19 мая бягучага года ў Мінску адбыўся IV Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, прысвечаны 20-годдзю Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У ім прынялі ўдзел і майстры Магілёўшчыны, у тым ліку наша зямлячка, майстар Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Аліна Якавенка.
Як адзначыла Аліна Станіславаўна, якая, як вядома, працуе загадчыкам мастацкага аддзялення Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў, удзельнікі фестывалю-кірмашу давалі майстар-класы, у ходзе якіх дэманстравалі сваё майстэрства. Былі аформлены творчыя выставы кожнага майстра. Яны ўражвалі сваёй разнастайнасцю: вырабы па саломапляценні, лазапляценні, аплікацыі з саломкі, вышыўка, ткацтва, кераміка, мяккая цацка і іншае. Творчыя работы майстроў былі зроблены на высокім прафесійным узроўні.
Кампетэнтнае журы вызначыла пераможцаў. Аліна Якавенка заваявала Дыплом II ступені і атрымала грашовую ўзнагароду. Цырымонію ўручэння ўзнагарод правёў старшыня журы, кіраўнік Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Я.Сахута.
Віншуем Аліну Станіславаўну з чарговай перамогай, жадаем далейшага плёну ў творчасці!
На фестывалі-кірмашы шчыравалі ад душы!
Пятница, 25.05.2012 12:40. Рубрика: Без рубрики