўчастак работ — сад. У СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага размясціўся ён разам з ягаднікамі на плошчы ў 300 га. На апошніх з іх у гэтыя веснавыя дні кіпіць работа: вядзецца пасадка маладых пладовых дрэў. Працуе тут садаводчая брыгада, якая складаецца з 13 чалавек, а дапамагаюць ім валосавіцкія паляводы. Працуе ў садзе ў асноўным моладзь. Як адзначыла начальнік вытворчага ўчастка «Сад» Алена Юркавец, такі калектыў стварылі адносна нядаўна, мэтанакіравана падбіраючы менавіта моладзь, бо работа ў садзе — якраз для яе. І па фізічнай нагрузцы, бо клопатаў хапае круглы год, і па духоўным змесце — сад атаясамліваецца з ростам, цвіценнем, развіццём — усім тым, што ўласціва маладым людзям.
Дастаткова ў садзе ручной працы, эфектыўна выкарыстоўваецца тут і сучасная тэхніка. Напрыклад, машына для перасадкі дрэў, якая задзейнічана на работах па ўшчыльненні пладаносячага сада, дарэчы, адна з чатырох у Беларусі. Яна здольная самастойна, падпарадкоўваючыся ўпраўляючаму ёй меха-нізатару, выкопваць без пашкоджання каранявой сістэмы дарослае дрэва і перасаджваць яго ў па-трэбным месцы.
Сад — не толькі упрыгожанне зямлі рассветаўскай, але і істотная крыніца папаўнення грамадскай касы: яблыкі карыстаюцца нязменным попытам на рынку, ідуць у прамысловую перапрацоўку. Таму ў гаспадарцы вядзецца мэтанакіраваная работа па вырошчванні прадукцыйных гатункаў пладовых дрэў па сучасных інтэнсіўных тэхналогіях.
Таццяна МАІСЕЕНКА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.