70 гадоў трагедыі ў вёсцы Боркі

15 чэрвеня час адлічвае 70 гадоў з таго дня, калі вёска Боркі і прылягаючыя да яе пасёлкі:Пралетарскі, Дзяржынскі, Чырвоны Араты, Закрынічча,Старыя Боркі, Даўгаполле, Хватаўка былі спалены фашысцкімі кар-нікамі разам з жыхарамі.
Цішыня…назаўсёды пасялілася на месцах беларускіх вёсак, спаленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі падчас Вялікай Айчыннай вайны і не адноўленых.
Цішыня…скрыпучым болем адгукаецца ў сэрцах нашых суайчыннікаў, якім пашчасціла выратавацца з ахопленых знішчаючым полымем вёсак…
Цішыня…суправаджае думкі, калі знаходзішся ў Борках на мемарыяльным комплексе “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці”, дзе фашысты ўчынілі буйнейшую карную аперацыю супраць партызан і мірнага насельніцтва.
На Магілёўшчыне Боркі называюць “абласной Хатынню”: агульны лёс, агульная трагедыя, агульныя карнікі — батальён СС пад камандаваннем Оскара Пауля Дзірлевангера. Па маштабах боркаўская трагедыя ў разы перавышае хатыньскую. Калі ў Хатыні загінула 149 чалавек, то ў Борках спалена, расстраляна і закатавана 1800 чалавек. Толькі ўявіце: 1800 недапешчаных сыноў і дачок, недацалаваных юнакоў і дзяўчат, недакаханых мужоў і жонак, не дайшоўшых да канца жыццёвага шляху дзядуляў і бабуль…
Фашысты з’явіліся ў Борках прыкладна праз тыдзень пасля пачатку вайны. А вясной 1942-га партызаны пачалі актыўныя дзеянні супраць акупантаў: падрывалі аўтамашыны на шашы Бабруйск — Магілёў.
Пазней мясцовыя жыхары ўспаміналі, як фашысты сагналі ўсіх вяскоўцаў на падставе агульнага сходу, выбралі і некуды павезлі 39 мужчын і жанчыну. Спачатку палічылі, што іх павезлі ў Германію, на работы, а пазней даведаліся: расстралялі…
Раніцай 15 чэрвеня акупанты акружылі ўсе пасёлкі і Боркі. Сваю чорную місію пачалі з Закрынічча. Вяскоўцаў заганялі ў хаты па 7 — 8 чалавек, прымушалі класціся на падлогу, тварам уніз, і расстрэльвалі.
У іншых пасёлках на “прэлюдыю” вырашылі не губляць часу. Заходзілі ў хаты і моўчкі забівалі, заганялі ў школу і палілі, лавілі на вуліцы і катавалі, дзяцей кідалі ў калодзежы. Да сярэдзіны дня ўсе 1800 былі забіты, пасёлкі гарэлі.
Боркаўская трагедыя знайшла водгук у айчыннай літаратуры. Крывавыя дзеянні батальёна гітлераўскага карніка Дзірлевангера на тэрыторыі акупіраванай Беларусі, у тым ліку Кіраўскага раёна, апісаны ў мастацка-публіцыстычным творы Алеся Адамовіча “Карнікі”.
А вось што аб гэтым дні ўспамінае жыхар Борак Міхаіл Сакадынец, якому пашчасціла застацца жывым: “У той дзень на ўзранку мы з сябрам хадзілі вудзіць рыбу. Вяртаемся і бачым: усюды немцы, едуць на машынах, матацыклах. Я палічыў, што могуць за-браць кагосьці з вяскоўцаў, як гэта зрабілі з мужам маёй сястры, і вырашыў не заставацца дома, пайшоў да сябра. Памятаю, як маці гукнула мяне: “Міша! Вярніся дадому, а то я цябе пакараю!”— я паглядзеў на яе, махнуў рукою і адказаў: “Як давядзецца!”.
Сябар жыў на другой вуліцы, разам з ім, ягонымі бацькамі і роднымі мы сядзелі і разважалі, навошта ж прыйшлі немцы. Вырашылі пакінуць вёску, дзе-небудзь схавацца. Сябар пачаў апранацца, а я гляджу ў вакно — немцы ўжо ў двары. Не паспелі мы апамятацца, як двое карнікаў былі ў хаце. Мой таварыш моўчкі сеў на ложак і апусціў рукі з чаравікамі. Фашысты хуценька агледзелі хату, палічылі нас і пачалі страляць.
Я сядзеў побач з гаспадаром, калі пачаліся выбухі, спужаўся і ўпаў на падлогу. Кроў забітага аднавяскоўца была і на мне, таму карнікі палічылі, што я, як і астатнія, мёртвы, а на самой справе, я ад гэтага жаху страціў прытомнасць. Калі прачнуўся, убачыў — у жывых не за-сталося нікога. Усё не мог ніяк зразумець, як жа я выратаваўся, як застаўся жывым і нават не параненым. Паглядзеў у вакно: фашысты былі далёка, у іншых даварах. Выйшаў на двор і хуценька пабег у жыта. Такім чынам мне ўдалося выратавацца. Трапіў у суседнюю вёску, расказаў людзям аб трагедыі. Спачатку яны мне не паверылі, а калі ўбачылі рубаху ўсю ў крыві, а праз час пачулі трэск з палаючых Борак, хуценька сабралі неабходныя рэчы і схаваліся ў лесе”.
У 2008-м пры ўдзеле кіраўніцтва вобласці ў Борках побач з раней узведзенай капліцай у гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших” і помнікам загінуўшым была адкрыта Сцяна памяці аб 110 населеных пунктах Магілёўшчыны, падзяліўшых трагічны лёс Борак.
У 2009-м адбылася працэдура перапахавання астанкаў 12-ці вяскоўцаў, якія дагэтуль былі пахаваны ў дварах мясцовых жыхароў.
Традыцыйна кожны год, у апошнюю нядзелю жніўня на мемарыяльным комплексе праводзіцца мітынг-рэквіем. У сёлетнім маі тут пабывалі дэлегацыі з Мінска, Магілёва ў рамках мерапрыемстваў міжнароднага праекта “Павышэнне статусу выратаваўшыхся жыхароў спаленых беларускіх вёсак у 1941 — 1944 гадах нямецка-фашысцкімі захопнікамі”.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Сакадынец — ураджэнец Борак. Алег Сцяпанавіч — часты госць на роднай зямлі, у крывавай трагедыі 1942-га яго сям’я страціла каля 40 родных і блізкіх, на шчасце, бацька дэпутата Сцяпан Фядосавіч быў у той час далёка ад дома, на фронце. У размове з вяскоўцамі і жыхарамі раёна Алег Сакадынец заўсёды адзначае, што такая далёкая для падрастаючага пакалення і такая блізкая для яго сям’і боркаўская трагедыя няспынна болем і смуткам адгукаецца ў яго сэрцы.
Пра такое трэба памятаць, как гэта ніколі не паўтарылася.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота Максіма
МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.