У памяці назаўсёды

У мінулую пятніцу на Кіраўшчыне адбыліся мерапрыемствы ў рамках міжнароднага праекта “Павышэнне статусу выратаваўшыхся жыхароў спаленых беларускіх вёсак у 1941-1944 гадах нямецка-фашысцкімі захопнікамі”. Удзельнікі, а гэта дэлегацыі з Мінска, Магілёва разам з кіраўчанамі — ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, былымі вязнямі канцлагераў і жыхарамі спаленых вёсак, прадстаўнікамі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, валанцёрамі, моладдзю — наведалі мемарыял “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” ў в.Боркі, а затым у Кіраўскай дзіцячай школе мастацтваў прайшло міжрэгіянальнае мерапрыемства “Сустрэча пакаленняў”.
За сваю шматвекавую гісторыю Беларусь неаднаразова станавілася арэнай жорсткіх войнаў. Кожная з іх несла смерць і разбурэнне, але самай кровапралітнай стала Вялікая Айчынная. Беларуская зямля прыняла ў сябе мільёны людзей, загінуўшых не толькі на полі бітвы, але і бязлітасна знішчаных падчас ажыццяўлення нацыстамі палітыкі генацыду і “выпаленай зямлі”. За тры гады акупацыі фашысты спалілі на Беларусі больш 9200 вёсак, 628 з іх — разам з жыхарамі.
Толькі малой частцы людзей з тых, хто гарэў са сваімі роднымі, са сваёй вёскай, удалося вырвацца з вогненага пекла, выратавацца выжыць. Ня-гледзячы на перанесеныя пакуты, гэтыя людзі раней не разглядаліся як асобная катэгорыя пацярпеўшых ад нацызму, не ўлічваліся пры ажыццяўленні кампенсацыйных выплат і рэалізацыі гуманітарных праграм.
З кастрычніка 2010 года ў Беларусі ажыццяўляецца міжнародны праект “Павышэнне статусу выратаваўшыхся жыхароў спаленых беларускіх вёсак”, які рэалізуецца ў рамках праграмы “Месца сустрэчы — дыялог”. Праграма падтрымкі ініцыіравана і фінансуецца германскім фондам “Памяць, адказнасць і будучыня”. Арганізатарам праграмы ў Беларусі з’яўляецца міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемаразуменне”. Выконвае праект Беларускі фонд міру. Партнёрскай арганізацыяй з’яўляецца Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Актыўны ўдзел прымае ў мерапрыемствах праекта Расійскі фонд садзеяння актуальным гістарычным даследаванням “Гістарычная памяць”.
Асноўная мэта праекта, як адзначыла яго каардынатар Наталля Кірылава, — звярнуць увагу не толькі беларускай, але і сусветнай грамадскасці на выратаваўшыхся жыхароў спаленых вёсак з мэтай прызнання іх трагічнага лёсу, жыццёвага вопыту, прадастаўлення магчымасці актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, а таксама прыцягнення органаў мясцовай улады да аказання дапамогі ў вырашэнні бытавых пытанняў і праблем, узнікаючых у дадзенай катэгорыі грамадзян.
Наталля Кірылава паведаміла, што за час рэалізацыі праекта было выяўлена каля 9 тысяч жыхароў рэспублікі, якія выратаваліся са спаленых фашыстамі вёсак. Значная работа ў гэтым напрамку праведзена Магілёўскім абласным аддзяленнем ГА “Беларускі фонд міру” на чале з яго старшынёй Валянцінай Мельнікавай.
У межах міжнароднага праекта “Павышэнне статусу выратаваўшыхся жыхароў спаленых беларускіх вёсак” наладжваюцца Акцыі Памяці, сустрэчы пакаленняў, канферэнцыі, сустрэчы са сведкамі вогненных ваенных трагедый, экскурсіі па памятных месцах …На аснове выяўленых матэрыялаў падрыхтаваны і выдадзены беларуска-расійскі зборнік дакументаў “Трагедыя беларускіх вёсак: 1941-1944 г.г.”.
