І гучалі салюты, і блішчалі слёзы на вачах…

Перамога… У пачатку 40-х мінулага стагоддзя гэтае слова дрыготкім агеньчыкам мільгацела ў душах нашых суайчыннікаў, на лёс якіх выпала цяжкае выпрабаванне вайной. Надзея на перамогу не згасала ніколі. Нават, калі вайна пазбаўляла жыцця, знішчала з твару зямлі родныя вёскі і гарады, калечыла, пакідала сіротамі дзяцей, прычыняла жудасныя фізічныя і душэўныя пакуты. Дарогай вайны разам з тысячамі нашых землякоў прайшоў і жыхар вёскі Кострыцкая Слабодка Аляксандр Макаравіч Міхалап.
У сям’ю 14-гадовага хлапчука з Кострыцкай Слабодкі Вялікая Айчынная ўварвалася трагедыямі і стратамі. Бацьку Макара забралі на фронт, на жаль, жывым вярнуцца да родных яму было не суджана. Маці засталася адна з двума сынамі-падлеткамі.
І дагэтуль ў душы Аляксандра Макаравіча жывуць успаміны, размаляваныя чорнымі і шэрымі колерамі: як хаваліся ў лесе, калі на вёску ў чарговы раз з разбоямі і рабаваннямі нападалі немцы, як цярпліва аднавяскоўцы пераносілі здзекванні фашыстаў, як балела душа і бясконца плакала сэрца, калі загінула маці. Адбылося гэта ў 1942-м. Большасць мужчын вёскі, каго не забралі на фронт, пайшлі ў партызанскія атрады. У адместку фашысты ўчынялі карацельныя аперацыі, пад варожую кулю трапіла і маці Аляксандра Макаравіча. А праз некаторы час у ходзе чарговай карнай акупацыі немцы наогул спалілі Слабодку. Так, герой гэтых радкоў застаўся без бацькі, без маці, без хаты…
Брата Паўла прызвалі на службу ў армію. У 1944-м Аляксандр Макаравіч паступіў на навучанне ў палкавую школу ў горадзе Запарожжа. Пасля яе заканчэння быў накіраваны ў 23-ці запасны стралковы полк. Аднак на фронт не трапіў — вайна завяршылася перамогай савецкага народна над нямецка-фашысцкімі захопнікамі!
Перамога… Пунсовым полымем заззяла яна ў знясіленых душах і сэрцах людзей, азараючы ўсё навокал мірнай светлынёй, надзеяй на будучае. Аляксандр Макаравіч да кожнай дробязі памятае першы Дзень Перамогі. Іх полк дыслацыраваўся ў лесе. 9 мая 1945-га пачулася стральба: гэта быў святочны пераможны салют, адмянілі заняткі, усіх сабралі на ўрачыстае пастаренне, аб’явілі радасную навіну, мінутай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто не дажыў да гэтага шчаслівага дня.
У гэты дзень уваход на тэрыторыю палка быў свабодны. Пары кружыліся ў танцах і спявалі пад мелодыі ў выкананні ваеннага духавога аркестра, гучалі салюты, а на вачах блішчалі слёзы — і радасці, і горачы адначасова.
Праз некалькі дзён пасля перамогі старэйшыя ваеннаслужачыя дэмабілізаваліся, а маладзенькія салдацікі, такія як Аляксандр Макаравіч, засталіся працягваць службу. Да 1951 года, А.М.Міхалап служыў у Запарожжы, на тэрыторыі Румыніі, на Смаленшчыне. Здавалася б, жыццё наладжваецца, але ж сэрца сціскалася ад суму па родным краі, нягледзячы на тое, што ў Кострыцкай Слабодцы ў Аляксандра Макаравіча не засталося нікога. Аднак неяк падчас наведвання роднай вёскі сустрэў тут дзяўчыну-прыгажуню, якая стала яго другой паловай — Ніны Яфімаўну, ажаніўся і вырашыў назаўсёды за-стацца на радзіме. Працаўладкаваўся ў калгас, пабудаваў дом. Вярнуўся ў Кострыцкую Слабодку і яго брат. Нездарма ж народная прыказка гаворыць: дзе нарадзіўся — там і спатрэбіўся.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.
На здымку: Аляксандр Макаравіч Міхалап з праўнукам Святаславам.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.