Для развіцця супрацоўніцтва ў сферы турызму

У аўторак наш раён у рамках азнаямленчага рэкламна-інфармацыйнага тура па Магілёўскай вобласці наведала дэлегацыя Чарнігаўскай вобласці Украіны, у якую ўваходзілі прадстаўнікі турыстычнага бізнэсу, сродкаў масавай інфармацыі, навучальных устаноў. Іх гасцінна сустракалі на жыліцкай зямлі.
Кіраўнік украінскай дэлегацыі Ала Кулік, выконваючая абавязкі намес-ніка начальніка галоўнага ўпраўлення культуры, турызму і аховы культурнай спадчыны Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі адзначыла, што дадзены рэкламна-інфармацыйны тур арганізаваны ўпраўленнем фізічнай культуры, спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама і праходзіць у межах пагаднення аб развіцці супрацоўніцтва ў сферы турызму, заключанага 19 мая бягучага года падчас турыстычнага форуму ў г.Ноўгарадзе-Северскім Чарнігаўскай вобласці, у якім прыняла ўдзел і беларуская дэлегацыя. А адпраўной кропкай супрацоўніцтва стаў прыезд у Чарнігаў дырэктара Дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Вадзіма Кармазіна разам з прадстаўнікамі турыстычнай сферы Беларусі.
І вось — візіт у адказ — на Магілёўшчыну. Як прызналіся госці, ім вельмі хацелася тут пабываць: маўляў, бліжэй па адлегласці да іх Гомельшчына, і ўкраінскія турысты часцей бываюць там, а вось магілёўская зямля пакуль нязведаная. Таму, адзначылі прадстаўнікі дэлегацыі, ім вельмі прыемна пачаць адкрываць яе для сябе. І ўжо ў пачатку візіту яны яшчэ раз пераканаліся, што беларусы — гасцінныя, добразычлівыя, адкрытыя людзі.
Гасцей падчас экскурсій суправаджалі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова і начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Гаўрылаў.
…Перад адрэстаўрыраванай часткай будынка Жыліцкага палаца пад чароўныя гукі музыкі за-кружыліся дзяўчаты ў прыгожым убранні, быццам на балу ў пана Булгака. Украінскіх гасцей шчыра віталі гаспадар і гаспадыня і запрасілі ў памяшканні палаца. Цікавыя звесткі аб гісторыі яго стварэння і існавання з сівой даўніны да нашых дзён на працягу наведвання гістарычнага аб’екта прывяла дырэктар палацава-паркавага ансамбля Ларыса Забелава.
У сценах Жыліцкай школы мастацтваў, якая размясцілася ў адрэстаўрыраванай частцы палаца, гучала чароўная музыка: выхаванцы і выкладчыкі парадавалі гасцей сваёй творчасцю.
На балконах з ажурнымі рашоткамі гулялі дамы і кавалеры, а ва ўнутраным дворыку палаца, куды рушылі госці, зноў загучала музыка і закружыліся ў вальсе пары…
Відовішчная праграма, прасякнутая каларытам XIX стагоддзя, была падрыхтавана работнікамі культуры, удзельнікамі мастацкай самадзейнасці, школьнікамі і арганічна дапаўняла расказ аб тагачасным жыцці і быце гаспадароў і насельнікаў палаца, і ўсё гэта ў спалучэнні з экскурсіяй па яго залах вельмі ўразіла гасцей.
А на добрую памяць ім былі ўручаны сувеніры, зробленыя майстрамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці раёна.
Далей шлях дэлегацыі ляжаў у Бабруйск, дзе чарнігаўцам была прапанавана аглядная экскурсія па горадзе, у Бабруйскую крэпасць, спартыўны комплекс “Бабруйск-арэна”, гасцінічны комплекс “Турыст”. А затым яны вярнуліся ў наш раён і наведалі санаторый імя К.П.Арлоўскага, дзе яго магчымасці па аздараўленні і лячэнні прадэманстраваў дырэктар Юрый Маскалёў.
Потым дэлегацыя накіравалася ў Магілёў, дзе на наступны дзень працягвалася насычаная праграма рэкламна-інфармацыйнага тура.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.