Маладыя гаспадары зямлі

Заўтрашні дзень аграпрамысловага комплексу залежыць ад маладых яго працаўнікоў — граматных і ініцыятыўных прафесіяналаў. Развіццё аграрнай сферы патрабуе новых падыходаў і смелых рашэнняў. Аб гэтым ішла нядаўна размова на абласным семінары-нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі маладых кадраў для АПК. Як адзначыў на семінары старшыня аблвыканкама Пётр Руднік, атрымаць дыплом — усяго паўсправы. Трэба, каб выпускнік змог рэалізаваць свае магчымасці і амбіцыі, “прыжыцца” ў гаспадарцы. І тут важна ўсё — як яго сустрэлі, якое прадаставілі жыллё, ці працягнулі руку дапамогі ў складанай жыццёвай сітуацыі.
Шмат у гэтым напрамку робіцца ў СВК “Чырвоны баец”. Гэтую гаспадарку ў нашым раёне і вобласці ведаюць як эканамічна моцную, эфектыўна працуючую. Па выніках работы за мінулы год яе дружны калектыў стаў пераможцам раённага працоўнага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый за лепшыя вынікі вытворча-эканамічнай дзейнасці, а таксама заняў вядучыя пазіцыі яшчэ ў пяці намінацыях.
Паспяхова працуе калектыў сельгаскааператыва і сёлета, робячы стаўку на паляпшэнне якасных паказчыкаў. Важкі ўклад у агульную справу ўносіць моладзь, прыток якой у гаспадарку ў апошнія гады асабліва адчувальны.

— У мінулым годзе, напрыклад, да нас прыбыла пяцёра маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, — адзначае старшыня СВК “Чырвоны баец” Аляксандр Серакоў. — Сённа ў нас практычна на ўсіх ключавых пастах — моладзь: гэта галоўныя аграном, заатэхнік і інжынер, загадчык майстэрняў, двое вет- урачоў, аграном-садавод, інжынер па працаёмістых працэсах, двое эканамістаў, бухгалтар… У хуткім часе чакаем заатэхніка па свінагадоўлі — выпускніка Беларускай сельгасакадэміі. Амаладзіўся і механізатарскі корпус: мясцовыя хлопцы прыходзяць з арміі і ўладкоўваюцца на работу ў гаспадарку. Нямала моладзі і на свінагадоўчым комплексе.
— Аляксандр Уладзіміравіч, прыемна, што ў вашай сельгасарганізацыі давяраюць маладым кадрам, не апасаюцца задзейнічаць іх у рабоце на самых адказных участках.
— А як жа інакш: жыццё імкліва рухаецца наперад, сельскагаспадарчая вытворчасць дынамічна развіваецца, з’яўляюцца новая тэхніка, новыя тэхналогіі, і патрэбны новыя веды, ідэі, якіх мы чакаем ад моладзі. Усё, на наш погляд, карыснае стараемся плённа ўвасабляць на практыцы, аба-піраючыся на назапашаны ў калектыве вопыт і склаўшыеся працоўныя традыцыі. І, думаю, самая каштоўная з іх — гэта ўважлівыя і паважлівыя адносіны да людзей, клопат аб стварэнні належных умоў працы і быту, паляпшэнні іх дабрабыту.
— Таму і моладзі ў вас камфортна. Як дапамагаеце адапціравацца ў калектыве маладым спецыялістам?
— Ёсць такое паняцце, як чалавечыя адносіны, я б нават сказаў бацькоўскія. Гэтага прынцыпу прытрымліваюся заўсёды, прымаючы ў нашу працоўную сям’ю маладога спецыяліста. У мяне самога дзеці ў свой час пасля заканчэння ВНУ пачыналі самастойную працоўную дзейнасць, і я заўсёды думаю, які гэта няпросты перыяд у жыцці маладога чалавека: ён жа трапляе ў зусім новае для яго сацыяльна-вытворчае асяроддзе. Дзяржава аказвае садзеянне выпускніку ў працаўладкаванні, размяркоўваючы яго, а мы сумеснымі намаганнямі дапамагаем раскрыцца яго патэнцыялу, аказваючы маральную і матэрыяльную падтрымку, у першую чаргу, з боку кіраўніцтва. Гэта дае свае станоўчыя вынікі: і моладзь задаволена, і справы ў калектыве ладзяцца.
