Важкі ўраджай — плануемая рэальнасць

У мінулую суботу “раёнка” завітала на сельскагаспадарчыя палеткі СВК “Чырвоны баец”, каб пацікавіцца, як ідуць справы ў сельгасвытворцаў, а таксама ў чарговы раз паназіраць за тым, як на прасторах палёў механізатары віртуозна кіруюць вялізнымі стальнымі машынамі, пакідаючы за імі шырокія свежаўзараныя кліны,якія прымаюць насенне будучага ўраджаю.
З галоўным аграномам сельгаскааператыва Аляксеем Шаверавым давялося сустрэцца неўпершыню. За чатыры гады сваёй дзейнасці малады аграном не раз сустракаў журналістаў “раёнкі” і расказваў пра некаторыя “прамудрасці” сельскагаспадарчай справы. На пытанне, ці не адцягваем ад спраў яго ў выхадны дзень, Аляксей Шавераў адказаў:
— Зараз у працаўнікоў палёў выхадных няма! Кожны дзень зранку да вечара мы на рабоце, стараемся не ўпусціць ні адну спрыяльную пагодную хвілінку, каб правесці сяўбу ў тэрмін і якасна.
А зроблена ў “Чырвоным байцы” ужо шмат. Завершаны ранні сеў збожжавых, як і летась, яны занялі 355 га; праведзена хімпраполка і падкормка азімых культур.
Зараз асноўная ўвага надаецца сяўбе цукровых буракоў. Для “Чырвонага байца” вырошчванне гэтай агародніннай культуры — на першых пазіцыях, бо прыносіць шмат выгод. Па выніках штогадовага спаборніцтва працаўнікоў раёна за 2011 год калектыў “Чырвонага байца” стаў пераможцам у намінацыі “За павелічэнне вытворчасці цукровых буракоў”. На момант нашага візіту буракамі было засеена 50 % пасяўных плошчаў, усяго гэтая культура зойме 130 га.
Паралельна вядзецца сяўба кукурузы. Па плану трэба засеяць “каралевай палёў” 800 га.
Пасля размовы аб сельскагаспадарчых справах Аляксей Шавераў прапанаваў увачавідкі паназіраць за ходам палявых работ. “Аграномаўская” “Ніва” прывезла нас на поле за вёскай Дваранінавічы, дзе сеяліся цукровыя буракі. Было задзейнічана два пасяўных агрэгаты, яшчэ адзін сталёвы конь пад кіраўніцтвам Віктара Чубацюка рыхтаваў глебу пад сяўбу. Менавіта з гэтым механізатарам нам і ўдалося крыху пагутарыць.
— Справы ў нас ла-дзяцца добра! — расказаў механізатар. — Працуем з выдатным настроем, бо адказныя за давер, выказаны нам кіраўніцтвам гаспадаркі, адчуваем і клопат на сабе: створаны неабходныя ўмовы для падтрымання ў парадку сельгастэхнікі, два разы на дзень нас кормяць смачным гарачым абедам, а галоўнае, адчуваем павагу да сваёй працы і з боку кіраўніцтва, і з боку вяскоўцаў.
Гэтая пасяўная кампанія ў “Чырвоным байцы” для Віктара Чубацюка — першая, а ў працоўнай біяграфіі — шаснаццатая: да гэтага 15 год шчыраваў у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, таксама механізатарам.
…Па дарозе з поля да канторы, акружанай жоўтымі “дыванамі” з адуванчыкаў, запыталася ў агранома, ці спадзяюцца сёлета ў “Чыровным байцы” на важкі ўраджай, Аляксей Шавераў адказаў, што важкі ўраджай — гэта не надзея, а плануемая рэальнасць, а сілы і ўмовы для яе ажыццяўлення ў сельгаскааператыве ёсць.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.