Дарогамі баявой славы Кіраўшчыны

8 мая ў рамках маладзёжнай патрыятычнай акцыі “Моладзь — ветэранам” быў дадзены старт аўтамотапрабегу “Па месцах баявой славы Кіраўшчыны”. Аўтамотакалона з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны І.Я.Касалапава, Д.А. Шэндзерава, Г.В.Каранкевіч, В.А. Буслава, вязня фашысцкіх канцлагераў Р.З.Кагана і воіна-інтэрнацыяналіста У.І.Перадні накіравалася па маршруце: Кіраўск — Мышкавічы — Паўлавічы — Добасна — Жылічы.
Раніцай на плошчы імя Кірава пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны патрыятычнай акцыі “Моладзь — ветэранам” і 67-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Яе ўдзельнікаў вітаў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў:
— У чарговы раз мы — дзеці, унукі і праўнукі тых, хто прайшоў праз агонь франтоў, прымаў удзел у партызанскім, падпольным руху, набліжаў дзень вы-звалення, знаходзячыся ў глыбокім тыле, аддаём даніну павагі і памяці беларускаму салдату, які падараваў нам мірнае жыццё. З мэтай захавання вечнай памяці гераічнаму подзвігу, патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення тры гады таму мы распачалі аднаўленне храналогіі баёў вызвалення Кіраўшчыны. Удзельнікі папярэдніх аўта-, вела-, мота-прабегаў ужо прайшлі дарогамі войскаў 1 і 2 Беларускіх франтоў, якія ў чэрвені 1944-га правялі буйную аперацыю супраць Бабруйскай групоўкі ворага. Кіраўская моладзь ушанавала памяць загінуўшых за вызваленне раёна воінаў у населеных пунктах ад Залітобіч да Любоніч.
Акцыя “Моладзь — ветэранам” павінна стаць для нас не толькі ўрокам гісторыі, але і ўрокам мужнасці. Мы павінны ўсведамляць, што толькі ў адзінстве зможам пераадолець любыя цяжкасці.
Нізкім паклонам Уладзімір Піскіжаў падзякаваў прысутным ветэранам за вялікае свята, мірнае неба над галавой, нашу свабоду і шчасце.
Дзяўчынкі паднеслі дзядулям і бабулям, чые пінжакі ўпрыгожвалі бліскучыя медалі, майскія кветкі.
— Раўненне на ветэранаў! — пад камандаванне ваеннага камісара раёна Сяргея Паддубнага па галоўнай вуліцы райцэнтра піянерскім маршам з запальнымі рачоўкамі і песнямі ваенных гадоў прайшліся вучні школ раёна.
А пасля ветэраны і моладзь святочнай аўтамотакалонай, якую ўзначальвалі свабодныя байкеры з Кіраўскага, Клічаўскага і Бабруйскага раёнаў, рушылі ў падарожжа.
Сёлета маршрут аўтамота-прабегу праходзіў па месцах баявых дзеянняў 108-й стралковай дывізіі і 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі ў чэрвені 1944-га.
Мышкавічы
Першым пунктам прыпынку ў а/г Мышкавічы стала брацкая магіла, дзе пахаваны 26 савецкіх воінаў. Кветкі, мінута маўчання, агульны фотаздымак на памяць, які адлюстраваў твары тых, хто дачакаўся Перамогі…
— Вялікі дзякуй дарагім ветэранам за тое, што яны мужна змагаліся за нашу свабоду, — адзначыў свабодны байкер Юрый Аднарожанка. — Для нас вялікі гонар прымаць удзел у гэтай акцыі.
Затым удзельнікі атамота-прабегу прынялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу, які прайшоў у мясцовым СДК.
…Дзяўчаты ў пярэстых сукенках кружацца ў танцы з кавалерамі пад мелодыю ў выкананні духавога аркестра “Фанфары Кіраўска”. Лета, чэрвень, выпускны баль… І раптам… Вайна! Не ўсім давялося вярнуцца дадому… З гэтай інсцэніроўкі, якую ўвасобілі ўдзельнікі харэаграфічнага гурта “Вера”, пачалася святочная праграма. З віншавальнай прамовай да прысутных звярнуўся старшыня СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Багель, які адзначыў, што мы не маем права забывацца пра тых, дзякуючы каму зараз атрымліваем асалоду ад жыцця. Выказаў шчырую ўдзячнасць прысутным ветэранам, пажадаў ім моцнага здароўя і бадзёрасці духу.
Ад імя ўдзельнікаў святочнага аўтамотапрабегу слова трымаў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Гіраеўскі:
— Патрыятычная акцыя “Моладзь — ветэранам” праходзіць пад эгідай грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “БРСМ”. Гэты аўтамотапрабег — даніна памяці подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў. Гэта — наша гісторыя, якую мы, моладзь, павінны ведаць і шанаваць.
