Па шляхах супрацоўніцтва

У мінулую нядзелю СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага ў рамках праграмы знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь наведала дэлегацыя Міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця сельскай мясцовасці Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам.
Дэлегацыю на чале з Міністрам сельскай гаспадаркі і развіцця сельскай мясцовасці СРВ Као Дык Фатам гасцінна сустрэлі ля адміністрацыйнага будынка СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Багель, яго намеснікі і галоўныя спецыялісты. Ганаровым гасцям быў уручаны хлеб-соль. Затым яны былі запрошаны ў канферэнц-залу, дзе за “круглым сталом” адбылася зацікаўленая, змястоўная гутарка па пытаннях развіцця сельскай гаспадаркі і іншых.
Као Дык Фат акрэсліў мэты афіцыйнага візіту іх дэлегацыі ў нашу краіну: абмеркаванне ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі напрамкаў па актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва, падпісанне Мемарандуму па ветэрынарыі. У рамках візіту таксама — наведванне шэрагу сельгасарганізацый, перапрацоўчых прадпрыемстваў АПК, аб’ектаў аграэкатурызму, вызначэнне напрамкаў перспектыўнага супрацоўніцтва.
Цікава, што Міністр сельскай гаспадаркі і развіцця сельскай мясцовасці СРВ Као Дык Фат і Генеральны дырэктар Дэпартамента планавання Транг Х’ю Дунг у свой час закончылі Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, таму добра валодаюць рускай мовай і, як адзначылі, у межах праграмы знаходжання ў Беларусі былі рады пабываць у гэты дзень у роднай “альма-матэр”, дзе абмеркавалі пытанні расшырэння супрацоўніцтва ў вобласці навучання студэнтаў.
Выказалі госці задаволенасць і сваім прыездам у “Рассвет”. Аляксандр Багель падчас размовы за “круглым сталом” зрабіў экскурс у гісторыю станаўлення гаспадаркі, расказаў аб асноўных напрамках яе сучаснага развіцця і перспектывах. Прадстаўнікам дэлегацыі быў паказаны відэафільм аб “Рассвеце”, кіраўніцтва і спецыялісты сельгаскааператыва адказалі на цікавячыя іх пытанні.
Далей замежная дэлегацыя наведала цяплічны камбінат “Рассвета”, а па дарозе туды агледзела будоўлю біягазавай устаноўкі. Каментарыі па ходу экскурсіі даваў старшыня праўлення гаспадаркі, на цяплічным камбінаце — яго дырэктар Кацярына Шапавалава.
Наступным аб’ектам, дзе пабывалі в’етнамскія госці, быў малочна-таварны комплекс “Кірава”: тут яго загадчыца Любоў Шчэрбіч праінфармавала аб бягучых працоўных паказчыках калектыву, правяла па жывёлагадоўчых памяшканнях, адказала на пытанні членаў дэлегацыі. Яны, у сваю чаргу, засяродзілі ўвагу прысутных на спецыфіцы вядзення галіны жывёлагадоўлі ў В’етнаме.
Былі запрошаны госці і ў санаторый імя К.П.Арлоўскага, дзе з магчымасцямі ўстановы па аздараўленні і лячэнні пазнаёміў яе дырэктар Юрый Маскалёў.
Напрыканцы трохгадзіннага знаходжання на рассветаўскай зямлі кіраўнік замежнай дэлегацыі Као Дык Фат і іншыя яе прадстаўнікі далі станоўчую ад-знаку ўбачанаму, асабліва іх уразіла, як паспяхова выкарыстоўваюцца ў вытворчасці новыя тэхналогіі. Госці выказалі захапленне дружалюбнасцю рассветаўцаў, іх энергіяй у вырашэнні пастаўленых перад імі задач і працавітасцю, пажадалі плёну ў далейшым развіцці гаспадаркі.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.