Нездарма пачатак чарговаму мерапрыемству праекта быў дадзены ў адным са свяшчэнных месц Прыдняпроўскага краю — вёсцы Боркі нашага раёна, дзе знаходзіцца мемарыял “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці”. Тутэйшая зямля захоўвае памяць аб жудаснай трагедыі: 15 чэрвеня 1942 года фашысцкімі карнікамі было спалена і закатавана 1800 жыхароў Борак і бліжэйшых пасёлкаў…
Нізка схіліць галовы ў гонар памяці жыхароў Борак прыехалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Глаз і Алег Сакадынец.
У прамове перад прысутнымі Анатоль Ціханавіч адзначыў:
— Удзячны лёсу за тое, што прадаставіў мне магчымасць непасрэдным чынам удзельнічаць ва ўзвядзенні гэтага мемарыяльнага комплексу. Удзячны, што істотную дапамогу аказвалі Валерый Іваноў, Анатоль Ісачанка, зараз — Уладзімір Піскіжаў і многія-многія іншыя людзі, неабякавыя да гісторыі сваёй краіны і памяці. Мой бацька змагаўся з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай, ваяваў у пехоце, быў сувязістам, пад Кёнігсбергам атрымаў цяжкае раненне. А наогул 17 родных — з боку бацькі і маці ваявалі, таму з дзяцінства ў нашай сям’і свята шануецца памяць аб трагічным ваенным мінулым, з расказаў бацькі я ведаю пра рэаліі вайны, а былі яны жахлівымі… Таму галоўная задача наша і падрастаючага пакалення — памятаць, якой цаной, якімі намаганнямі была заваявана Вялікая Перамога. І тады моцны фундамент патрыятызму, закладзены нашымі продкамі, дасць беларускаму народу сілы, каб пера-адолець усе цяжкасці, жыць у міры і стабільнасці.
Так супала, што ў гэтыя дні ў гасцях у Анатоля Глаза быў былы віцэ-прэм’ер Урада Расіі, міністр унутраных спраў, а зараз — старшыня Савета вышэйшых ваенаначальнікаў Расійскай Федэрацыі генерал арміі Анатоль Кулікоў. У Беларусь ён завітаў з нагоды юбілею 626-га палка ўнутраных войскаў г.Магілёва, які 35 гадоў таму фарміраваў, і на працягу чатырох з паловай год быў яго камандзірам. Потым Анатоль Сяргеевіч яшчэ 7 год служыў у Мінску. У размове з прысутнымі і мясцовымі жыхарамі генерал адзначыў, што гады службы на беларускай зямлі пакінулі ў яго душы добрую і святую памяць аб Беларусі, нарадзілі трапяткое стаўленне да беларускага народа.
Анатоль Кулікоў падкрэсліў, што для яго — вялікі гонар ад імя расійскага народа вітаць беларусаў у святым месцы — Борках:
— Нізка кланяюся светлай памяці тых, хто быў так жорстка знішчаны на боркаўскай зямлі. Будаваць і даглядаць такія мемарыялы — важна і патрэбна, каб захаваць славянскае адзінства і памяць аб загінуўшых суайчынніках, якія цаной свайго жыцця далі магчымасць жыць нам і нашым дзецям.
Памяць загінуўшых была ўшанавана мінутай маўчання, да мемарыяла, брацкай магілы ўсклалі вянкі і кветкі. У капліцы ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших” свяшчэннік Кіраўскага Свята-Пакроўскага храма Дзіянісій Чарняеў правёў ліцію па загінуўшых.
Далей удзельнікі мерапрыемства і госці накіраваліся ў Кіраўск, дзе ў дзіцячай школе мастацтваў адбылася “Сустрэча пакаленняў”, на якую прыбылі дэлегацыі Бабруйскага, Быхаўскага, Клічаўскага, Асіповіцкага, Магілёўскага раёнаў на чале са старшынямі раённых арганізацый ГА “Беларускі фонд міру”.
