Бацькі, жыццё дзяцей — у вашых руках!

Штогод у нашай краіне адбываецца вялікая колькасць пажараў, на якіх ахвя- рамі агню становяцца дзеці. Не стаў выключэннем і 2012 год: за бягучы перыяд загінула 7 дзяцей, 2 — жыхары Магілёўскай вобласці.
27 лютага у Горках у выніку пажару трагічна абарвалася жыццё 7-гадовай дзяўчынкі. Бацька ў тую раніцу ўстаў раней за ўсіх, каб падрыхтаваць аўтамабіль да ранішняй паездкі. Завесці машыну зімой, асаліва ў маразы, справа не з лёгкіх. Хтосьці з вадзіцеляў-“знаўцаў” падказаў, што паліва трэба пагрэць. Мужчына паставіў на газавую пліту каструлю з вадой, куды змясціў бутэльку з дызельным па-лівам. Калі вадкасць грэлася, адкрыў пробку ў бутэльцы. Выхад гаручых пароў дызпаліва разам з адкрытым агнём адразу ж справакаваў гарэнне. Да таго ж упала бутэлька, гаручая вадкасць вылілася на падлогу, агонь імкліва ахапіў усю прастору кухні. Мужчына спрабаваў ліквідаваць узгаранне, аднак спробы аказаліся безвыніковымі. Ён кінуўся ў пакоі будзіць сям’ю, у паніцы разбіў усе вокны, што стала добрай падпіткай агню, і літаральна на працягу 8 мінут увесь дом поўнасцю выгарэў…
Мужчына, яго жонка і сын пакінулі ахоплены полымем дом, а вось 7-гадовая дачка нават не паспела прачнуцца — яе без прыкмет жыцця на ложку знайшлі выратавальнікі.
7 сакавіка раніцай на цэнтр аператыўнага ўпраўлення Магілёўскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб пажары ў двухпакаёвай кватэры дзевяціпавярховага жылога дома. Па прыбыцці першых падрадзяленняў МНС адзін з пакояў кватэры гарэў адкрытым полымем. На падлозе ў агульным калідоры выратавальнікі знайшлі 61-гадовага мужчыну, гаспадара кватэры, на падлозе ў спальні — яго 59-гадовую жонку і іх маленькага ўнука. Пацярпеўшых вынеслі на свежае паветра і перадалі работнікам хуткай медыцынскай дапамогі. На жаль, 7-гадоваму Ваню дапамагчы не ўдалося: хлопчык загінуў.
Як высветлілася, пах дыму суседка адчула яшчэ напярэдадні, уначы. Аднак, “спісаўшы” гэта на чарговы з сабантуяў, якія часта былі ў кватэры знізу, і не звярнулася за дапамогай ні ў МНС, ні ў міліцыю. І толькі раніцай, ужо яўна адчуўшы пах гары, яна выклікала выратавальнікаў. Але было ўжо позна… Прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні дзядулі загінуўшага хлопчыка.
Дзіўна, але ў большасці выпадкаў людзі разглядаюць пажар як нешта такое, што можа здарыцца з усімі, але толькі не з імі і іх дзецьмі. А тым часам агнявыя надзвычайныя здарэнні адбываюцца не толькі з-за дзіцячага свавольства, але і часта — па віне дарослых.
Звяртаемся да бацькоў з просьбай — каб звесці рызыку ўзнікнення бяды да мінімуму, запомніце і выконвайце наступныя правілы: не пакідайце дзяцей без нагляду; перш чым даверыць малодшае дзіцяці старэйшаму, упэўніцеся, ці ведае яно, як паводзіць сябе ў выпадку надзвычайнай сітуацыі; не зачыняйце малых на замок, абавязкова папярэдзьце суседзяў альбо родных, калі вашы дзеці засталіся дома адны; выключце гульні малых з запалкамі; не прасіце дзяцей купляць у магазіне запалкі; пастаянна паўтарайце з імі правілы бяспекі; падрабязна раскажыце аб парадку дзеянняў пры пажары; абавязкова ўстанавіце дома атаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
Нагадваем, што згодна арт.159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, за пакіданне ў небяспецы дзяцей прадугледжана крымінальная адказнасць з пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 год.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.