З працоўным запалам і добрым настроем!

Дружна, зладжана і арганізавана прайшоў у раёне сёлетні рэспубліканскі суботнік. Удзел у ім, разам са школьнікамі, прынялі 7875 чалавек. Зароблена больш за 77 млн.руб., якія будуць пералічаны ў абласны бюджэт і выкарыстаны для падрыхтоўкі дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезону, будаўніцтва музея Вялікай Айчыннай вайны, стварэння яго экспазіцыі.
У сім арганізацыям,прадпрыемствам і ўстановам былі вызначаны дакладныя ўчасткі і аб’ёмы работ. А, улічваючы, што гэта было зроблена загадзя, то да суботніка добрая палова пастаўленых задач была выканана. “Тым не менш, — адзначыў у гутарцы з нашым карэспандэнтам у дзень рэспубліканскага суботніка кіраўнік раёна Уладзімір Піскіжаў, — фронт работ значны. Радуе, што ў адрозненні ад папярэдніх гадоў, сёлета з зімы мы выйшлі з меншымі аб’ёмамі тэрыторый, якія патрабавалі ўборкі. Гэта сведчыць аб тым, што грамадзяне з большай адказнасцю пачалі ставіцца да навакольнага асяроддзя, падтрымання належных санітарных умоў у горадзе і сельскіх населеных пунктах. Таму асноўны накірунак, узяты сёлета — не столькі паслязімовая ўборка смецця, хаця і такой работы ў нас хапае, колькі — азеляненне горада, пасадка дрэў, падрыхтоўка клумб для высадкі кветак.”
Для таго, каб клумбы і кветнікі ўжо ў самы бліжэйшы час парадавалі нас пярэстым цвіценнем, пастараліся і камунальнікі, і вучні гарадскіх і сельскіх школ, якія пад заказ УКП “Жылкамгас” вырасцілі расаду кветак. Гэтая карпатлівая і клапатлівая работа выконвалася школамі не бясплатна: выручаныя ад рэалізацыі расады сродкі будуць накіраваны на рамонт устаноў адукацыі, набыццё вучэбных дапаможнікаў. Дзеці ж, і гэта асабліва падкрэсліў кіраўнік раёна, будуць адчуваць сваё непасрэднае дачыненне да агульнай важнай і карыснай справы — азелянення горада. Падчас суботніка падрыхтоўкай газонаў на вуліцах горада пад высадку кветак займаліся работнікі райсельгасхарчу, раённых структур “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка”, аддзела статыстыкі, ваенкамата, Дзяржстраху, ПМК-255, райспажыўтаварыства, інспекцыі па падатках і зборах, райвыканкама, аддзялення Дэпартамента аховы, аптэкі.
Шырокае кола спраў было ва УКП “Жылкамгас”: пасеў газоннай травы, пабелка дрэў, дэмантаж бетоннага плоту па вул.Гагарына, падрыхтоўка клумб на ўездзе ў горад. Пасадкай дрэў па вул. Гагарына займаліся работнікі ААТ “Кіраўсквадгас”, ДТСААФ і аўтапарка №14, а навучэнцкая моладзь з ліку школьнікаў, гімназістаў і ліцэістаў — уборкай смецця, у тым ліку ў парку “Селішчы”, берагавой паласы Селіцкага возера, ДЮСШ вяла рамонт плоту па вул. Савецкай, супрацоўнікі РАНС сумесна з інспекцыяй па насенняводстве высякалі кустоўе і выграбалі смецце па дарозе да МТФ “Кірава”, ДРБУ-197 — укладвалі асфальтавае па-крыццё на ўездзе да рынку з боку вул. Савецкай.
Значным аб’ектам добраўпарадкавання, развіцця спартыўнай базы райцэнтра, арганізацыі карыснага вольнага адпачынку моладзі з’яўляецца будаўніцтва і ўладкавання дзіцячай пляцоўкі ў цэнтры горада (за магазінам “Мэбля”). “Гэта было задумана летась, — дзеліцца старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. — У мінулым годзе была зроблена асфальтаваная аснова пляцоўкі. Сёлета з надыходам спрыяльнага надвор’я работы працягваліся. Вось і зараз, на суботніку, працуем тут, устанаўліваем агароджу. Пазней будзе нанесена разметка. Яе будзе некалькі відаў, для некалькіх відаў спорту: валейбол, міні-футбол, бадмінтон. А яшчэ мяркуем устанавіць тут два-тры тэнісныя сталы. Зімой жа будзе магчымасць заліваць хакейную каробку: аснаванне пляцоўкі гэта дазваляе”.
Сапраўды, патрэбная і карысная справа: і дзятве будзе дзе вольны час бавіць, і былая пустка набыла прывабны і сучасны выгляд. Застаецца толькі дачакацца выканання жыхарамі суседніх шматкватэрных дамоў, якім належаць размешчаныя побач з пляцоўкай хлеўчукі, выканання заключанай з жыллёва-камунальным аддзелам райвыканкама дамоўленасці аб рамонце і добраўпарадкаванні гэтых гаспадарчых збудаванняў.
У кожным сельвыканкаме былі распрацаваны свае планы па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый, мемарыяльных комплесаў, абеліскаў і брацкіх магіл, якія рэалізоўваліся напярэдадні і падчас суботніка.
Значныя аб’ёмы работ выкананы на водных аб’ектах, у прыватнасці, Чыгірынскім вадасховішчы, дзе на ўборцы прыбярэжнай паласы шчыравалі работнікі аддзела адукацыі, райбальніцы, раёна газазабеспячэння, РЦСАН, Чыгірынскага і Грыбавецкага лясніцтваў. “На жаль, прыходзіцца канстатаваць, — адзначыў у размове Уладзімір Піскіжаў, — што ўзровень свядомасці нашых рыбаловаў-аматараў як кіраўчан, так і прыезджых, якіх нямала, застаецца жадаць лепшага. І ім, і ўсім нам трэба больш ашчадна ставіцца да таго месца, дзе адпачываем, не пакідаць пасля сябе смецця.
Наогул жа гэты суботнік, — працягваў кіраўнік раённай вертыкалі ўлады, — толькі пачатак работы, тых добрых пачынаў, якія былі летась. Ведаю, што большасць насельніцтва раёна падтрымлівае раённы выканаўчы камітэт у плане правядзення мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні нашага цудоўнага раёна. Раённым выканаўчым камітэтам і райсаветам дэпутатаў прынята рашэнне аб тым, каб штомесячна на працягу ўсяго летняга перыяду наладжваўся як мінімум адзін дзень добраахвотнай працы са зборам сродкаў, якія пойдуць на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Таму выказваю вялізную надзею на тое, што кожны грамадзянін як і падчас рэспубліканскага суботніка, сваёй пасільнай працай унясе важкі ўклад і пакіне добрыя ўспаміны аб тым, што і ён пэўным чынам паўдзельнічаў у агульнай справе добраўпарадкавання роднага краю, свайго горада, вёскі, пасёлка. Шчыра зычу ўсім плёну і добрага настрою, каб тыя аб’ёмы добра-ўпарадквання, якія мы запланавалі, былі выкананы”.
Таццяна МАІСЕЕНКА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.