Будзеш з кармамі — будзеш і з малаком!

Працэс нарыхтоўкі кармоў у гаспадарках раёна ў гэтым годзе крыху зацягнуўся, а прычынай таму стала няўстойлівае і дажджлівае надвор’е. Таму сяльчане разумелі, што трэба па максімуму выкарыстоўваць кожную пагодную хвіліну. Разумелі гэта і ў СВК “Добасна-агра”.
Калі ў пятніцу рэдакцыя наведала гаспадарку, работы па корманарыхтоўцы там ішлі поўным ходам. З агульнай плошчы ў 1080 га дабаснянцам заставалася ўбраць каля 80 га. І пры спрыяльных пагодных ўмовах яны мелі намер завяршыць корманарыхтоўку з траў першага ўкосу за выхадныя дні.
Добра спраўляліся ў “Добасна-агра” з планавымі паказчыкамі, так пры норме закладцы сенажу ў 9000 т, па становішчу на 22 чэрвеня было нарыхтавана 8367 т. Сярэдняя ўраджайнасць зялёнай масы складала каля 110 ц/га.
Па словах намесніка старшыні гаспадаркі Мікалая Лук’янава, дажджы не перашкодзілі ім нарыхтаваць кармы добрай якасці. Закладка сенажу вядзецца пад строгім кантролем адказных асоб і ветэрынарнай службы гаспадаркі. Вымяраецца тэмпературны рэжым, вільготнасць і шчыльнасць трамбоўкі. Апрацоўваецца сянаж кансервантам “Біамакс”, што павышае якасць захоўвання і дае кармам добрыя смакавыя і карысныя рэчывы, садзейнічае іх кансерваванню. Кожная сянажная яма мае свой пашпарт, у якім фіксуюцца ўсе дадзеныя па нарыхтаваных кармах. У гаспадарцы сянажныя ямы закладзены ў Харлапавічах, Дабрыцы, Пясцова і ў Асаўніку.
Работы ў сельгаскааператыве ў гэты дзень вяліся адразу на некалькіх участках. На касьбе былі заняты дзве касілкі, на якіх шчыравалі Уладзімір Казлоўскі і Міхаіл Галомзік. На трактары з граблямі падварочвалі валкі Міхаіл Куліновіч і Віталь Палякоў. Потым зялёная маса здрабнялася падборшчыкамі, тут добра зарэкамендавалі сябе Фёдар Петрусёў і Сяргей Сямёнаў. Старанна, не марнуючы часу, працуюць і занятыя на адвозцы зялёнай масы Юрый Бычкоў, Васіль Сініцкі, Яўген Кавалёў і Эдуард Карнееў.
Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, мы патэлефанавалі ў гаспадарку, і вось што нам паведаміў намеснік старшыні Мікалай Лук’янаў: “Як і планавалі, за выхадныя дні закладку сенажу завяршылі”.
На здымку: Эдуард Карнееў (злева) заняты на адвозцы зялёнай масы. У гаспадарцы ён працуе ўжо 22 гады. Кіраўніцтва вельмі задаволена работай Эдуарда Мікалаевіча, ён — адказны, дысцыплінаваны і старанны працаўнік.
З адказнасцю ставіцца да сваёй справы і Уладзімір Скрыганаў (справа), які на трактары К-701 заняты на трамбоўцы сянажнай масы. Уладзімір Рыгоравіч таксама ў гаспадарцы не навічок, працуе тут з 1993 года. Сам ён — мясцовы і пасля заканчэння Кіраўскага ПТВ-220 вярнуўся ў родную гаспадарку. Кола яго абавязкаў — самае разнастайнае: вясну ён пачынае з падрыхтоўкі глебы, затым — сяўба, а ў гарачую ўборачную пару перасаджваецца на камбайн.
Людміла Сямёнава.
Фота Максіма Мікешына.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.