“І мы жывем. І зноў вясну сустрэлі… Дзень Перамогі — самы лепшы дзень!”

Я ркі сонечны май прынёс чарговую гадавіну Вялікай Перамогі. 67-ы год мы сустракаем мірную вясну, дарагое ўсім свята “са слязамі на вачах”, зноў выказваем шчырыя словы ўдзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ушаноўваем памяць аб загінуўшых…
У жыццясцвярджальнай белай квецені садоў, па-святочнаму ўпрыгожаная Кіраўшчына ўрачыста сустрэла Дзень Перамогі. У цэнтры ўвагі на ўсіх мерапрыемствах былі ветэраны вайны. Ім прысвячаліся самыя шчырыя словы, для іх былі самыя прыгожыя кветкі, а героі-вызваліцелі дзяліліся ўспамінамі аб “саракавых франтавых”, дзякавалі дзяржаве, раённай уладзе, грамадскасці за ўвагу і падтрымку, з радасцю гаварылі аб тым, як папрыгажэў родны Кіраўск…

У райцэнтры святочная раніца 9 Мая, па традыцыі, пачалася ў свяшчэнным для кожнага жыхара раёна месцы — ля брацкай магілы воінаў і партызан па вуліцы імя Гагарына. Сюды на ўрачысты мітынг сабраліся ветэраны вайны, воіны-інтэрнацыяналісты, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, моладзь.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь абвясціў аб адкрыцці мітынгу, прысвечанага 67-годдзю Вялікай Перамогі. Да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Ён адзначыў, што гэтае свята асабліва дарагое для беларускага народа. Стойкасць у пераадоленні нягод, храбрасць і адвага, праяўленыя пры абароне роднай зямлі, мудрасць і працавітасць — усё гэта дапамагло беларусам не проста выжыць, але і перамагчы, упісаўшы слаўныя старонкі ў гісторыю дзяржавы.
Кіраўнік раёна нагадаў асобныя старонкі ваеннага летапісу, звязаныя з Кіраўшчынай, і адзначыў, што імёны герояў ніколі не будуць забыты — дзеля таго, каб жахі вайны больш не паўтарыліся.
У пасляваенныя гады, працягваў Уладзімір Піскіжаў, слаўныя працоўныя традыцыі кіраўчан праславілі наш раён далёка за межамі краіны. Прыемна адзначыць, пад-крэсліў ён, што і навейшая гісторыя папоўнілася шэрагам дастойных працоўных заслуг жыхароў раёна. Кіраўшчына і сёння працягвае ўтрымліваць лідзіруючыя пазіцыі, а па некаторых паказчыках апошнім часам б’е рэкорды.
З паўразбуранага вайной Кіраўск ператварыўся ва ўтульны, добраўпарадкаваны і камфортны для пражывання горад, а раён па праву ў 2011 годзе заняў дастойнае першае месца сярод раёнаў Прыдняпроўскага краю.
Звяртаючыся да ветэранаў вайны, старшыня райвыканкама адзначыў, што ўсе мы і наступныя пакаленні ў неаплатным даўгу перад імі за права жыць на свабоднай зямлі, імя якой — Беларусь. Ад імя райвыканкама і ўсіх кіраўчан кіраўнік раённай вертыкалі ўлады пажадаў ветэранам як мага больш часу заставацца ў страі і яшчэ шмат год сустракаць у коле родных людзей і баявых сяброў заваяванае імі свята Вялікай Перамогі. І выказаў абяцанне зрабіць усё, каб выхаваць дастойных іх нашчадкаў, каб краіна, свабоду і незалежнасць якой адстаялі сённяшнія ветэраны, заўжды была ў надзейных і працавітых руках.
Слова прадастаўляецца ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Р.І. Куцілкіну. У сваёй прамове ён заўважыў, што сёння былыя ўдзельнікі баёў на слаўных баявых і працоўных традыцыях выхоўваюць маладое пакаленне: яны — жаданыя госці ва ўстановах адукацыі і арганізацыях раёна. Рыгор Іванавіч з гонарам канстатаваў: Беларусь адбылася як незалежная і суверэнная дзяржава, а гэта значыць, што будзе жыць, умацоўвацца і квітнець наша краіна, будзе захавана і перадавацца з пакалення ў пакаленне памяць аб гераічным мінулым нашага народа.
Ад імя моладзі слова трымае Крысціна Назарчук, вучаніца гарадской гімназіі. Дзень Перамогі, адзначыла яна, заклікае да самых высокіх маральных учынкаў, дае магчымасць ячшэ раз пакланіцца тым, хто падарыў нам свабоду — свабоду жыць, працаваць, радавацца, ствараць і разумець адзін аднаго.
Галоўным віноўнікам урачыстасцей удзячныя нашчадкі — вучні гімназіі і СШ№1 уручылі кветкі.
Загучала жалобная музыка, дзяўчынкі паставілі запаленыя лампадкі ля брацкай магілы воінаў і партызан. Светлая памяць аб загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны, пакінуўшых жыццё ў пасляваенныя гады нашых дзедаў і бацькоў, а таксама не вярнуўшыхся з Афганскай вайны нашых земляках ушаноўваецца мінутай маўчання. Да брацкай магілы ўскладаюць вянок Уладзімір Піскіжаў і старшыня райсавета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, вянкі і кветкі ўскладаюць члены райвыканкама, ветэраны вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці.
Далей святочная калона на чале з духавым аркестрам “Фанфары Кіраўска” і эскортам аўтамабіляў, у якіх ганаровыя месцы займаюць ветэраны вайны, накіроўваецца па вуліцы Кірава да плошчы горада.
