У працы, радасці і горы — заўсёды разам

У гэтыя майскія дні цудоўныя людзі — Фёдар Усцінавіч і Раіса Сяргееўна Русецкія з в.Стража — адзначаюць 65-годдзе свайго сямейнага саюза. Юбілей адметны, і назва ў яго сімвалічная — жалезнае вяселле. І сапраўды, за столькі год іх шчаслівы шлюб вытрымаў выпрабаванне на трываласць, прайшоў сапраўдную жыццёвую загартоўку, умацаваўся дзецьмі, унукамі ды праўнукамі, якіх у дзядулі з бабуляй аж шаснаццаць!
А пачыналася ўсё ў далекім 1946 годзе. Тады позняй восенню Фёдар Русецкі якраз дэмабілізаваўся са службы ў арміі, вярнуўся ў родную Стражу, уладкаваўся на работу ў мясцовае Гарадзецкае лясніцтва. Тут жа на падсочцы працавала і Раіса. Было ёй тады няпоўныя сямнаццаць год. Але, як расказвае сама жанчына, пасля вайны на работы бралі і непаўнагадовых. Па картачнай сістэме працуючым выдавалі хлеб. Сям’я ж у дзяўчыны вялікая была: маці, ураджэнка в.Выжары, з двума сваімі дзецьмі пайшла ў Гарадзец замуж на пецярых дзяцей, і Рая са зводным братам працавалі ў лесе — такім чынам сям’я атрымлівала аж два боханы хлеба…
— Там, у лесе, — прыгадвае Раіса Сяргееўна, — відаць, і запрыкмеціў мяне мой суджаны. А вясною 1947 года разам са сваімі дзядзькамі прыйшоў у сваты. Усё было проста і сціпла. У цяжкі пасляваенны час моладзь вельмі не заляцалася. Жылі ў зямлянках, шмат працавалі. Ды і строгае выхаванне не дазваляла “гулі” з кавалерамі правіць: жаніся — і жыві! Вось і мне маці кажа, што прыйдзе жаніх са Стражы. У гэтай вёсцы жылі людзі больш заможныя, а ўсё таму, што да работы вельмі ахвочыя. А наша сям’я — бедная, дзяцей шмат, помню, бульбачкі наварым, на стол высыпем, адзін цераз аднаго хапаем, а маці — тую юшку з пад бульбы пасёрбае. Нездарма гаравала маці, маўляў, хто вас замуж пабярэ!? А тут такі хлопец добры! Вось і пагадзілася на замужжа…
Ішоў другі пасляваенны год, франтавікі, што вярнуліся з вайны, пазнаходзілі сабе нявест і ў адзін год у нас ажно дванаццаць пар ажаніліся! Згулялі вяселле і мы. Ды толькі якое там згулялі, — сумна дадае жанчына, — у зямлянцы ды кортавай спаднічцы, што маці на базары купіла… Але нас, лічу, Бог беражэ, бо разам пражыць столькі гадоў не кожнаму суджана!
І было ў гэтым жыцці, як расказваюць юбіляры, усялякае: сварыліся, мірыліся, заўсёды шмат працавалі, людзей не крыўдзілі, дзяцей гадавалі. У сям’і Русецкіх іх трое было: старэйшая Валянціна, малодшая Любоў і сярэдні сын Мікалай, толькі ён, на гора бацькоў, рана памёр.
Дочкі ж былі і застаюцца надзейнымі памочніцамі бацькоў. Малодшая з сям’ёй жыве ў Расіі, у г.Вялікі Ноўгарад, куды паехала 35 гадоў таму па размеркаванні пасля заканчэння Бабруйскага механіка-тэхналагічнага тэхнікума. Выйшла замуж, працуе начальнікам лабараторыі на хімічным прадпрыемстве. Старэйшая жыве бліжэй — у Бабруйску, яна — індывідуальны прадпрымальнік. Абедзве часта наведваюць старых, дапамагаюць вясною агарод пасеяць, увосень вырашчанае ўбраць. Да гэтых работ і малодшае пакаленне прыцягваюць.
Наогул увесь род Русецкіх вельмі працавіты. У любові і пашане да працы выхавалі не толькі дзяцей, але ўнукаў і праўнукаў. Сам Фёдар Усцінавіч да 70 гадоў егерам працаваў, агульны ж стаж больш за 50 гадоў налічвае. Ягонае прозвішча разам з прозвішчамі іншых ветэранаў Гарадзецкага лясніцтва занесена ў кнігу “Лясы і лясное багацце Магілёўскай вобласці: мінулае і цяперашняе”.