Паўлавічы
Ля брацкай магілы, дзе знайшлі вечны спакой 20 савецкіх салдат-вызваліцеляў, удзельнікаў аўтамотапрабегу чакалі святочна апранутыя вучні Паўлавіцкай СШ з кветкамі ў руках, настаўнікі, вяскоўцы. У сваёй прамове старшыня Паўлавіцкага сельскага Савета Жанна Камінская адзначыла, што, на вялікі жаль, на сённяшні дзень з іх сельсавета засталіся ўжывых толькі два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — Ілья Васільевіч Павечароўскі і Мікалай Іванавіч Кузняцоў.
Школьнікі прачыталі вершы, а потым папрасілі ганаровых гасцей падзяліцца ўспамінамі аб ваенным юнацтве. Слова трымаў Іван Ягоравіч Касалапаў, які пайшоў на фронт прама з другога курса тэхнікума. Ветэран даў наказ падрастаючаму пакаленню старанна вучыцца, добрасумленна працаваць, з павагай ставіцца адзін да аднаго і любіць сваю Айчыну.
Пакуль ішла размова, ля абеліска на брацкай магіле ня-спынна неслі вахту памяці піянеры XXI стагоддзя. Брацкая магіла знаходзіцца ў двары Паўлавіцкага Свята-Праскееўскага храма і, відаць, невыпадкова: спакой тых, хто ў ёй пахаваны, ахоўваецца малітвамі, якія тут узносяцца…
Добасна
Цёплы прыём удзельнікаў аўтамотапрабегу наладзілі і ў а/г Добасна. Мітынг адбыўся ля брацкай магілы воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні населенага пункта. Старшыня сельскага Савета Галіна Шчур з горыччу адзначыла, што ў Добасне застаўся жывым толькі адзін ветэран Вялікай Айчыннай — Дзмітрый Аляксандравіч Шэн-дзераў.
— Аднак, — працягвала Га-ліна Піліпаўна, — у кожнай вёсачцы, у кожным горадзе застаюцца магілы савецкіх воінаў, помнікі і абеліскі — сведкі ваенных падзей. Няхай нашы дзеці, унукі і праўнукі ніколі не ведаюць вайны, а любяць, ствараюць сем’і і заўсёды шчасліва і радасна сустракаюць квітнеючы пераможны май.
Са словамі глыбокай, шчырай удзячнасці да ветэранаў вайны звярнуўся былы вязень фашысцкіх канцлагераў Мікалай Нікіфаравіч Карнееў.
Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Алена Осіпава і Дзмітрый Гіраеўскі ўсклалі да брацкай магілы вянок, дзеці запалілі лампадкі, метраном даў адлік мінуце маўчання…
Жылічы
У апошнім пункце прыпынку маршруту аўтамотапрабегу — а/г Жылічы таксама адбыўся ўрачыста-жалобны мітынг. Падрыхтавалі яго навучэнцы мясцовых сельгаскаледжа і школы.
Вядома ж, самыя цёплыя словы гучалі ў адрас ветэранаў.
Падчас мітынгу былі ўшанаваны жанчыны, якія чакалі сваіх мужоў, бацькоў, братоў і сыноў з фронта, а таксама воіны-інтэрнацыяналісты, якія зведалі цяжар вайны падчас баявых дзеянняў у Афганістане.
Пад песню “Аист на крыше” ў выкананні школьнікаў да брацкіх магіл былі ўскладзены кветкі і вянкі.
Для ўдзельнікаў аўтамота-прабегу ў сталовай сельгаскаледжа быў наладжаны святочны абед. Успаміны, размовы, уражанні, “100 грамаў франтавых” і, вядома ж, мінута маўчання па загінуўшых…
Свабодны байкер Аляксандр Аніканаў падзяліўся ўражаннямі:
— Другі год запар прымаю ўдзел у святочным аўтамотапрабегу па дарогах вызвалення Кіраўшчыны. Для мяне — гэта магчымасць такім чынам выказаць сваю ўдзячнасць ветэранам, аддаць даніну памяці і павагі іх слаўным подзвігам. Сёлета разам са мной байкеры — Кацярына Пацэвіч, Андрэй Курышка, Віктар Надыкта і іншыя, упэўнены, кожным з іх, як і мной, авалодваюць пачуцці патрыятызму, глыбокага гонару. Спа-дзяюся, гэта справа будзе працягвацца, і ў наступным маі да нас далучацца іншыя байкеры, для якіх цікавыя гісторыя і лёс сваёй Радзімы і яе герояў.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара
і Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.