У скверы каля раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі агульную ўвагу прыцягнула фотавыстава-дыярама “Сцяна памяці” з 67-ю фотаздымкамі, адлюстроўваючымі этапы вайны і Перамогі. Такія бясцэнныя для будучых пакаленняў кадры ў жорсткіх умовах вайны “з лейкай і блакнотам” рабілі ваенныя карэспандэнты. І сёння гэта — жывая памяць…
Побач разгарнуўся ваенны гарадок: сіламі працоўных калектываў, культработнікаў у ім былі ўвасоблены сцэны з гадоў ваеннага ліхалецця. Вось трывожная ноч пачатку вайны (СШ №1), далей у штабе над картай распрацоўваецца план чарговай ваенннай аперацыі (ЦДА), вось будні партызанскага атрада (РАПТЗ), побач у медсанбаце бінтуюць і выратоўваюць параненых маладыя медсястрычкі (райбальніца), а на прывале з гармонікам адпачываюць байцы (ліцэй №15), рыхтуецца новы выпуск франтавой газеты (ДРБУ-197, рэдакцыя), ля станка працуюць рабочыя: “Усё для фронту, усё для Перамогі!”(ААТ “Кіраўск-Лён”), палявая кухня частуе гарачай салдацкай кашай (райспажыўтаварыства). Як прызналіся ветэраны вайны, якіх уключылі ў дзеянні, што адбываліся ў ваенным гарадку, іх вельмі ўразілі паказаныя эпізоды. А Г.В.Каранкевіч прызналася, што з вялікім задавальненнем ела салдацкую кашу, успомніўшы, якой жаданай яна была ў тыя цяжкія ваенныя галодныя гады.…
…Гучаць фанфары, уступаюць барабанная дроб, музыка духавога аркестра: на імправізаванай сцэне на плошчы імя Кірава пачынаецца святочны канцэрт. Ён стаў для гледачоў уражлівым, шчымячым душу і сцвярджаючым жыццё адзіным спектаклем, настолькі таленавіта былі ўвасоблены нумары і падабрана іх тэматыка. “Слаўным ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, — перамогшым, падарыўшым свету жыццё і шчасце — прысвячаецца! Пакаленню, уступіўшаму ў жыццё, тым, каму сёння 17, хто не ведае, што такое вайна, — прысвячаецца! Каб памяталі… Каб зразумелі…” — канстатавалі вядучыя святочнай праграмы.
…Гучыць “Рыа-Рыта”, пад яе кружацца ў танцы юнакі і дзяўчаты: выпускны баль 1941-га, ноч на 22 чэрвеня… Раптам вясёлы матыў спыняецца, пары застываюць. Выбухі і стрэлы — вайна! Хлопцы з рэчмяшкамі ідуць на фронт, а іх сяброўкі з сумам і трывогай гля-дзяць ім услед… “На безыменнай вышыні”, “Кацюша”, “Смуглянка”, “Жураўлі” — гэтыя і іншыя любімыя ўсімі песні выклікалі жывыя эмоцыі ў гледачоў.
У святочную канцэртную праграму самадзейныя артысты раёна, творчыя калектывы ўклалі ўсё сваё натхненне, талент, творчы запал, і праграма атрымалася вельмі хвалю-ючай, у многіх прысутных на вачах блішчэлі слёзы.
Работнікі культуры, школ мастацтваў, харэаграфічны калектыў “Вера” Мышкавіцкага СДК, прадстаўнікі Жыліцкага сельгаскаледжа і ліцэя №15, школьнікі — усе аб’ядналіся ў шчырым парыве зрабіць дастойны святочны падарунак ветэранам, землякам, гасцям горада.
Слаўную эстафету абаронцаў Айчыны ў мірныя дні працягваюць іх унукі і праўнукі. Прысутныя віталі на свяце прызыўнікоў лета-2012. Раённы ваенны камісар Сяргей Паддубны пажадаў ім з гонарам выканаць свой канстытуцыйны і воінскі абавязак, дастойна прайсці армейскую школу дысцыплінаванасці, мужнасці і адвагі, а потым паспяхова працягваць працоўную дзейнасць у арганізацыях раёна.
Маляўнічым, жыццесцвярджальным быў фінал канцэрта з песняй “Дзень Перамогі”, запоўніўшай плошчу дзятвой з самаробнымі галінкамі яблынь, усыпаных белымі кветкамі.
Далей на стадыёне райцэнтра адблося фізкультурна-спартыўнае свята, аб якім раённая газета раскажа ў наступным нумары.
А надвячоркам кіраўчане і госці горада па склаўшайся за апошнія гады добрай традыцыі сабраліся ў гарадскім парку на вечар адпачынку “У 7 гадзін вечара пасля вайны”. Пераліваліся струмені фантана пад музыку духавога аркестра “Фанфары Кіраўска”, аркестра народных інструментаў Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў, песні салістаў і калектываў з Мышкавіч, Жыліч і інш., якія ўважліва слухалі гледачы, падпявалі, танцавалі, апладзіравалі.
На вечары прысутнічалі прадстаўнікі ваенных дынастый — нашы землякі: ветэран вайны В.А.Буслаў, яго сын Уладзімір, ваенны ў адстаўцы і ўнукі, Н.П.Чмара, суддзя ў адстаўцы, бацька якой П.Ц.Лушчын быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, з унукам Міхаілам. Прагучаў верш Надзеі Піліпаўны, скла-дзены ў гонар бацькі-воіна.
Музычнымі кампазіцыямі, узнёсла завяршылася ў Кіраўску непаўторнае, усенародна любімае свята Вялікай Перамогі.
Наталля ХАДАКОВА,
фота
Максіма МІКЕШЫНА і аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.