Па жыцці муж і жонка Русецкія заўсёды разам: поплеч з маладосці працавалі ў лесе: ён — на падсочцы, яна — смалу разам з іншымі выбірае, ён карчы рве, яна — яміны закопвае, потым ён лесніком пайшоў, а яна зімою лапнік рыхтавала, летам пітомнік палола. Разам Русецкія і дом сабе будавалі. Маладая жанчына ўжо цяжарная была, а нараўне з мужам піліла дошкі, ладзіла сваё сямейнае гняздо. І ўсё жыццё, як магла берагла, захоўвала сямейны ачаг. “Муж пасля вайны нервовы вярнуўся, — успамінае Раіса Сяргееўна, — іншы раз і ў словах нястрыманы быў, але ж не біў. Мо калі б і раззлаваўся, дык я такога не дапускала — лепш прамаўчу, пайду ў двор ад граху. А ён тым часам супакоіцца, і зноў у нашым доме — лад і парадак…”.
…У адказ на просьбу падзяліцца ўспамінамі аб вайне Фёдар Усцінавіч усміхаецца: “А што расказваць, на вайне — як на вайне…”.
Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Фёдар Русецкі разам з іншымі аднавяскоўцамі быў прызваны ў армію. Усяго з іх сельсавета на фронт пайшло173 чалавекі. З баямі малады салдат дайшоў да Берліна. І былі на гэтым шляху ўдзел у кровапралітных баях у саставе I Беларускага фронту, нямецкі палон пад Беластокам, удалыя ўцёкі і зноў фронт. Паколькі Русецкі ўмудрыўся і ў палоне захаваць свае салдацкія дакументы, то абышлося толькі гутаркай ў асабовым аддзеле. І пытаннем: “Ну, што, пой-дзем ворага дабіваць?!” І ён пайшоў.
У маі 1945 года полк, у якім служыў Русецкі, быў перакінуты ў Чэхаславакію. Адтуль салдат трапіў ў Брэст, адкуль пазней і дэмабілізаваўся.
У памяці аб Чэхаславакіі засталіся ўспаміны аб нязвыклай для беларуса гарыстай мясцовасці, ды адным здарэнні, аб якім ветэран ўспамінае з сарамлівай усмешкай. А было так. Іх полк маршам праходзіў па тэрыторыі Сербіі. Усё было ціха, ішлі без адзінага стрэлу. А ў адной з лашчын трапілі на засаду: вораг біў з кулямётаў, мінамётаў. Хтосьці з таварышаў загінуў на месцы, Русецкі з іншымі залёг у канаве, а потым абыйшлі ворага з тылу і пачалі “ціснуць”. “Немец, — успамінае Фёрдар Усцінавіч, — ужо не той быў, ганарлівы ды ўпэўнены ў сваёй непераможнасці, а перапужаны, змучаны баямі, супраціўляўся нядоўга”.
Калі ворага бралі ў палон, Русецкі спакусіўся на афіцэрскі гадзіннік: надта ўжо прыгожай і каштоўнай падалася гэтая рэч вясковаму хлопцу. Вось і забраў яго. А праз два дні выклікаюць яго ў штаб. “Ну, думаю, — расказвае ветэран, — узнагароджваць збіраюцца за тое, што немцаў захапілі! А прыводзяць таго афіцэра, у якога гадзіннік забраў, і ён мяне пазнае!”. Пакуль справа да вобыску дайшла, кемлівы салдат праз дзірку ў кішэні штаноў спусціў гадзіннік у калашыну і той упаў за галянішчы ботаў. Нічога не выявіўшы, салдата адпусцілі. Праз пэўны час полк перакінулі ў Брэст. І гісторыя з гадзіннікам забылася. Але ён пазней саслужыў сям’і добрую службу: за той гадзіннік бацькі набылі карову, якую аддалі маладым.
У 1948 годзе Русецкія з зямлянкі перасяліліся ва ўласны новы дом. У ім пражылі шчаслівых 60 год. А тры гады таму ў адначассе пры пажары страцілі ўсё нажытае: і дом, і хатнія пажыткі, узнагароды за ратную службу, працоўную доблесць. З дакументаў у Фёдара Усцінавіча застаўся толькі

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.