Жывая бібліятэка

Сёлетні год, як вядома, аб’яўлены ў нашай краіне Годам кнігі. А гэта азначае, што менавіта яна — крыніца ведаў, мудрасці і сумлення, ісціны і міласэрнасці, гуманізму і дабрыні — на працягу 2012 года будзе ў зоне асаблівай увагі.
У Год кнігі актывізуецца і такі рух, як букросінг. Яго ідэя нарадзілася ад звычкі пасажыраў падземкі краін Захаду пакідаць на ся-дзенні прачытаныя газеты. Пазней вырашылі, што “на волю” можна адпускаць не толькі газеты, але і кнігі. Так, у 2001 годзе ў ЗША быў наладжаны першы букросінг. Літаральна гэты тэрмін азначае “падарожжа кнігі”. А сэнс такі: чалавек, прачытаўшы кнігу, пакідае (вызваляе) яе ў грамадскім месцы для таго, каб іншы выпадковы чалавек мог гэту кнігу знайсці і прачытаць. Той, жа, у сваю чаргу, павінен гэты працэс паўтарыць.
Бібліятэкі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна прапануюць кожнаму жыхару нашага рэгіёна стаць удзельнікам акцыі ў межах букросінга “Кніга — з рук у рукі” Для гэтага трэба менавіта ў бібліятэкі прыносіць прачытаныя кнігі, каб узяць іншыя. Пры гэтым кнігі ўласнасцю бібліятэк не з’яўляюцца!
За параўнальна невялікі прамежак часу ў акцыі прынялі ўдзел больш 50 чалавек. Новых гаспадароў знайшлі 62 кнігі і часопісы, у тым ліку класіка, фантастыка, дэтэктывы, кнігі па хатняй гаспадарцы, разнастайныя перыядычныя выданні. Галоўная мэта ўдзелу бібліятэк у падобнай акцыі — дапамагчы чытачам адрэдагаваць дамашнія бібліятэкі, абудзіць жаданне іншых прачытаць кнігу, якая вам спадабалася, дапамагчы знайсці патрэбную кнігу чытаючым жыхарам раёна, абмяняцца кнігам адзін з адным.
Кніга, як павелічальнае шкло, збірае, узмацняе чалавечыя думкі, дапамагае ім стаць словамі, перадацца ад аднаго чалавека да другога. Мы прапаноўваем ўсім наведвальнікам бібліятэк стаць удзельнікамі букросінга, правілы якога вельмі простыя: бяры, чытай любую спадабаўшуюся табе кнігу, але не забірай назаўсёды: прачытаў — пакінь іншаму! Букросінг мяняе адносіны людзей да чытання і кніг. Яго сэнс заключаецца ў тым, што кнігі не павінны пыліцца на паліцах, іх галоўнай задача — прыносіць карысць! Іншымі словамі, гэта — жывая бібліятэка.
Наталля ХЛАПКОВА, метадыст
аддзела маркетынгу.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.