— Аляксандр Уладзіміравіч, давайце, калі ласка, больш прадметна пагутарым аб немалаважным фактары, які вызначае тое, чаму да вас імкнуцца трапіць маладыя кадры і застаюцца тут працаваць, — гэта створаныя ў гаспадарцы ўмовы працы, быту, жыцця, адпачынку.
— Мы абнавілі свой машынна-трактарны парк, сёння ў нас на ўзбраенні сучасная высокапрадукцыйная тэхніка. Добраўпарадкаваны машынны двор. У мінулым годзе практычна пабудавалі нанова Дваранінавіцкую малочна-таварную ферму. Сучасныя вытворчыя і бытавыя памяшканні, аснашчаныя ўсім неабходным, — на свінагадоўчым комплексе.
Наш калектыўны дагавор уключае сістэму мер, рэалізацыя якіх дазваляе працаўнікам гаспадаркі мець пэўны ўзровень дабрабыту, зразумела, прыкладаючы да гэтага свае намаганні ў выглядзе добрасумленнай працы. У ліку такіх мер — выдзяленне бясплатна збожжа, забеспячэнне бясплатным харчаваннем, пачынаючы з веснавой сяўбы, і завяршаючы апошнім днём работы ў полі восенню, прадастаўленне паслуг па выпасе і ўтрыманні асабістай жывёлы, выдзяленне пры неабходнасці машыны і г.д.
Так званыя “пад’ёмныя” для маладых спецыялістаў у нас складаюць 5 пасадавых акладаў.
Вельмі важна маладому чалавеку мець свой кут, таму пачынаючых спецыялістаў забяспечваем жыллём. Балазе, у аграгарадку Паўлавічы ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адра-джэння і развіцця вёскі пабудавана 38 добраўпарадкаваных дамоў — такому жыллю і гараджанін можа пазайздросціць: плошча — 100 квадратных метраў, падведзены прыродны газ, вада, маюцца іншыя зручнасці. Стараемся стварыць калі не цяплічныя, то, ва ўсялякім выпадку, належныя бытавыя ўмовы для навічка. У аграгарадку ёсць Цэнтр культуры, бібліятэка, дзіцячы садок, сярэдняя школа, кафэ, разнастайныя гандлёвыя і іншыя жыццёва важныя аб’екты.
— А ці поўнасцю задавальняе заработная плата? Ці не імкнуцца некаторыя пасля таго, як адпрацуюць належны па размеркаванні тэрмін, за “доўгім рублём”, напрыклад, у Расію?
— Праблема адтоку кадраў у Расію зараз мае месца ў нашай краіне і раёне: маўляў, за месяц можна тысячу долараў зарабіць. Але і там трэба добра “паўкалваць”, каб зарабіць гэтыя грошы, прычым прафесійна. Да таго ж чалавек месяцамі знаходзіцца ўдалечыні ад радзімы, сям’і, дзяцей, што не вельмі добра. Між іншым, у нашай гаспадарцы ў перыяд сяўбы, жніва, нарыхтоўкі кармоў можна вельмі нядрэнна зарабіць. І мы прадастаўляем такую магчымасць.
Аб многім сведчыць тое, што, калі пад’язджаеш да нашага мехдвара, на стаянцы можаш проста месца не знайсці, каб прыпаркавацца. Паколькі механізатары, спецыялісты купляюць машыны, і не танныя, значыць, у іх ёсць такая магчымасць, і яны могуць дазволіць сабе такую пакупку.
— З нашай з Вамі размовы можна зрабіць вывад, што ўмераная вытворчая нагрузка маладога спецыяліста з пільнай увагай да яго з боку кіраўніцтва дазваляе згладзіць пераход ад чыста “студэнцкіх” норм паводзін да ўсведамлення неабходнасці паўнакроўнай працоўнай дзейнасці?
— У нас выпускнік і ўвогуле любы малады чалавек трапляе ў такую атмасферу, што адчувае сябе паўна-праўным членам каманды, дзейнасць якой накіравана на павышэнне вытворчых паказчыкаў, ад чаго, урэшце рэшт, і залежыць дабрабыт калектыву ў цэлым і кожнага яго працаўніка.
Я нават ганаруся тым, што сёння многія маладыя людзі, іх бацькі звяртаюцца да мяне з нагоды ўладкавання на работу. На розныя пасады… Значыць, наша гаспадарка жыве, і ў яе ёсць будучыня!
Інтэрв’ю ўзяла Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.