Прысутных вітаў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Ён адзначыў важнасць і значнасць дадзенага мерапрыемства.
Мінула амаль сем дзесяцігоддзяў з гадоў ваеннага ліхалецця, заўважыў кіраўнік раёна, а для людзей, якія перажылі жахі вайны, усё ў памяці да дробязей. І сёння, калі не спыняюцца спробы перагледзець гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, вельмі важна, што побач з намі — жывыя сведкі злачынстваў нацызму, неабходна захаваць іх успаміны і для наступных пакаленняў.
Кіраўская зямля і яе жыхары ў гады вайны перанеслі шмат пакут. Усяго тут было знішчана 44 вёскі, спалена жывымі 2135 чалавек, павешана і расстраляна 3397.
У раёне свята шануецца памяць аб загінуўшых, аказваецца падтрымка ветэранам вайны. Сёння, адзначыў Уладзімір Піскіжаў, засталося 89 выратаваўшыхся жыхароў спаленых вёсак, 68 ветэранаў. Кожны год ад нас адыходзяць у памяць тыя гераічныя людзі, якія цаной свайго здароўя спачатку адстаялі нашу свабоду, потым цаной неймаверных намаганняў аднаўлялі разбураную эканоміку. Нашай моладзі сваёй добрасумленнай і стваральнай працай прадстаіць даказаць, што яна — дастойны прадаўжальнік гераічных подзвігаў, якія гэтыя людзі здзейснілі ў імя нас і наступных пакаленняў.
На вялікім экране, устаноўленым на сцэне, — хвалюючыя кадры далёкіх дзён вайны. Трагедыя Хатыні, стаўшай сімвалам пакут, якія прынёс нашаму народу фашызм, а мемарыяльны комплекс на гэтым месцы стаў помнікам усім спаленым вёскам Беларусі, у якім увасобілася ідэя мужнасці і няскоранасці нашага народа, які перанёс на сваіх плячах увесь цяжар вайны і не быў зламаны, выстаяў.
На кінакадрах — успаміны відавочцаў тых жудасных трагедый, меркаванні сучаснікаў.
У музычных і танцавальных кампазіцыях былі ўвасоблены хвалюючыя карціны ваенных падзей, у многіх гледачоў на вачах блішчэлі слёзы…
Сваімі ўспамінамі падзяліўся былы малалетні вязень Рыгор Каган. Яму давялося перажыць жахі фашысцкага гета, страціць бацькоў і родных, а самаму цудам выжыць, у свае няпоўныя адзінаццаць год учыніўшы ўцёкі з-пад стрэлаў акупантаў.
І сімвалічна, што Рыгор Захаравіч больш 26 год адпрацаваў старшынёй калгаса на палітай крывёй зямлі Грыбавецкага сельсавета, куды ўваходзіць вёска Боркі.
Важнасць работы ў рамках праекта “Павышэнне статусу выратаваўшыхся жыхароў спаленых беларускіх вёсак” для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення адзначылі ў сваіх выступленнях старшыня праўлення ГА “Беларускі фонд міру” Аляксандр Пасюкевіч, старшыня Савета Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў Анатоль Любчанка і звярнуліся да маладога пакалення з заклікам быць дастойнымі нашчадкамі ратных і працоўных подзвігаў дзедаў і прадзедаў, любіць сваю Радзіму і мацаваць яе магутнасць. Шчырую ўдзячнасць ветэранам ад імя моладзі выказала вучаніца гарадской гімназіі Крысціна Назарчук.
На завяршэнне праграмы сцэну запоўніла вясёлая дзятва з самаробнымі галінкамі, усыпанымі белымі яблыневымі кветкамі: няхай заўжды будзе мір на нашай зямлі, няхай мацуецца і квітнее наша родная Беларусь!
Наталля ХАДАКОВА, Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота Максіма
МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.